Шэсць фільмаў пра скандалы ў царкве

  • 13.03.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 3786

Апошнім часам беларускія царкоўнікі ўсё больш актыўна заяўляюць, быццам бы яны лепей за ўсіх ведаюць, як трэба выхоўваць дзяцей і бараніць чалавечыя душы ад дурных павеваў. Мы вырашылі паглыбіцца ў спецыфіку гэтага ідэальнага выхавання – паглядзелі шэсць фільмаў па тэме, якія выйшлі на экраны адносна нядаўна і былі заснаваныя на рэальных падзеях.

 

«Песня для ізгоя» / «Song for a Raggy Boy»

Рэжысёр – Эшлінг Уолш, Вялікабрытанія, Ірландыя, 2003

 

 

У якасці intro для нашай падборкі – мастацкі фільм, які часткова грунтуецца на мемуарах ірландскага паэта Патрыка Гэлвіна. Стужка апавядае пра стыль перавыхавання ў каталіцкіх школах для «цяжкіх» падлеткаў. Злачынцы тут, згодна з законам, дзеці, таму іх трымаюць у чорным целе і вынаходліва караюць. Без пакаранняў – гэта табе і царкоўнікі, і чыноўнікі скажуць – якаснае дзіця ніяк не выхаваць.

 

 

«Паварот веры» / «Twist of Faith»

Рэжысёр – Кірбі Дзік, ЗША, 2004

 

 

Дакументалка пра Тоні Камса – пажарнага з амерыканскага Таледа, які ў адзін непрыемны дзень выявіў, што на суседняй вуліцы жыве святар, што згвалціў яго, калі Тоні было чатырнаццаць гадоў. Камс аформіў пазоў супраць святара і на фоне гэтага дужа прызадумаўся, як гвалт у каталіцкай школе адбіўся на яго лёсе, яго сям’і і здольнасці камунікаваць з людзьмі. Каб атрымаць максімальна інтымная і моцныя кадры, стваральнікі фільма ўзброілі камерай самога галоўнага героя і яго жонку. У выніку маем сумленны дзённік-фіксацыю таго, як падзеі дзяцінства адбіваюцца на ўсім чалавечым жыцці.

 

 

«Толькі не кажы нікому» / «Tylko nie mów nikomu»

Рэжысёр – Томаш Сякельскі, Польшча, 2019

 

 

Браты Сякельскія сабралі сродкі на дакументалку пра педафілію ў польскай царкве праз краўдфандынг, што само па сабе даказвае – фільм вельмі патрэбны. Далей болей: кіно выйшла, і менш чым за суткі яго паглядзелі 3 млн чалавек, за шэсць дзён колькасць гледачоў пераваліла за 19 млн. Пасля прэм'еры ксёндз Дарыюш Алейнічак – адзін з «герояў» дока – папрасіў Папу Рымскага пазбавіць яго сану. Справа ў тым, што раней суд забараніў Алейнічаку набліжацца да дзяцей да канца яго жыцця, але ў дакументалцы Сякельскіх мы бачым, што на забароны суду царкве бажэсцвенна-фіялетава: ксёндз-злачынец працягвае «выхоўваць» юных прыхаджан. Фільм «Толькі не кажы нікому» паляцеў запальнічкай у грандыёзны мурашнік польскага касцёлу, але мурашнік гэты – вельмі ўплывовая арганізацыя. Расследаванні актывістаў пра ксяндзоў-педафілаў да якіх-небудзь сістэмных зменаў тут не прыводзяць. На мапе «свяшчэннага» гвалту з'яўляюцца ўсё новыя і новыя выпадкі.

 

 

«З ласкі божай» / «Grâce à Dieu»

Рэжысёр – Франсуа Азон, Францыя, 2019

 

 

Тут сюжэт круціцца вакол гісторыі каталіцкага святара з Ліёна, якога абвінавацілі ў спакушэнні некалькіх дзясяткаў хлопчыкаў з яго прыходу. Сюжэт пікантны, а значыць, для трывожнага рэжысёра Франсуа Азона цалкам падыходзіць. Падрэ з кіно жыве і дажывае насамрэч, клічуць яго Бернар Прэна, а пакуль Азон здымаў сваё кіно, суд разбіраўся, у якім стылі Прэна кантактаваў з хлопчыкамі доўгія, доўгія, доўгія гады. Назву фільма таксама падказала жыццё: кардынал, які пакрываў злачынствы Прэна, сказаў падчас прэс-канферэнцыі, што тэрмін даўнасці па большасці эпізодах выйшаў «з ласкі божай». А, ну калі так, то добра.

 

 

«У цэнтры ўвагі» / «Spotlight»

Рэжысёр – Том Макарці, ЗША, 2015

 

 

Фільм, які нагадвае журналістам пра тое, што ў іх могуць быць і яйкі, і высокая місія. У аснове сцэнарыя – практычна дэтэктыўная дзейнасць супрацоўнікаў газеты The Boston Globe: менавіта яны выцягнулі на святло божае нашумелыя гісторыі пра гвалт над дзецьмі з боку 87 святароў бостанскага прыходу. Потым лічба разматалася аж да 290 (!) чалавек, да таго ж аказалася, што бостанскі кардынал Бернард Лоу патураў сваім падначаленым, пакрываючы іх педафільскія забавы. Шырокая агалоска прывяла да адстаўкі кардынала, аднак Папа Рымскі падставіў брату плячо – Лоу перайшоў на няпыльную работку ў Італіі.

 

 

«Святы Уотэргейт» / «Holy Water-Gate»

Рэжысёрка – Мэры Хілі, Аўстралія, Канада, Італія, 2004 

 

 

Дакументалка выкарыстоўвае рэальныя гісторыі пра гвалт як трамплін для даследавання схільнасці каталіцкай царквы хаваць злачынствы яе функцыянераў. Тут расказваецца, напрыклад, пра айца Джэймса Сільву, якога пераводзяць з парафіі ў парафію («геаграфічнае лячэнне», ага), але не тое каб гэта неяк ахалоджвала прагу бацюшкі да маленькіх хлопчыкаў. Яшчэ адна гісторыя з фільма добра ілюструе, як увогуле часцей за ўсё развіваюцца гісторыі з педафіліяй у царкве: ахвяры святара звяртаюцца ў паліцыю, святару прызначаюць шасцімесячны курс лячэння, потым яго пераводзяць у іншы прыход, афіцыйныя паперы абвінавачвання кудысь раствараюцца, рэпарцёрам жорстка затыкаюць рот, а пра турэмны тэрмін нават гаворкі не ідзе. Адна з самых уражлівых карцін з гэтага дока: святар-злачынец кажа, што хлопчыкі старэйшыя за чатырнаццаць лічацца «сумленнай гульнёй, пакуль цябе не зловяць».