Дзе шукаць беларускія кнігі за мяжой?

  • 07.12.2023
  • Аўтар: 34mag
  • 4587

Каляды на носе, ну а найлепшы падарунак, натуральна, кніга. 34mag падрыхтаваў падрабязны гайд па беларускіх выдавецтвах, ініцыятывах ды імпрынтах, кнігі якіх можна замовіць па свеце. Таксама сабралі да кучы анлайн-крамы і пляцоўкі, дзе можна спампаваць нешта нават бясплатна. Тут табе і маляўнічыя перавыданні класікі, і вострыя навінкі сучбелліту, і знакавыя пераклады. На паперы, у пэдээфках, у аўдыяфайлах – як заманецца.

 

«Янушкевіч» + «Кнігаўка»

Акрамя навінак нашых аўтараў, у Андрэя Янушкевіча выходзяць па-беларуску сусветныя бэстсэлеры: «Гары Потэр», «Вядзьмар», «Уладар Пярсцёнкаў», на падыходзе – стывенкінгаўскія хіты. Тут можна разжыцца перакладамі і модных нішавых аўтараў тыпу Салі Руні. А калі цябе больш цікавіць менская мінуўшчына і гарадскія байкі з архіўнымі фота – пагартай выданне «От Паниковки до Шайбы. Гайд по тусовочному Минску девяностых».

 

«Логвінаў»

Культавы «Горад СОНца» Артура Клінава выйшаў менавіта тут. Ягоны ж іранічны (і вельмі захапляльны) раман пра беларускую рэчаіснасць «Локісаў» – таксама. З логвінаўскіх навінак кніжным блогерам прыпала да сэрца сямейная сага Мэіра Шалева «За Сіняй Гарой». Ну а раман пра ракаўскіх кантрабандыстаў «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага не прыпадае да сэрца толькі тым, хто яго не чыталі.

 

Vesna

Меламанам на палічках гэтага выдавецтва варта найперш звярнуць увагу на томік «Марнатраўны сын: тэксты песень беларускіх рок-гуртоў 1987» – гэта зборнік вершаў Фелікса Аксёнцава, удзельніка гурта ULIS, аўтара тэкстаў для яго, а яшчэ для «Крамы» і «Бонды». Таксама адзначым, што менавіта ў Vesna выйшаў поўны збор твораў паэткі і перакладчыцы Таццяны Сапач, якая трагічна загінула ў 2010 годзе. 

 

Kamunikat.org

Фонд, які факусуецца на гісторыі і навукова-папулярнай літаратуры, але ўвогуле тут шмат усяго з новай беларускай класікі. На «Камунікаце» можна набыць і кнігу трыумфатаркі прэміі Гедройця’23 Ганны Кандрацюк – «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Бясцэнны падарунак для аўдыялаў – кнігі набеліянткі Святланы Алексіевіч у апошняй аўтарскай рэдакцыі, у найноўшым беларускім перакладзе, у цудоўнай агучцы.

 

Gutenberg Publisher  

34 нядаўна піярыў настольную гульню «Шляхта», а цяпер раім звярнуць увагу на кніжкі выдавецтва, сярод якіх – «Беларускі народны соннік», «Belarus: An illustrated history» (адмаляваная беларуская гісторыя на інглішы), пераклады знакамітых гісторый пра Віню-Пыха.

 

«Скарына» / Skaryna Press

На рахунку «скарынаўцаў» – першая анталогія беларускага гей-пісьменства – «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Рыхтавалі выданне ажно пяць гадоў! У квір-серыі «Скарыны» таксама выходзілі творы Артура Камароўскага і Уладзіслава Гарбацкага. А яшчэ менавіта тут даступны па-беларуску раман французскай нобелеўскай лаўрэаткі Ані Эрно «Падзея».

 

«Мяне няма» 

Выдавецтва знаёміць беларускага чытача з сучаснымі беларускімі аўтарамі, якія працуюць у розных жанрах. Першая ластаўка – «Роздумы на руінах чалавека» Валянціна Акудовіча, «уводзіны ў беларускі інтэлектуалізм ад аднаго з самых вядомых – і самых спрэчных – ягоных носьбітаў ды абаронцаў».

 

Hochroth Minsk

Сачыць за навінкамі гэтага выдавецтва зручней за ўсё праз падпіску на фэйсбук-акаўнт яго кіраўніка – паэта Дзмітрыя Строцава. Асабліва актуальнай гэтая падпіска будзе для аматараў сучаснай беларускай паэзіі.

 

Skarynyčy

Імпрынт, дзе выходзілі кніга «Побач» – фіт паэткі Насты Кудасавай і мастачкі Святланы-Сафіі Дземідовіч, а таксама зборнік прозы «Тастамент Рагвалода» Алеся Аркуша.

 

Słowianka

Тут выдаюць дзіцячую літаратуру. У партфоліа выдавецтва – зборнік класікі белліту «Каток-пестунок», вершы Яны Вольскай з ілюстрацыямі Лявона Вольскага «Ашуканкі», зімовая казка Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзведзя».

 

 

Дзе набыць:

 Анлайн: 

Knihauka.com

Lohvinau.by 

Gutenberg Publisher 

Skarynapress.com 

Vesnabooks 

33booksforanotherbelarus 

Lulu.com

Allegro.pl (Польшча)

«Літарка» (ЗША)

Rewind Store (па Еўропе)

Notre Locus (Вялікабрытанія і па ЕС)

Дзе набыць:

 Афлайн: 

Thekrama.store (Варшава, Dożynkowa 6A)

«Беларуская кнігарня» (Варшава, Oleandruw 6, 2 паверх)

«Гартайка» (Вільня, Nemenčinės pl. 48)

Цэнтр беларускай культуры і супольнасці (Вільня, Vilniaus g. 20)

 

Электронныя кнігі:

Kamunikat.org  

Knihi.com  

34 books 

Google Play Books  

Apple Books 

 

Калі мы забыліся на вашу цудоўную ініцыятыву ці праект, пішыце на 34editors@gmail.com – выправім несправядлівасць.