Сёння ў прасторы «ЦЭХ» адкрываецца «Прафота-2017» – буйнейшая беларуская выстава праектнай фатаграфіі. Сёлета прадстаўлены 23 праекты фіналістаў у напрамках «дакфота», «арт-фота» і «лічбавы сторытэлінг», з якіх на адкрыцці стануць вядомыя ўладальнікі гран-пры ў кожнай з намінацый. Навошта туды ісці, як пахнуць падпахі сувораўцаў і якія сокі цякуць на Зыбіцкай – гартай наш дапытлівы і трохі філасофскі дайджэст пытанняў і адказаў да выставы.
Навошта фатографу рваць дупу і ездзіць у гарачыя кропкі планеты, дзе кулі свішчуць часцей за салаўёў?
Адказ ведае Аляксандр Васюковіч са сваім праектам «Фота на памяць» – серыяй здымкаў дабравольцаў у зоне АТО, якія распавядаюць пра трагічны лёс байцоў. Падчас працы на ўсходзе Украіны хлопцы з батальёна «Данбас» прасілі Васюковіча зрабіць фота на памяць. Ён здымаў і адпраўляў здымкі тым, хто на фота, а таксама іх дзецям, жонкам і сябрам. Пасля героі гэтай серыі пачалі гінуць, чырвонымі крыжамі на кадрах адзначаны тыя, каго ўжо няма. На погляд фатографа, здымаць вайну трэба, каб даводзіць да людзей, да чаго прыводзіць падтрымка ваенных дзеянняў, паказваць, што за вінтоўкай знаходзяцца такія ж людзі, якія, як і ты, робяць групавое фота на сэлфі-палку.
Падчас творчай сустрэчы з Васюковічам у Цэнтры дакументальнай фатаграфіі FOTODOC у Маскве на яго фотавыставе Антон Белікаў дастаў балончык і заліў фарбай здымкі. Акрамя таго, мужчына назваў Аляксандра Васюковіча «сарамлівым фашыстам» і распавёў пра сваю пагарду да фатографа і яго прац. У «ЦЭХу» будуць тыя самыя залітыя фарбай фота.
Як сталеюць беларускія сувораўцы?
Сяргей Балай цягам трох гадоў здымаў, што адбываецца ў сценах Сувораўскага вучылішча ў Менску, і гэта вылілася ў фотапраект «Быць сувораўцам». На яго вачах разгортваліся будні хлопцаў: зарадка ў любое надвор'е, прыбіранне ложкаў строга па рэгламенце, дзяжурства на кухні, страявая падрыхтоўка, штодзённая падшыўка падкаўнерыкаў.
Большасць не вельмі імкнецца дадому на канікулы, ім падабаецца якасць адукацыі і пачуццё даросласці, якое выхоўвае вучылішча. Праўда, як правіла, у курсантаў адзін сцэнар жыццёвага шляху – кар’ера ваеннага.
Дзе губляюцца нашы блізкія?
Макс Сарычаў працаваў з пошукава-выратавальным атрадам «Ангел» і даследаваў тэму зніклых без звестак. Валанцёры «Ангела» займаюцца тэрміновымі выпадкамі, калі важная хуткая мабілізацыя, каб знайсці чалавека, жыццё якога можа быць пад пагрозай. У выніку атрымаўся фотапраект «404: Not found». Гэта гісторыя пра невядомае, трывожнае, нявызначанае і таемнае. Максім шукае адказ на пытанне: «Як чалавек можа проста ўзяць і знікнуць у грамадстве, дзе кожны крок фіксуюць мабільныя аператары і камеры назірання?» Адказ – у няўтульных зонах нашай штодзённасці і ў цемры лясоў, куды трэба ўзірацца, прасоўвацца далей і спадзявацца на лепшае.
У чым моц ядзернай энергіі моладзі?
Сэкс, драгз, рок-н-рол – схема няхітрая. У праекце Дзяніса Галавея «Атамны век» маладосць квітнее пышным цветам. Фатограф шукае тонкую грань паміж бестурботнасцю і буйнасцю. Маладосць – гэта пра незалежнасць і шчырасць. Можна сысці ў забыццё ад праблем, але сыход у гэтым выпадку – рэакцыя на ціск звонку. «Век маладосці» Галавея эгаістычны, гераічны, ганебны, бязрадасны, шчаслівы, нервовы, пераможны, фатальны.
Хто з віцебскіх бабуль-шаптух прыдумляе лепшыя рыфмы і панчы?
Сяргей Лескець паездзіў па Беларусі і знайшоў бабуль-шаптух, якія на роднай мове лекуюць словам (малітвамі, шэптам, загаворамі). Яны маюць дар вылечваць людзей і жывёл, абараняць гаспадарку ад дрэннага надвор’я і непрыемнасцяў. Як вынік – фотапраект «Шэпт», які пагружае ў чароўную атмасферу традыцый. Just a magic!
Навошта фатографу бадзяцца па горадзе?
«Галоўнае – выйсці» – праверанае на вопыце правіла Дзмітрыя Новікава, якога ён пачаў прытрымлівацца, і так атрымаўся фотапраект «Зацемкі пешахода». Збольшага гэта пейзажы. Новікаў факусуецца на кампазіцыі, спалучэнні ліній, схаваных значэннях і ўдалым святле. Калі зоркі супадаюць, у выніку сінтэзу нараджаецца самастойны лад здымкаў. Нярэдка сцяна ці тратуар паведамляюць важную інфармацыю пра катэгорыі, структуры, сувязі паміж імі і, вядома, пра самога чалавека.
Чым пахнуць падпахі на дзяржаўных святах?
Фотапраект «Тэстастэрон» Аляксандры Салдатавай – каштаны, 9 траўня, пах першых ландышаў і цюльпанаў разам з пахам шашлыкоў і чырвона-зялёныя сцягі (многа!). Гэта час «свята сілы», гульня, магія травеньскіх пераўтварэнняў, містэрыя ваенных парадаў і голас, які прыводзіць усю сістэму ў працу.
Праект патрапіў у шорт-ліст, аднак на выставе не будзе прадстаўлены, таму гартай здымкі ніжэй.
Пра што шэпча ноч?
Кожнаму – пра сваё. Абстрактны і лірычны праект Сяргея Канапляніка «Паміж ценяў» можа быць чым заўгодна і як заўгодна: бяссонне, дапітае віно, вяртанне дадому. Перавядзі свядомасць у рэжым «ноч», паглядзі ў цёмнае, адшукай блізкае.
Як выглядаюць тэрарысты?
Фотапраект Аляксандра Міхалковіча «Арт Акбар!» – гэта такая лапікавая коўдра і ўсё, што ты хацеў(-ла) ведаць пра тэрарызм. У адной частцы праекта фатограф аднавіў часта згаданыя ў СМІ сродкі ажыццяўлення тэрарыстычных нападаў: магазін да аўтамата АК-47, пісталет, пояс смяротніка, балаклаву, мабільны тэлефон з дзвюма сім-картамі Lycamobile.
У другой частцы праекта Міхалковіч выкарыстаў здымкі з камер відэаназірання, якія з'явіліся ў СМІ. На адных – рэальныя тэрарысты, на іншых – звычайныя людзі, якіх медыя заўчасна назвалі тэрарыстамі.
Узнікае рэзоннае пытанне: ці закрануць мастацтва перамены ў грамадстве і як пашырыцца круг табуяваных тэм, з якімі нельга працаваць і за якія могуць быць асуджаныя мастакі?
Якія сокі пускае Зыбіцкая?
Адраджэнне Зыбіцкай – падзея на мільён для горада. У эпіцэнтры начнога жыцця бары адчыняюцца і зачыняюцца, бадай, штодзень. Праект Аляксея Навумчыка «Зыбіцкая» фіксуе, як лета 2016-га выплюхнула на вуліцу струмені людзей рознага сацыяльнага статусу і матэрыяльнага дастатку. Усіх аб'ядноўвала адно: жаданне адчуць нарастаючую энергію бескантрольнага чаду. Вуліца набыла статус Мекі для тых, прагне свята «ад заходу да світання». З пятніцы па нядзелю Зыбіцкую «залівае» не водамі Свіслачы, а патокамі алкаголю, крыві, флірту і юрлівасці.
Як зразумець, што ты існуеш?
Праект Лесі Пчолкі «Мяне тут няма» – візуальны дыялог з бацькам Лесі, гульня, дзе яна паказвае іх падабенства. Здымкі злучаюцца ў выдуманую гісторыю, у якой ніхто не ведае, што будзе далей. Фота бацькі – дакумент падзей яго маладосці. Здымкі Лесі – такія ж дакументы. Разам яны губляюць дакументальнасць і трансфармуюцца ў зборную гісторыю пра сталенне і асалоду імгненнае плыні жыцця і пошуку сябе.
Колькі літар мае вайна?
Праект Вольгі Савіч «Алфавіт вайны» пачаўся ў той момант, калі яна набыла стары фотаздымак на блышыным рынку ў Зальцбургу. На фота жаўнеры дэманстравалі незразумелы жэст, які, аднак, у той час граў пэўную ролю ў ваеннай камунікацыі. Фокус серыі здымкаў Савіч на асаблівай мове жэстаў вайны і даследаванні культуры памяці вайны.
Што рабіць з хламам у шафе?
«Пацеркі з яблычных костачак» Аляксея Шлыка – гэта аповед пра творчасць, працавітасць і майстэрства ў паўсядзённай перапрацоўцы рэчаў людзьмі, якія жывуць у час пастаяннага дэфіцыту. Раней трэба было знайсці спосаб «урваць» тое, што трэба, або сканструяваць гэта з падручных матэрыялаў. Гэта праект пра некалі дамінуючую ў Беларусі культуру «зрабі-сам», добра знаёмую фатографу з дзяцінства.
Дзе знаходзяцца болевыя кропкі гвалту?
Праект Максіма Сарычава «Сляпая зона» пра капіталізм, аўтарытарную дзяржаву, мінулае краіны з яе белымі плямамі, пра якія маўчаць. Ён візуалізуе крайнія праявы ўлады: катаванні, паліцэйскі гвалт, масавыя забойствы, псіхалагічны ціск. Пры гэтым Сарычаў збірае цёмны пазл адточанай сістэмы падаўлення і шукае прыроду страху.
Мы ўжо запытваліся ў Максіма, навошта ён здымае гвалт так прыгожа і чаго баіцца сам.
Падзея ў FB
Выстава адкрыецца ў прасторы «ЦЭХ» 8 чэрвеня а 19-й і працягнецца па 30 чэрвеня. Кошт уваходу – 4 руб. Школьнікам, студэнтам і пенсіянерам – 2 руб.
Уваход на адкрыццё вольны
Фотарэпарцёр Аляксандр Васюковіч, аўтар нашумелых праектаў «Фота на памяць» і «Кожная трэцяя», распавядае гісторыю стварэння сваіх лепшых здымкаў.
Сакрэтнае відэа з вечарыны Hangover Mexicano ад 34mag, што ў мінулую суботу скалыхнула нормы высокамаральнай вуліцы Зыбіцкай.
Напярэдадні адкрыцця персанальнай выставы Максіма Сарычава ў «ЦЭХу» запыталіся ў фатографа, навошта ён эстэтызуе гвалт і чаго баіцца.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Можа правільна "з хламам у шафе"?