Запусціўся новы інтэрнэт-праект пра беларускую і сусветную культуру
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.01.2020
- 8329
Нарэшце афіцыйна запусціўся Wir.by – адукацыйны праект, прысвечаны беларускай і сусветнай культуры.
Чытачы і чытачкі 34, хутчэй за ўсё, ужо чулі пра Wir.by: праект-фіналіст Social Weekend 12 даўно супрацоўнічае з Нацыянальным мастацкім музеем і выставачнай прасторай LIBRA, а таксама выпускае падкаст пра славянскія мовы. Цяпер віраваць у культурных безданях можна і па вэб-адрасе wir.by.
Лекцыі для праекта рыхтуюць вядомыя беларускія (і не толькі) выкладчыкі і навукоўцы. Яны простай мовай адказваюць на надзённыя пытанні кшталту «Як адрозніць Купалу ад Коласа?», «Нашто перакладаць Пушкіна на беларускую?», «Чаму Менск – не Парыж і не Прага?». Кола інтарэсаў – гуманітарныя навукі і арт. Акрамя класічных артыкулаў і відэакурсаў, абяцаюць мапу легенд Беларусі, стужку лёсу Францыска Скарыны, дзённікі пісьменнікаў на кожны дзень і шмат іншых цікавосткак.
Глабальная праблема, якую намагаецца вырашыць Wir.by, – гэта праблема пошуку беларускай ідэнтычнасці. «Праз тое, што няма ўцямнага адказу на пытанне “Што мы маем?”, ёсць праблема з запытам “Хто ты гэткі?”», – кажа каардынатарка Wir.by і аўтарка ідэі Мар’я Бадзей.
За абнаўленнямі Wir.by зручна сачыць праз Facebook, ВКонтакте, Instagram.