Віктар Марціновіч правядзе аўтограф-сесію да старту продажаў рамана «Ноч»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.10.2018
- 12684
Хочаш урваць новую кнігу з аўтографам – бяжы ў «Акадэмкнігу» 12 кастрычніка.
На гэтым тыдні Віктар Марціновіч выпускае новую кнігу – раман «Ноч». Афіцыйны старт продажаў 12 кастрычніка, тады ж адбудзецца і аўтограф-сесія ў кнігарні «Акадэмкніга».
«Сябры стварылі падзею на Facebook, каб я ведаў, колькі прыкладна стрыжняў для асадкі браць з сабой у пятніцу. А то ведаеце як бывае: чалавек аўтограф хоча, а атрамант скончыўся. І ні ў кога ў горадзе нават алоўка не знайсці, усе пішуць у тэлефонах. А тэлефонам хіба кніжку падпішаш?» – так анонс аўтограф-сесіі пракаментаваў пісьменнік.
Выданнем рамана «Ноч» будзе займацца агенцтва Томаса Вілдынга, вядомае працай з аўтарамі з Усходняй Еўропы. «Томас параўнаў раман з Муракамі, а эпілог яму нагадаў вокладку апошняга альбома Pink Floyd "The Endless River". Томас будзе прадстаўляць раман на ўсіх мовах, акрамя RU і BY. Дзякуючы працы Томаса з "Мовай" у наступным годзе яна будзе перавыдадзеная ў Random House, найбуйнейшым выдавецтве свету», – дзеліцца прыемнымі навінамі Марціновіч.
У Беларусі раманам будзе занімацца выдавецтва «Кнігазбор».
Крыху пазней адбудзецца і digital-рэліз кнігі на 34mag. Сачы за навінамі, каб не прапусціць!