Як выступаць на публіцы? Парады эксперта
- 23.07.2019
- 3907
Ідзеш на мясцовы а-ля TED, каб падзяліцца досведам з незнаёмцамі ў зацемненай зале? Прэзентуеш ідэю на грант? Далонькі пацеюць, сэрца стукае пад ватовымі каленкамі, гаворка прыпадабняецца спевам Скрыптаніта сабе ў кулак. Што з усім гэтым рабіць – запыталіся ў эксперта.
Канстанцін Каверын – прадзюсар і вядучы шоу «Раніца ў вялікім горадзе» на радыё Unistar, дыктар футбольнага клуба БАТЭ, голас «Барысаў-арэны», тэлевядучы, аўтар карпаратыўнага трэнінгу па майстэрстве выступаў на публіцы.
Баяцца гаварыць на людзях – гэта нармальна?
– Абсалютна! І нават добра! Гэта першая прыкмета таго, што ты яшчэ жывы. Насамрэч не мае значэння, хвалюешся ты перад іспытам, перад выступленнем ці перад размовай з каханай: хваляванне, страх – выдатны паказчык таго, што з табой адбываецца рост. Гэта твой вопыт. Гэта як скокнуць з дзесяціметровай вышкі. І як толькі ты зрабіў гэты крок, як толькі вынырнуў, смела можаш сказаць сабе: я стаў яшчэ на крышачку круцейшым. Баяцца трэба. Гэта карысна.
А куды глядзець? На людзей?
– Збольшага – так, але не заўсёды гэта абавязкова. Глядзець можна на ўласныя слайды, на столь, у акно. Усяго патроху. Таму што любое тваё выступленне перад жывымі людзьмі – не маналог на камеру. Пастарайся ў працэсе зносін з сябрамі зачапіць гэты момант – спытай сам у сябе: вось я зараз балбатаў з імі дваццаць хвілін. Куды я глядзеў? І ўбачыш, што табе было ўсё роўна. Але цябе чулі. А ўсё таму, што і табе, і ім было цікава тое, што ты распавядаў.
А рукі? Куды падзець рукі?
– Гл. вышэй. Успомні, дзе былі твае рукі, калі ты расказваў сябрам пра ўчорашні вечар. Яны былі занятыя шклянкай з півам? Выдатна! Вазьмі штосьці з сабой і на выступ. Не абавязкова піўко. Можна абысціся простай шарыкавай асадкай. Дарэчы, калі выкладчыкі ў школе забаранялі мне пры адказе на ўрок церабіць асадку ў руках, я іх ненавідзеў. Цяпер разумею, што ненавідзеў правільна. Адсутнасць асадкі перашкаджала ходу думкі.
А слайды сапраўды патрэбныя?
– Інфармацыя, якую мы ўспрымаем вачыма, заўсёды адкладаецца лепш. Гэта як аднаму малому сказаць, што двойчы два – чатыры, а другому яшчэ і на пальцах паказаць. Як думаеце, у якім выпадку дзіця запомніць хутчэй?
Важна, як я выглядаю?
– Наогул не. Калі ты, вядома, не прыйшоў у касцюме Дарта Вейдэра або Веркі Сярдзючкі. Людзям усё роўна, як ты выглядаеш, калі ты распавядаеш ім нешта, што ім цікава слухаць. Але, зразумела, калі на мерапрыемстве, дзе цябе запрасілі выступіць, ёсць загадзя абумоўленыя патрабаванні, то лепш імі не грэбаваць.
Ну, добра. А голас…
– Ты чуў Стывена Хокінга? Не ведаеш, хто гэта? Ну дык паглядзі! І потым падумай, чаму на яго лекцыі хацелі б патрапіць мільёны людзей.
Мне здаецца, мяне не слухаюць. Што рабіць?
– Заўсёды шукай кантакту з залай. Задавай самыя простыя пытанні (як бы між іншым): «Cёння якое ў нас? 22-е? » Або: «Вам зразумела, што я кажу? Так? Скажыце: "Так!"». Пасмяюцца.
А людзі... яны ж так і наровяць падчапіць, яны ж ведаюць больш за мяне, ім нецікава…
– Людзі значна больш добразычлівыя, чым мы прывыклі пра іх думаць. І ніхто не ведае больш за цябе па тэме твайго выступу. А калі ты сабраўся распавядаць штосьці гэткае велізарным прафесіяналам, зрабі гэта так, як мог бы зрабіць гэта адзіны чалавек на зямлі – ты сам. Прапусці інфармацыю праз сябе, апрацуй яе сваімі ўласнымі мазгамі, і на выхадзе ты атрымаеш унікальны прадукт – тваё ўласнае меркаванне.
Я забыўся, што хацеў сказаць. Гэта правал?
– Наогул не. Таму што калі забыўся, значыць, не так ужо і важна. А калі памятаеш, што нешта важнае, але забыўся, зрабі маленькую паўзу (гэта не страшна) прайдзіся думкай яшчэ разок па ўсім абзацы, і яно ўсплыве. Калі забыўся на важнае і яно не ўсплывае, усміхніся і скажы людзям, што забыўся нешта важнае. Потым успомніш. І распавядзеш. Палайся на сябе. Людзі зразумеюць.
Крута! Пайшоў распавядаць людзям, як ім жыць!
– Спешка ні да чаго. Самае важнае – кругагляд. Для гэтага трэба чытаць кніжкі, глядзець фільмы і кожны дзень вучыцца. Патроху. Чаму-небудзь і як-небудзь. Памятай: не так страшны дурань звычайны, як дурань з меркаваннем.
Фота: palasatka, daryabrr