Што пакажуць сёлета на WATCH DOCS Belarus?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.05.2020
- 8912
Фестываль дакументалак WATCH DOCS Belarus таксама перабраўся ў зацішныя анлайны. Эстэтычныя фільмы пра рэальнасць можна будзе пабачыць з 21 па 29 траўня на платформе VOKA TV. У любы камфортны для цябе час. І так, гэта бясплатна.
WATCH DOCS трымае планку: цябе чакае кантэнт, здольны пашырыць, а магчыма, і пахіснуць тваю карціну свету. Вера і бязвер'е ў чалавецтва, замежная і беларуская дакументалістыка, кароткі і поўны метр. Выбірай, што табе бліжэй.
«Сталкеры Чарнобыля» – цвік праграмы і самая свежая прэм’ера (док выйшаў на экраны ў красавіку). Фільм Йары Лі распавядае пра горад Прыпяць, які цяпер ёсць магнітам для сталкераў і турыстаў. Райскае мястэчка, што прайшло праз пекла, зноў адраджаецца, але наўрад ці ў новы вырай.
«Атамныя салдаты» – 15-хвілінны фільм, у якім апошнія жывыя сведкі амерыканскіх ядзерных выпрабаванняў 50-х гадоў апісваюць вопыт, што змяніў іх жыццё назаўсёды. Так, у траўме ядзерных выпрабаванняў беларусы не самотныя.
«Подых балот» – кіно Ігара Чышчэні тэлепартуе цябе ажно на тры беларускія балоты. Саўндтрэк тут адмысловы – музыка «НагУаль». Калі не маеш прывілею асабістага аўто і шчыльна #stayhome, то хоць насалодзь вочы сэрцачапляльнымі відамі.
«Падполле надзеі» – назва гэтага дока адсылае нас да супольнасцей па-за законам, якія з’яўляюцца прыхільнікамі марыхуаны ў Польшчы – пацыентаў і іх сем’яў, медыкаў, што прапануюць гэты від лекавання, актывістаў руху за легалайз і тых, хто прывозіць лекі на аснове марыхуаны з-за мяжы ці займаецца вытворчасцю проста ва ўдзеле Анджэя Дуды.
«Вырасла, пакуль ты спала» – вечна актуальны док пра жыццё і самавызначэнне беларусаў у эміграцыі, пра тонкую сямейную сувязь скрозь пакаленні і сотні кіламетраў. У цэнтры ўвагі – асабістая гісторыя беларускі Караліны Орсік, якая грае на альце ў канцэртах па ўсяму свету, але заўсёды вяртаецца ў маленькую вёску на Гарадзеншчыне.
«Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо» – глядзі, каб адчуць пульс афрыканскага стрыт-арту, танцаў, наіўнага мастацтва і ўбачыць, як усё гэта дапамагае адстаяць сваю годнасць цэламу народу. Хто бачыў, кажуць, што прыклад яднання творчых людзей у Буркіна-Фасо здольны натхніць не толькі Афрыку, але і ўвесь свет (а Беларусь не на іншай планеце знаходзіцца).
«Ленінапад» – кароткі метр Святланы Шымко адказвае ў праграме за дасціпную іранічнасць. Як нескладана дадумаць з назвы, фільм прысвечаны дэкамунізацыі. Канкрэтна ў гэтым выпадку – дэкамунізацыі Украіны. 11 хвілін глядзець, як падаюць Леніны, – бясцэнна.
«Трап у будучыню» – Іліяда ХХI стагоддзя, якая закіне цябе разам з камандай недасведчаных ідэалістаў на пераабсталяваны рыбалоўны траўлер. Ты выправішся ў адкрытае мора на дапамогу бежанцам і станеш сведкам(-ай) цудоўных выратаванняў, што даюць надзею на светлую будучыню чалавецтва. Але пабачыш таксама і целы тых, хто не дачакаўся свайго анёла-выратавальніка.
«Мая Германія» – гэта фільм пра тое, дзе прыдаўся або не. Герой – нашчадак этнічных немцаў – атрымаў нямецкі пашпарт, аднак на гістарычнай радзіме яго ніхто не чакае. А як бы склалася ягонае жыццё, калі б ён нарадзіўся ў Германіі?
«Васіль Быкаў. Вяртанне» – за аснову для гэтага фільма было ўзятае інтэрв'ю з Васілём Быкавым, запісанае ў 1996 годзе перад ягонай вымушанай эміграцыяй. Таксама пабачыш кадры з легендарнага пахавання пісьменніка, якое пераўтварылася ў вялікую патрыятычную маніфестацыю.
Наведаць WATCH DOCS Belarus анлайн
Фото: Serega Strange