У Менску запускаецца кінаклуб Clouse Up
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.01.2024
- 3439
24 студзеня ў менскай галерэі Full Frame на Прытыцкага, 10, адбудзецца першая сустрэча ўдзельнікаў дыскусійнага клуба Clouse Up. Пакажуць і абмяркуюць фільм пра геніяльную фатографку-аматарку Вівіян Маер.
«У пошуках Вівіян Маер» («Finding Vivian Maier») – дакументальнае кіно пра жанчыну, якая вяла «двайное жыццё»: працавала нянечкай, а вольны час прысвячала фатаграфіі. Гуляючы з малымі, Вівіян Маер рабіла стрыт-фота і нікому не паказвала, што ў яе атрымліваецца, – магчыма, ёй заміналі сацыяльныя і гендарныя бар’еры Амерыкі сярэдзіны ХХ стагоддзя. Маер памерла ў 2009 годзе без аніякіх выстаў і прызнання, у доме састарэлых. Але потым яе здымкі трапілі на вочы прафесіяналам – і тыя былі ўражаныя, яе стыль параўноўвалі са стылем такіх профі, як Роберт Франк і Ўіджы. Цяпер імя Маер абавязкова ўключаецца ў спісы найлепшых фатографаў мінулага стагоддзя.
Завітаць на паказ «У пошуках Вівіян Маер» можна ўсім жадаючым. Уваход вольны, трэба толькі зарэгістравацца.
Clouse Up ладзіць «Беларуская асацыяцыя фатографаў». Што ў планах: кіно пра людзей мастацтва, лекцыі пра сучарт, майстар-класы, дыскусіі, творчыя сустрэчы з мастакамі. Меркавалася, што весці кінаклуб будзе Уладзімір Парфянок – знакаміты беларускі фатограф, прадстаўнік «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980-х, куратар і сузаснавальнік галерэі візуальных мастацтваў Nova. Аднак гэтым планам не было наканавана здзейсніцца: 14 студзеня Уладзімір пайшоў з зямнога жыцця.
Фота: Вівіян Маер