У Менску пройдзе выстава Алесі Жыткевіч «Бліжэй чым рай»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 02.09.2019
- 6997
Прапануем прадоўжыць лета шпацырам па ўяўным пляжы. 5 верасня ў ZAL # 2 галерэі «Арт-Беларусь» адкрываецца выстава беларускай мастачкі Алесі Жыткевіч «Бліжэй чым рай».
Каб распавесці пра тое, як чалавецтва трапіла ў сітуацыю крайняй нявызначанасці, а тэхналогіі пераўтварылі чалавека амаль у бога (які не ведае, што з гэтай суперсілай рабіць), Алеся Жыткевіч звяртаецца для метафары пляжа. Пляж – гэта ж пераходнае месца, месца, дзе сутыкаецца публічнае і прыватнае, праца і адпачынак, эротыка і сорам, фантазія і рэальнасць.
На выставе будуць прадстаўленыя графічныя работы, інсталяцыі і відэаарт на агульную тэму пошуку сябе і немагчымасці гэты пошук скончыць.
Алеся Жыткевіч
мастачка
«Тэма пляжа як прасторы для публічнага выказвання і метафар з'явілася ў мяне ў 2015 годзе пасля разгону нудыстаў на пляжах Менскага мора. Мяне зацікавіла гэтае сутыкненне паміж цялеснай свабодай і прымусовымі неапраўданымі забаронамі.
Паступова пляжная тэма абрастала новымі гранямі і сэнсамі. Ад прамых выказванняў да больш складаных і іншасказальных. Сама тэрыторыя пляжа – дзіўнае месца ў тым плане, што лакальная прастора праецыруе на сябе глабальныя працэсы. Як прыклад, з апошняга – Pornhub на адным з самых брудных пляжаў свету зняў эратычнае відэа, каб прыцягнуць увагу да праблемы экалагічнага забруджвання.
Пляж успрымаецца мной як сімвал нейкай утопіі, райскага месца, дзе жыве рэальны чалавек са сваімі праблемамі або іх адсутнасцю».
Валянціна Говар
куратарка
«”Бліжэй чым рай” – цэласнае і глыбокае выказванне на тэмы, блізкія кожнаму чалавеку: адчуванне нестабільнасці, пастаянны пошук сябе, немагчымасць дасягнуць канчатковай кропкі на гэтым шляху. Алеся запрашае нас застыць у памежжы пляжа і падумаць пра сваё месца.
Увогуле сваім мастацтвам Алеся Жыткевіч падымае актуальныя пытанні, кажа пра палітыку, сэксуальнасць, становішчы жанчын, узаемаадносіны людзей і супольнасцей. Думаю, тое, што і як робіць Алеся, і ёсць тое самае сучаснае мастацтва, якога нам не хапае».
Дзе: ZAL #2 (вул. Казлова, 3, паверх 2).
Калі: з 5 па 22 верасня, адкрыццё ў 18:30, потым выстава працуе з аўторка па нядзелю ў 11:00–20:00.
Колькі: 6 рублёў – поўны, 3 рублі – ільготны, free – людзям з інваліднасцю.
Чытай таксама: «9 маладых мастакоў, якія даследуюць душу беларускую»