На віртуальнай плошчы Якуба Коласа адкрылася выстава, прысвечаная УНОВІСу
- Рубрыка: УЛОЎ
- 18.05.2020
- 6338
Выставачны праект «Мастак і горад» адкрыўся ў нязвыклым фармаце: культурная падзея праходзіць у анлайн-прасторы, наведаць экспазіцыю можна з любой кропкі свету і не выходзячы з дому.
Віртуальны тур на плошчы Якуба Коласа даступны на сайце праекта higminsk.by.
Дзявятая выстава «Мастак і горад» прысвечаная 100-годдзю УНОВІСа – авангарднага мастацкага аб’яднання, якое займалася радыкальным пераўтварэннем мастацтва. Мастакі, творчасць якіх прадстаўленая на выставе, – паслядоўнікі ідэй супрэматызму Казіміра Малевіча. Сярод аўтараў рэпрадукцый – жывапісцы аб’яднання «Квадрат», якое лічыцца спадчыннікам УНОВІСа. Усяго ў экспазіцыі 32 работы 16 віцебскіх мастакоў, сярод іх Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукін.
«Работы віцебскіх мастакоў вылучаюцца тым, што гэта не камерцыйнае мастацтва. У ім няма гламуру, жадання спадабацца. Гэта жывапіс! Кожны аўтар, прадстаўлены ў экспазіцыі, унікальны, кожны шукае свой шлях. У Віцебску шмат у чым сваё ўнікальнае культурнае асяроддзе. Мы імкнуліся гэта паказаць, адбіраючы працы для праекта “Мастак і горад”», – кажа пра экспазіцыю дырэктар музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Андрэй Духоўнікаў.
Экскурсію па экспазіцыі правёў супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч, вядомы арыгінальнай падачай.
Каб стварыць максімальны эфект прысутнасці, канструкцыі з рэпрадукцыямі карцін размясцілі ў панарамным фармаце гэтак жа, як яны выглядалі б у рэальнасці. Карыстальнік(-ца) інтэрнэту можа агледзець кожны стэнд з усіх бакоў, а пры націску на рэпрадукцыю карціна адкрыецца ў фармаце асобнага фотаздымка. Каб даведацца больш, можна скарыстацца аўдыягідам.
Плануецца, што выставачны праект ажыве ў традыцыйным афлайн-фармаце, як толькі тое дазволіць эпідэміялагічная сітуацыя. У планах таксама пераезд экспазіцыі ў Віцебск – родны горад для творчага аб’яднання УНОВІС.
Даведка: Штогод выставачны праект «Мастак і горад» знаёміць з выдатнымі сучаснымі мастакамі і збірае на плошчы Якуба Коласа ў Менску больш за два мільёны чалавек. У 2018-м выстава прайшла яшчэ і ў Віцебску, а налета пасля сталіцы пераехала ў Берасце. У 2019 годзе праект «Мастак і горад» стаў лаўрэатам найбуйнейшай ва Усходняй Еўропе і Сярэдняй Азіі прэміі Eventiada IPRA Golden Worlds Awards у намінацыі «Лепшы культурны праект». Сёлета праект рэалізуецца мемарыяльным музеем-майстэрняй З.І. Азгура сумесна з камунікацыйнай кампаніяй GBS і музеем «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Сёмы год запар генеральным партнёрам экспазіцыі выступае банк ВТБ (Беларусь).