«Нейтральная черная»: намалюй свае комплексы
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 27.03.2018
- 7489
Ані Агеевай 23 гады, яна выкладчыца малявання. Вучылася ў мастацкай школе, скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «камунікатыўны дызайн». У студзені 2018-га стала праводзіць заняткі, на якіх вучні і вучаніцы малююць цела чалавека. Мы пагаварылі з Аняй пра тое, як гэта дапамагае даследаваць сваю сэксуальнасць, прапрацоўваць комплексы і разнявольвацца.
Я люблю сэкс
Раней я заўсёды вяла дзённікі, але аднойчы іх стала не хапаць. Тады дзеля цікавасці я пайшла да псіхатэрапеўта, пачала казаць пра эмоцыі і маляваць тое, што адчувала. Дазволіла сабе адысці ад правілаў, якім нас вучылі ў «художцы». Сышла ўнутраная крытыка. Усе нявыказаныя эмоцыі клаліся на паперу.
Аднойчы я гартала паблік «терпкость лаванды» і мне вельмі спадабалася адна з фатаграфій. Я паспрабавала намаляваць яе, потым яшчэ адну, і раптам гэта стала вельмі цікава. Першы час было вельмі няёмка – асабліва паказваць свае працы камусьці. Але калі ўбачыла водгук і цікавасць, то ўпэўненасці стала больш.
«Так крута прызнацца сабе: “Я люблю сэкс. Асабліва люблю дотыкі ў гэтых і тых месцах”»
У мяне былі комплексы наконт сваёй знешнасці. Яны яшчэ засталіся, але цяпер я навучылася бачыць прыгажосць у сваіх «недахопах». У сваёй творчасці я выкарыстоўваю цела як спосаб расказаць пра чалавека – я малюю не абалонку, а гісторыю. Яшчэ гэта даследаванне сваёй сэксуальнасці. Так крута прызнацца сабе: «Я люблю сэкс. Асабліва люблю дотыкі ў гэтых і тых месцах».
Мяне заўсёды цягнула ў выкладанне. Таму з часам мы з сяброўкай Кацяй запусцілі праект «Нейтральная черная». Гэта не зусім курсы – хутчэй, творчая група. Ты можаш выказваць сябе праз розныя віды мастацтва – мы выбралі маляванне.
«Цела чалавека»
На занятках мы намалюем аголеных людзей, іх эратычныя і кранальныя пачуцці з дапамогай розных матэрыялаў і тэхнік: туш і пяро, пастэль, каляровыя алоўкі, гуаш, акварэль, калаж. Гэта дапамагае сустрэцца і пазнаёміцца са сваёй сэксуальнасцю і зноўку адчуць, што наша цела – гэта вельмі проста і натуральна. Каб пачаць маляваць, не патрабуецца ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі – толькі адкрытасць і жаданне.
Для мяне гэта велізарны фан. Я прыходжу на працу, выкладваю перад людзьмі карцінкі голых людзей і кажу: «Малюем!» Калі яны не малююць чэлесы і вагіны, я падыходжу і далікатна кажу: «А чаму ты самае цікавае не адлюстроўваеш?» Я сама трохі бянтэжуся ад гэтых слоў, вучні таксама – але калі мы разам адчуваем сарамлівасць, становіцца лягчэй, прыходзіць палягчэнне.
«Калі мы разам адчуваем сарамлівасць, становіцца лягчэй, прыходзіць палягчэнне»
Людзі яшчэ не прывыклі да таго, што можна маляваць тое, што забаранялі ў школе, – тое, што заўсёды было пад забаронай. Але ў людзей, якія прыходзяць на гэтыя заняткі, больш за ўсё прыкметны рост, яны становяцца больш разняволенымі. Да канца курса вучні малююць свае аўтапартрэты.
Водгукі вучаніц
Ганна Кудрына: «Я раней саромелася глядзець на малюнкі і фатаграфіі голых людзей. Мне было сорамна падпісацца ў Instagram на які-небудзь профіль з эротыкай – а цяпер гляджу, падпісваюся і не саромеюся. Я пачала бачыць прыгажосць не толькі ў стройных целах, але і ў недасканаласці – гэта яшчэ цікавей. Голае цела стала для мяне чымсьці натуральным, а не забароненым. Яшчэ мне падабаецца маляваць голых людзей: я раней таксама малявала іх, але потым лісты з малюнкамі выдзірала і выкідала, таму што было неяк сорамна. А цяпер магу паказаць скетчбук камусьці і нават не задумвацца, што дзесьці там голыя людзі».
Марыя Гарэлік: «Я зірнула на сябе па-іншаму: на сваю сэксуальнасць і наогул на гэтую сферу чалавечага жыцця. Зразумела, як прыемна атрымліваць задавальненне ад таго, што робіш, і атрымліваць асалоду ад сябе. Гэта мяне разняволіла не толькі ў інтымным жыцці, але і ў сацыяльным».
«Людзі яшчэ не прывыклі да таго, што можна маляваць тое, што забаранялі ў школе, – тое, што заўсёды было пад забаронай»
Марына Кавалёва: «Напэўна, я ўмацавала сваё меркаванне, што непрыгожых людзей не бывае. Спадабаўся той пераходны момант, калі пасля ацэнкі знешнасці ў цэлым пачынаеш заўважаць нейкія дэталі, гісторыю чалавека, яго стан, настрой. Потым пачынаеш бачыць прыгажосць у сваіх, здавалася б, недахопах знешнасці. Ацэньваеш іх не так строга. А яшчэ маляванне голых людзей – гэта весела і незвычайна».
Яўгенія Дубяшчук: «Як на мяне паўплывалі заняткі... Яны дапамаглі яшчэ раз прызнаць, што мая любоў да цела – мужчынскага і жаночага – гэта штосьці натуральнае, эстэтычна прыгожае. Людзям часам сапраўды складана далучыцца да майго захаплення чалавечым целам, а мне хацелася б, каб больш людзей разняволіла сваю свядомасць ад якіх бы там ні было комплексаў».
Ужо стартаваў новы набор у групу па маляванні цела чалавека. Падрабязнасці шукай тут.
«Нейтральная черная» ў Instagram
Фота – Таня Капітонава