8 парад для тых, хто адчувае стомленасць
- 19.01.2024
- 2942
Выгаранне – гэта не канкрэтнае захворванне. Людзі, якія сабе яго дыягнастуюць, намагаюцца апісаць самыя розныя станы – ад стомленасці да дэпрэсіі. Удзельнікі падкасту «Трэба спрабаваць» абмеркавалі феномен усеагульнага выгарання і пацікавіліся ў псіхатэрапеўта: як не даводзіць менталку да пункту кіпення? Публікуем сціслы канспект выпуску.
1. Пачуваешся дрэнна – выстаўляй межы. Можна паведаміць камандзе, што ты прытаміўся(-лася), і зафіксаваць дакладны час, калі ты працуеш, а калі – не. Размяркоўвай задачы і прыярытэзуй іх, а не бяры «ўсё на сёння», інакш зробіш толькі горш.
2. Каб твая праца прынесла плён, запрацоўвацца зусім не абавязкова. Вынік, хутчэй, залежыць ад таго, на якой «батарэйцы» ты працуеш. Калі на амаль разраджанай – лепей прыпыніцца, перадыхнуць і перасабрацца для далейшых спраў.
3. Калі мэта здаецца недасяжнай, можна знізіць планку. Так будзе прасцей пераацаніць выніковасць уласнай дзейнасці і нарэшце заўважыць, што ты займаешся зусім не пустой справай.
4. Карысна быць шчырымі адно з адным у камандзе, каб кожны і кожная маглі ўбачыць, што яны не белыя вароны ў сваіх адчуваннях. Нават тыя, хто выглядаюць вельмі паспяховымі ў сацыяльных сетках, могуць стамляцца і перажываць – але не ўсе гавораць пра гэта ўслых.
5. Параўноўваць сябе трэба са сваімі ж вынікамі і памкненнямі. Параўнанне з іншымі можа быць карыснае толькі ў тым сэнсе, каб паразважаць: а ці сапраўды ты імкнешся да тых жа мэт, якіх дасягаюць іншыя? Магчыма, гэта ўвогуле не твае мэты. А магчыма, ты можаш запісаць іх у свае планы.
6. Некаторыя абставіны варта разумець і прымаць. Мы не існуем у цяплічных умовах, і гэта цалкам нармальна – часам выгараць і шукаць дапамогі.
7. Не ўсё, што мы робім, абавязкова павінна быць карысным. Трэба планаваць сваё жыццё такім чынам, каб заставаўся час на адпачынак. Калі ў цябе будуць сілы, то ты хаця б не ператворышся ў чалавека, якому патрэбная дапамога, – а гэта ўжо няблага.
8. Калі трэба звяртацца да лекара? Першае – калі адчуваеш пастаянны дыскамфорт. Другое – калі страчваеш звычную функцыянальнасць. Або заўважаеш тое і другое камплектам.
Паслухаць падкаст можна на любімых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Soundcloud / Castbox
Google Podcasts / Yandex.Music / YouTube
Дадаткова можна прайсці сур’ёзны толькі напалову тэст на выгаранне.