У Менску стартаваў «Месяц фатаграфіі 2020»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.09.2020
- 6394
29 верасня сёмы раз стартаваў фестываль «Месяц фатаграфіі ў Менску». Сёлета асноўная экспазіцыя размясцілася ва ўтульным двары Культурнага цэнтру «Корпус».
Кожны год каманда вызначае скразную тэму фестывалю: калі летась фотамастакі круціліся вакол тэрміна «гісторыя», то сёлета ў якасці прадмету візуальнага аналізу абралі «выжыванне». На open-air выставе пабачыш 8 праектаў беларускіх і замежных фатографаў, якія закранаюць шэраг сусветных экалагічных праблем, – аднак у кантэксце актуальных падзей гэты панятак набыў новае гучанне. Цяпер наша выжыванне звязанае не толькі з навакольным асяроддзем, але і з нашымі адказнымі рашэннямі, клопатам адно пра аднаго, падтрымкай у складаны час і рухам да супольнай мэты лепшага заўтра.
Вера Фядотава
куратарка асноўнай экспазіцыі:
«Паводле адчуванняў мы перабываем ля зыходнага пункту нейкай новай, канструяванай у нас на вачах і пры нашым удзеле рэальнасці. Пачуццё бяспекі, свабода перасоўвання, свабода ад страху – усё, да чаго мы паспелі прызвычаіцца і за што толькі цяпер пачалі змагацца, знікае. Прыйшоў час разам паразважаць пра гэта».
У цэнтральнай экспазіцыі паказаныя тры праекты беларускіх аўтарак. «Aqua» Рыты Новікавай – гэта набор аўтапартрэтаў на тэму ўзаемадачынення чалавека і асяроддзя. Праекты «Мікрапластык Everyday» і «Camera Covida» экаактывісткі Таццяны Кузняцовай аналізуюць тэму нябачнага: першы – на фота вырабаў з мікрапластыкам, зробленых пад мікраскопам, а другі – праз паралелі паміж «нябачнасцю» небяспекі і нежаданнем уладаў заўважаць праблемы ўразлівых сацыяльных груп. А яшчэ на выставе прадстаўлены работы пра празмернае спажыванне прыродных рэсурсаў, пра будучыню каралавых рыфаў і нават праблему наступстваў глабалізацыі. Таксама ў двары «Корпусу» будзе змантаваная свяцільная інсталяцыя «AEON», якая нагадвае пра небяспеку атамных электрастанцый.
Акрамя «Корпусу», сёлета мерапрыемствы пройдуць у арт-квартале CONSERVA ў Берасці і «Першым кроку by Мазыр». На фэсце ў Любках (Маладзечанскі раён), у вёсцы Крэва і ў маёнтку графа Тышкевіча пакажуць вулічныя выставы, якія былі створаныя дзякуючы архівам мясцовых жыхароў. Поўную праграму фэсту глядзі тут.
Калі: 29 верасня – 27 лістапада, 10:00 – 21:00
Дзе: Дворык Культ. цэнтру «Корпус» (праспект Машэрава, 9/8)
Уваход вольны
Фота: murmurash