Чаго чакаць ад выдавецтва, якое адкрывае Святлана Алексіевіч?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 14.01.2020
- 7726
У пятніцу байнэт ускалыхнула нечаканая літаратурная навіна: наша адзіная нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч адкрывае сваё выдавецтва, прычым – выключна для жанчын. 34mag звярнуўся па адмысловы каментар да галоўных дзейных асоб гэтага інтрыгуючага дзейства.
«Мужчыны – яны паўсюль, а творы жанчын выдаюцца вельмі мала. Калі я задумалася пра гэта, прыйшла да высновы, што такая выдавецкая палітыка на сённяшні дзень, з большай ахвотай выдаюць творы мужчын. І я падумала, што калі адкрыць адмысловае жаночае выдавецтва, гэта паўплывае на ўпэўненасць жанчын-пісьменніц, на іх жаданне пісаць», – распавяла Святлана Аляксандраўна «Нашай Ніве».
Выдавецтва пачне сваю працу праз некалькі месяцаў. Яго галоўнай рэдактаркай стане пісьменніца і перакладчыца Алена Казлова. Першымі аўтаркамі новага выдавецтва стануць Ева Вежнавец (Святлана Курс) і Таня Скарынкіна.
Алена Казлова
– Калі і чаму ўзнікла ідэя выдавецтва для жанчын?
– У маі 2019 года я выпадкова сустрэлася са Святланай Алексіевіч у аэрапорце. Дагэтуль мы ўжо былі знаёмыя. Мы разгаварыліся, і яна сказала, што ў яе ёсць ідэя зрабіць жаночае выдавецтва і прапанавала мне ім займацца. У 2016 годзе для праекта «Books from Belarus» я прыдумала канцэпт «Жаночы твар беларускай літаратуры», гэта было акурат пасля атрымання Святланай Нобелеўскай прэміі. Тады я сказала радыё «Свабода»: «Алексіевіч і яе перамога – гэта нагода паказаць іншых цікавых аўтарак Беларусі, якія звычайна не атрымліваюць належнай увагі. Але яны ёсць, і яны класныя – цудоўныя паэткі і цікавыя празаікі». Так што мне была блізкай ідэя Святланы, і я пагадзілася быць галоўнай рэдактаркай выдавецтва. Вярнуўшыся з паездкі, я запрасіла да супрацы дырэктарку, з якой мела вопыт супрацоўніцтва. І цяпер мы разам займаемся гэтым праектам.
– Як выдавецтва будзе звацца і дзе рэгістравацца?
– Выдавецтва будзе называцца «Пфляўмбаўм» – у гонар паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм. Назву прапанавала я, і каляжанкі мяне падтрымалі.
Юрасобу зарэгістравалі ў Беларусі. Цяпер спрабуем атрымаць рэгістрацыю на выдавецкую дзейнасць. Для гэтага нашай дырэктарцы трэба здаць экзамен у Міністэрстве інфармацыі. Але нам ужо двойчы адмовілі ў прыёме заяўкі на экзамен. Першы раз з-за непрастаўленай лічбы ў графе «колькасць дакументаў», прычыну другой адмовы я яшчэ не ведаю, пакуль яшчэ не чытала ліст з мінінформу. Шчыра кажучы, адмовы нас вельмі засмуцілі. Фармальную прычыну не прыняць дакументы знайсці вельмі лёгка.
– Ці ёсць нейкія прынцыповыя адрозненні ад іншых выдавецтваў акрамя гендарнай прыкметы?
– Мы б хацелі працаваць з максімальнай павагай да аўтарак і іх працы, напрыклад выплачваць ім ганарар авансам. Наўрад ці ён будзе вялікі, бюджэт пакуль сціплы, але тым не менш.
– Як будуць адбірацца кнігі? І чаму абралі першымі ластаўкамі менавіта Еву Вежнавец і Таню Скарынкіну?
– Мая задача як галоўнай рэдактаркі – знайсці і прапанаваць аўтарак. Але ўрэшце мы ўсё вырашаем разам. Святлана Алексіевіч зацвярджае ўсе важныя рашэнні.
Чаму гэтыя аўтаркі? Прычына толькі адна: высокі літаратурны ўзровень іх тэкстаў.
Пра тое, што ў Евы Вежнавец ёсць гатовы рукапіс, я ведала даўно, чакала яе кнігу. Святлана Алексіевіч таксама была знаёмая з яе творчасцю і адразу ўхваліла прапанову.
Калі мы дзяліліся планамі з каляжанкам і раіліся з імі, паэтка Юля Цімафеева расказала, што невыдадзены рукапіс ёсць у Тані Скарынкінай. Я ведаю і цаню гэтую пісьменніцу, рэдагавала яе папярэднюю кнігу прозы.
– Колькі кніг плануецца друкаваць у год?
– Пра гэта яшчэ рана гаварыць. На найбліжэйшы час ёсць праекты пяці-шасці кніг.
– Ці плануецца прасоўванне беларускай літаратуры на заходнія рынкі, пераклады, etc.?
– Плануецца.
– Што адкажаце з'едлівым каментатарам, што, маўляў, такі падыход – друкаваць толькі жанчын – сэксізм?
– Сэксізм – гэта цалкам ці пераважна мужчынскі твар ва ўсіх сферах, датычных улады і фінансаў і адсутнасць роўнай прадстаўленасці там жанчын. Сэксізм – гэта тое, што нават у нізкабюджэтных сферах, такіх як адукацыя ці літаратура, жанчынам складаней рухацца па кар’ернай лесвіцы, што абумоўлена патрыярхатным складам нашага грамадства. Але гэта трэба мяняць, нам усім разам, жанчынам і мужчынам, бо патрыярхат шкодзіць мужчынам таксама. У грамадстве, дзе магчымасці больш роўныя, людзі жывуць лепей.
Наш невялікі прыватны праект скіраваны на падтрымку найлепшых тэкстаў пісьменніц. Я хачу падкрэсліць, што гэта прыватная ініцыятыва жаночай узаемападтрымкі. Але калі мужчыны захочуць нам дапамагчы фінансава ці хоць добрым словам падтрымаюць, мы таксама будзем радыя.
Здаецца, мужчыны не абдзеленыя падтрымкай Святланы Алексіевіч. Нагадаю, што з беларускіх пісьменнікаў у яе інтэлектуальным клубе ўдзельнічалі менавіта двое мужчын, Альгерд Бахарэвіч і Віктар Марціновіч. Нядаўна Андрэй Курэйчык напісаў у Facebook, што Святлана Алексіевіч зладзіла для яго творчую сустрэчу ў ПЭН-цэнтры. Так што мужчынам падтрымка ёсць. Можа, варта і мужчынам падтрымаць жанчын у прафесійнай дзейнасці?
Святлана Курс (Ева Вежнавец)
– Улетку была ў бацькоў у вёсцы, калі мне патэлефанавала Алена Казлова і зрабіла прапанову. Я абрадавалася з трох прычын: за беларускіх аўтарак, за сваю кнігу, якая ў мяне была і якую я думала, куды даць, і за сябе, што да мяне звярнулася Алена – якую я паважаю і якой сімпатызую як чалавеку і пісьменніцы – і апасродкавана сама спн. Святлана.
Паводле светапогляду я радыкальная феміністка, і мне прыемна працаваць з жанчынамі і для жанчын. Гэта звычайна азначае, што будзе хутка, прафесійна, эфектыўна, прыемна і прыязна.
Жанчыны дыскрымінаваныя на літаратурным рынку, што відаць і па выказваннях многіх удзельнікаў літпрацэсу, і па статыстыцы літаратурных прэмій. Таму тут неабходнае выроўніванне шанцаў. Мяне кватаванне і пазітыўная дыскрымінацыя ў свеце, дзе кіруюць мужчыны, у сістэме патрыярхату не бянтэжыць, а радуе. Гэта адзіны шлях да роўнасці і справядлівасці.
Калі будзе кніга, не ведаю. Мне няма куды спяшацца, бо гэтую кнігу я і так пісала дзесяць год. Яна называецца «Па што ідзеш, воўча?». Я выступаю ў гэтай кнізе «чорнай скрыняй» самалёта, які падае і ніяк не ўпадзе ўжо сто год. У кнізе 72 старонкі, у сціслым парадку апісваюцца падзеі ад 1918 да 2018 года ў маленькім балотным раёнчыку Беларусі. Гэта летапіс дзесяці зменаў улад, чатырох хваляў калектывізацый і рэпрэсій, дзвюх знішчальных меліярацый, дзвюх кампаній па ссяленні хутароў. Перапіс знішчаных вёсак, хутароў, людзей, рэк, балотаў, крыніц, словаў. Але не трагічны, бадай. Кніга пра тое, што беларус прадзярэцца нават праз тарку для драніка і будзе амаль цэлым і амаль сабой. Ну, не да канца.
Раней я спрачалася са спн. Святланай апасродкавана і раз – на Гётэборгскім кірмашы – непасрэдна за ўсё: за белмову, за тое, што яе літаратура – не мастацкая, а публіцыстычная, за будучыню Беларусі. Я спрачалася з многімі, большымі за мяне, але шкадую не пра спрэчку, а пра манеру, у якой гэта рабіла. У мяне зласлівы нораў, які даводзіцца моцна стрымліваць, але ён прарываецца. Мне шкада, што я не мела яснага паняцця пра сваё месца ў свеце, пашану да сябе і іншых і была рэзкай да многіх людзей. А калі я даведалася пра шматгадовую і таемную дабрачыннасць Святланы Алексіевіч, мне было асабліва сорамна. Магу я патрактаваць гэтае інтэрв’ю як нагоду папрасіць прабачэння?
Таня Скарынкіна
– Мая сяброўка з Менска Воля Бабкова дорыць кнігі, якія ёй падабаюцца, сваім добрым сябрам. Так мае паэтычныя зборнікі і кніга эсэ трапілі да Марыі Вайцяшонак, а Марыя сябруе са Святланай Алексіевіч. Праз яе пісьменніца і даведалася ўлетку мой тэлефон. Патэлефанавала, мы добра пагаварылі, а потым і асабіста пазнаёміліся крыху пазней. Можна сказаць, выпадкова, практычна на вуліцы. Спецыяльна не дамаўляліся, калі я пайшла на сустрэчу інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч і збіралася папаліць ля Палаца мастацтва, туды пад’ехала таксоўка і адтуль яна выйшла разам з госцем клуба Янушам Вішнеўскім, знакамітым пісьменнікам польскім, аўтарам бэстсэлера «Адзінота ў сетцы». Так і пазнаёміліся. І Святлана пайшла ў залу да гледачоў, а мы з Янушам папалілі разам, паразмаўлялі пра Вітальда Гамбровіча.
Гэта дзіва, канешне, што, калі паступіла прапанова выдаць кнігу, яна была ўжо некалькі гадоў як гатовая. У мяне вершаў на зборнікі тры ёсць, але я вырашыла ўсё ж выдаць прозу, бо папярэдняя кніга эсэ выходзіла ў 2016, а вершаў – у 2018. Трэба чаргаваць.
У новы зборнік увойдуць эсэ з радыё «Свабода», а таксама тэксты, напісаныя для іншых выданняў: «Полымя», «Мінкульт», «Прайдзісвет», «Маладосць». Кніга будзе называцца «Райцэнтр». Першапачатковыя варыянты: «Гаворыць Смаргонь» – пазыўны мясцовага радыё – адкінулі за афіцыйнасць, «Памінкі па саранчы» і «Касманаўты ў горадзе» – па загалоўках тэкстаў, якія ўвойдуць у кнігу, – падаліся занадта вузкімі. Наогул мне цяжка аб'ектыўна ацаніць «Райцэнтр» як назву, але падабаецца за лаканічнасць і адначасова шматзначнасць, да таго ж цікава перакладаецца на іншыя мовы.
Мяне здзівіла хваля з’едлівых каментароў, якая ўзнялася пасля публікацый пра новае выдавецтва для жанчын. Але ж я і не мужчына. Ёсць жа нейкія асабліва мужчынскія рэчы, якія трэба прымаць як дадзенасць. Ну, хай хтосьці адкрые мужчынскае выдавецтва. Святлана вырашыла зрабіць так, як гаворыцца, пераможцаў не судзяць. І радуе, што з'яўляецца нешта новае.