Кіно «Возера радасці» прэзентуюць беларусам 13 лістапада
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.10.2019
- 10030
Да Менска нарэшце дабярэцца «Возера радасці» – гэта беларускамоўная кінастужка рэжысёра Аляксея Палуяна, якая была створана па матывах аднайменнага рамана Віктара Марціновіча.
«Возера» з поспехам пракацілася па фестывалях планеты і будзе паказана ў Беларусі ўжо ў статусе «кінаэксперты(-кі) адабраюць». Сусветная прэм’ера адбылася на галоўным кінафэсце кароткага метру ў французскім Клярмон-Феране. Пасля гэтага фільм адхапіў тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз «За лепшую рэжысуру» на кінафестывалі ў грэцкай Драме, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе, прыз у намінацыі «Лепшы кароткаметражны фільм» нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.
Сюжэт кіно такі: Яся, дзевяцігадовая малая з вёскі, цяжка перажывае смерць маці, але бацька ўсё роўна адвозіць яе ў інтэрнат, адкуль дзяўчо вырашае збегчы.
Працу над сцэнаром «Возера радасці» Аляксей Палуян – беларускі рэжысёр, які жыве і працуе ў Германіі, – распачаў яшчэ ў 2016 годзе. У аснову фільма, акрамя вольнай адаптацыі эпізода з рамана Марціновіча, рэжысёр паклаў асабістую гісторыю свайго бацькі: як і гераіня фільма, той рос у інтэрнаце.
У здымачную каманду праекта ўвайшлі профі з Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі. Каст склалі вядомыя беларускія акторы і акторкі, а галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц. Зрабіла яна гэта так пераканаўча, што міжнароднае журы FICBUEU прысудзіла дзяўчынцы ўзнагароду ў прэстыжнай намінацыі «Лепшая актрыса».
Беларуская прэзентацыя «Возера радасці» адбудзецца 13 лістапада ў 19:00 у кінатэатры «Масква». Фільм прадставіць здымачная група з удзелам рэжысёра Аляксея Палуяна, пісьменніка Віктара Марціновіча, а таксама музыкаў, якія працавалі над фільмам: на сцэне сыграе этна-гурт Vuraj. Сродкі ад рэалізаваных квіткоў (набыць іх можна тут) часткова направяць сугучнаму з фільмам па тэме праекту на «Імёнах».
«Возера» ў Менску пакажуць разам з папярэдняй працай Аляксея Палуяна – дакументалкай «Край жанчын» пра будні апошніх жыхарак вёскі Любейкі Ляхавіцкага раёна (прыз «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве» на леташнім «Лістападзе»).
Прыемныя навіны: пасля прэзентацыі «Возера радасці» чакае паўнавартасны беларускі пракат, і не толькі ў межах МКАД. Фільм можна будзе глянуць у Менску з 14 па 28 лістапада ў кінатэатрах «Беларусь», «Піянер», Falcon Club Буцік Кіно, а з 14 па 20 лістапада – у сетцы Silver Screen. Паказы адбудуцца таксама ў Магілёве, Берасці, Баранавічах і Ляхавічах.