Калі ў цябе дома ёсць сервант, напэўна, у ім пыліцца святочны парцалянавы посуд з дзівоснымі завітушкамі ў стылі ракако. «Рыбкі», «Мадонна», «у бобачку» – усё гэта яднала свядомасць і фантазію мільёнаў жыхароў адной краіны. Беларуская мастачка Вікторыя Мітрычэнка пераасэнсоўвае дэкаратыўныя артэфакты мінулага, ствараючы ўласныя парцалянавыя арт-аб’екты.
Віка Мітрычэнка.
Нарадзілася ў Менску, жыве і працуе ў Амстэрдаме.
Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і Gerrit Rietveld Academy, удзельніца рэзідэнцыі пры амстэрдамскай акадэміі Rijksakademie van beeldende kunsten.
Яе гісторыя любові з керамікай пачалася яшчэ ў дзяцінстве – паўплывала мама яе сяброўкі беларуская скульптарка Тамара Сакалова. Творы Вікі не толькі экспануюцца кожны год у шэрагу выставаў, але і маюць камерцыйны поспех. Яшчэ яна гасцявы выкладчык прыватных акадэмій, а да гэтага восем гадоў працавала дацэнтам аддзялення керамікі ў Gerrit Rietveld Academy, адной з найважнейшых мастацкіх адукацыйных устаноў Еўропы.
Сама мастачка кажа, што, каб працаваць з керамікай, не патрэбна шмат месца, а печ для абпальвання можна выкарыстоўваць і чужую, але калі справа пайшла сур’ёзная – лепей мець сваю. Тым больш што працэс абпалу займае прыкладна тыдзень, столькі ж на лепку, пры ўмовах поўнага ўяўлення ідэі твора. Віка разам з мужам Максімам здымае прасторную светлую студыю ў Амстэрдаме, якая суседнічае з іншымі вытворчымі атэлье, побач размясціліся мэблевыя майстэрні і майстэрні па рамонту матацыклаў. Усё гэта нагадвае вельмі акуратны гаражны масіў, над студыямі – другі паверх, на якім некаторыя майстры і мастакі жывуць, каб сэканоміць грошы на рэнце.
Арт-аб’екты Мітрычэнка прыцягнулі нашу ўвагу сваёй іранічнасцю, лёгкасцю формы і пераасэнсаваннем значэння дэкаратыўных элементаў, якія гадамі суправаджалі жыцці, сямейныя гісторыі ды пыл на серванце. Кажуць, што парцаляна можа запісваць і захоўваць у сабе гук і іншую інфармацыю – работы Вікі нясуць памяць пакаленняў, усё недагаворанае, дарагое, інтымнае, але і зразумелае ўсім.
Бабулін сервіз
«Выпадкова ў мяне атрымалася стварыць работу, якая спадабалася кожнаму. Я першы раз сутыкаюся з такой адзінагалоснай рэакцыяй на мастацкі твор. Я такога ніколі не рабіла і больш не зраблю. І што цікава, людзі асацыююць яе з уласным досведам і памяццю, нягледзячы на сваю прыналежнасць да розных культур і кантынентаў – ад Паўднёвай Амерыкі да Азіі», – распавядае Віка.
Праект прысвечаны звычцы ейнай бабулі клеіць парцаляну ды збіраць сервізы з разрозненых элементаў. Такім чынам, Вікіна бабуля выпусціла цэлую серыю ўласнай канцэптуальнай эклектычнай парцаляны. Гэтая калекцыя адноўленых ёй частак была ў той жа час свайго роду меланхалічным намаганнем узнавіць мінулае з пэўных успамінаў і адчуванняў.
Трафейныя кубкі
Другая, не менш цікавая, на наш погляд, серыя – «Трафейныя кубкі». У яе таксама сямейны бэкграўнд – яна заснавана на гісторыі Вікінага бацькі, чыя кар’ера плыўца нечакана абарвалася. У гэтай серыі мастачка ставіць пытанне: «Што ёсць дасягненне і рэалізацыя?» Яна пашырае разуменне поспеху, ствараючы ўзнагароды за неістотныя ў шырокім маштабе рэчы, але якія з’яўляюцца базіснымі і жыццесцвярджальнымі для кожнай асобы.
Напярэдадні адкрыцця выставы французскай мастачкі Мары Лазье «Hello, Happiness!» знаёмімся бліжэй з ёй і ейнымі сюррэалістычнымі працамі.
Як запусціць праект з nude-фотаздымкамі і здзівіць імі палякаў.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Excelent!