DREVA: новая кавярня на Кастрычніцкай
- 06.04.2018
- 11727
На Кастрычніцкай вельмі шустра ўзвялі драўляную скрынку. Мы не сталі хадзіць вакол ды каля і адразу ж далі нырца ўнутр, як толькі ўбачылі адчыненыя дзверы. Там вельмі добра, таму і дзелімся гэтым месцам з табой.
Месца адкрыў Ілля Авадок разам з жонкай і малодшым братам: «Я ніяк не звязаны з установамі грамадскага харчавання. Вучыўся на юрыста, працаваў у IT, але не вытрымаў зносін з камп'ютарам і з'ехаў жыць у вёску пад Менскам. У мяне ёсць нейкая прадпрымальніцкая жылка, таму вырашыў паспрабаваць зараз, каб у 40 гадоў не шкадаваць. Цяпер мне 27».
У мінулым годзе ў хлопцаў была мабільная кавярня, але такі фармат не вельмі прыжыўся. Тады вырашылі адкрыць кафэ ў больш звыклым выглядзе. Назву выбралі лаканічную – DREVA – проста таму, што зараз модна называць усё проста і хутка. Усю мэблю Ілля з братам рабілі сваімі рукамі – яна з дубу і хвоі.
«Мы выбралі гэтую вуліцу, таму што нам не падабаюцца месца тыпу Зыбіцкай, – кажа Ілля. – А на беларускай – таму што калі кажаш "Октябрьская", то людзі могуць паехаць на плошчу. Гэтая вуліца менавіта Кастрычніцкая. Магчыма, з часам мы самі пяройдзем на беларускую мову».
Дарэчы, цяпер уся адлегласць да «Хулігана» ўжо забраніравана: хутка там з'явяцца іншыя ўстановы грамадскага харчавання.
Ежа
Тут будуць рабіць тосты і салаты са свежай гародніны – яны з'явяцца ўжо на выходных ці на пачатку наступнага тыдня. Стваральнікі DREVA праводзілі апытанне сярод людзей, якія працуюць паблізу, і даведаліся, што ім вельмі патрэбная ежа без цеста і хлеба.
Алкаголь
Піва тут жывое, нефільтраванае, непастэрызаванае. Уладальнікі кавярні спадзяюцца, што здолеюць захаваць такія кошты, як цяпер. Ідэальны расклад – зарабляць на колькасці продажаў, а не на высокіх цэнніках. Яшчэ ў меню ёсць бірміксы – гэта піва з даданнем свежага соку.
Кубкі
Кубкі робіць ганчар Мікалай Кузняцоў з Гарадзенскай вобласці. У яго цікавая гісторыя: гадоў у 35 ён сышоў з сур'ёзнай працы, стаў дапамагаць камусьці з глінай, і гэтае рамяство яго захапіла. Цяпер ён толькі керамікай і займаецца.
Час працы
Цяпер DREVA працуе з 10 раніцы да 10 вечара, але ў планах – кругласутачны рэжым.
Адрас: Кастрычніцкая, 16
Фота: Таня Капiтонава