Мастакоў запрашаюць паўдзельнічаць у арт-праекце пра самаізаляцыю
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.04.2020
- 6657
Арт-прастора Moving Art Factory (MAF, вул. Куйбышава, 22, 6 паверх) запускае праект «Самаізаляцыя OFF». Калі ты – мастак, ілюстратар, скульптар, відэограф і наогул творчая асоба, то можаш паказаць усім, як бачыш жыццё падчас самаізаляцыі, а потым прыняць удзел у фінальнай выставе.
Эпідэмія выклікала крызіс у мастацтве. Адмененыя ўсе канцэрты, спектаклі, кінафэсты, выставы – усё тое, чым жывуць людзі, якія ствараюць мастацкія аб’екты. MAF прапануе ім узяць у рукі пэндзлі, балончыкі, камеру і паказаць сваё бачанне гэтай сітуацыі. Пасля заканчэння каранціну MAF арганізуе маштабную выставу «Самаізаляцыя OFF» (чэрвень 2020) у падтрымку сучасных мастакоў, на якой адбудзецца продаж работ. Сама выстава зойме ўсе 1500 кв.м. прасторы. Будуць задзейнічаны адначасова 4 залы, дзе людзі змогуць паглядзець кіно і спектаклі, купіць работы мастакоў, паслухаць выступленні лакальных музыкаў ці лекцыі, прыняць удзел у творчых і танцавальных майстар-класах, пазнаёміцца з мастакамі асабіста. Выстава пройдзе ўначы з пятніцы на суботу.
Умовы праекта «Самаізаляцыя OFF»
Падавай заяўку па спасылцы. У цябе будзе паўтара месяца на падрыхтоўку, ад аднаго ўдзельніка прымаецца да 5 работ. Усе ўдзельнікі вядуць відэадзённік, здымаюць працэс стварэння карціны і дзеляцца сваімі адчуваннямі з хэштэгам #самоизоляцияoff (праз сторыс у інстаграме). Выкладваць можна толькі сам працэс, а вынік убачаць наведнікі выставы. Адабраныя работы выстаўляюцца на продаж.
Удзельнічаць могуць мастакі, фатографы, скульптары, рэжысёры і відэографы, каліграфісты і графіцісты, танцоры, дызайнеры і музыканты. Пры неабходнасці арт-прастора MAF (вул. Куйбышава, 22, 6 паверх) дае месца для рэпетыцый, здымак, стварэння работ усім зарэгістраваным удзельнікам бясплатна. Засталіся пытанні? Пішы на maf.place2@gmail.com.