«Кветкі для Сенькіна» – праект пра жыццё медыка ў менскім канцлагеры Stalag 352
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.05.2021
- 7561
8 траўня ініцыятыва па захаванні памяці пра канцэнтрацыйны лагер Stalag 352 у Масюкоўшчыне прэзентуе мультымедыйны праект пра незвычайную гісторыю жыцця і згубы фельчара Міхаіла Сенькіна, вязня лагера.
Як і шмат іншых вязняў лагераў для ваеннапалонных, пэўным днём малады фельчар Міхаіл Сенькін быў застрэлены. Нягледзячы на ўмовы жыцця ў Stalag 352 і тагачасную звыкласць да смерцяў, Міхаіл быў пахаваны у асобнай магіле, з ушанаваннямі ды аркестрам. Зрэшты, большасць загінулых хавалі ў брацкіх магілах, а прывозілі іх на месцы пахавання проста ў тачках. Пахаванне Міхаіла Сенькіна стала незвычайнай падзеяй для вязняў лагера, бо ён сам быў незвычайным чалавекам.
Пазнаёміцца з гісторыяй фельчара можна будзе праз новы праект ініцыятывы: аднастаронкавы вэб-сайт, распрацаваны адмыслова для смартфонаў.
Марына Сяменчанка, кансультантка ініцыятывы
«Міхаіл Сенькін быў фельчарам, чалавекам, які выратоўваў жыцці ва ўмовах вайны, жудаснай небяспекі і дэфіцыту рэсурсаў. Сучасныя медыкі, як і Міхаіл, выконваюць свой прафесійны абавязак нягледзячы ні на што, і да іх мы адчуваем удзячнасць ды захапленне. Да таго ж у праекце нашая каманда вырашыла адысці ад вобраза надзвычай ахвярнага героя, уласцівага для савецкага наратыву пра Другую сусветную вайну. Мы разумеем, што цяпер важнасць набываюць паўсядзённыя, руцінныя акты гераізму – яны могуць падавацца менш значнымі, але насамрэч маюць важную ролю ў перамозе над злом».
Глядзець «Кветкі для Сенькіна»