Фільмы са спісаў на «Оскар» пакажуць на вялікім экране
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.04.2021
- 3426
Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў ART Corporation сабраў праграму з пяці дакументальных фільмаў, якія з'яўляюцца намінантамі ці фіналістамі кінапрэміі Oscars, каб паказаць іх у менскім кінатэатры Silver Screen Galileo з 14 па 18 красавіка. Пасля кожнага паказу кіно можна будзе абмеркаваць з кінаэксперткамі Ірынай Дзям'янавай і Марыяй Касцюковіч.
Праграма:
14.04 Фільм «76 дзён» з'яўляецца хронікай першых 76 дзён жыцця людзей ва Уханьскім шпіталі падчас леташняй хвалі каранавірусу. Гэты фільм не толькі дакумент эпохі, але аповед пра ахвярнасць, міласэрнасць і надзею.
15.04 Бязлітаснасць вайны на Блізкім Усходзе адлюстроўваецца ў фільме «Пячора». Галоўная гераіня стужкі – доктарка-мусульманка, якая разам са сваімі каляжанкамі выратоўвае жыцці людзей нароўні з мужчынамі. «Пячора» – гэта стужка пра стойкасць, мужнасць і жаночую салідарнасць.
16.04 У чэшскай мастачкі скралі дзве карціны проста з галерэі, а яна адшукала злачынцу і папрасіла яго папазіраваць для партрэта. Паступова стасункі паміж героямі фільма «Мастак і злодзей» робяцца бліжэйшымі і змяняюць іх знутры.
17.04 У 2015 годзе пажар у бухарэсцкім клубе прывёў да згубы 27 чалавек. Пазней у шпіталях пачалі паміраць людзі, чыё жыццё было ў бяспецы. Каманда стужкі «Калектыў» дакументуе рэпарцёрскае расследаванне, якое выявіла карупцыю ў сферы аховы здароўя і падштурхнула новага мясцовага міністра да спроб змяніць прагнілую сістэму.
18.04 Дакументальная іранічная камедыя «Агент крот» распавядае пра надзвычайныя падзеі ў жыцці сталага прыватнага дэтэктыва, якога адправілі з заданнем у Дом састарэлых.