Кнігарня «Сон Гогаля» закрываецца
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.01.2020
- 7226
Сумная навіна: кнігарня «Сон Гогаля» на Леніна, 15, зачыняецца. Яна праіснавала амаль чатыры гады, і за гэты час шчыльна замацавалася ў асабістых спісах soul places шматлікіх мінчан і мінчанак.
Уладальнікі крамы цёпла развіталіся з яе заўсёднікамі постам у Facebook: «Мы пяшчотна любім наш дом, мы ўсіх абдымаем і бясконца ўдзячныя за любоў, падтрымку, смех, музыку, мноства выдатных кніг ад усіх любімых выдавецтваў, лекцыі, сустрэчы, кіно, магічны тэлефон для размоў з пісьменнікамі, канцэрты, паэзію, бясконцыя гутаркі і радасць – за вельмі прыгожае жыццё, якое атрымалася дзякуючы вам, такім выдатным, якія ўваходзяць кожны сапраўдны дзень у арку нашай кнігарні. І мы заўсёды заўважалі крылы, якія выглядаюць з-пад паліто <...> Калі толькі адкрываўся “Сон Гогаля”, у самы першы вечар, сярод рамонту, пэндзлікаў і фарбаў мы на сцяне напісалі цытату з Пітэра Хёга "Дзвярэй не існуе, працягвайце стукаць!". Гэты надпіс потым быў нашым джокерам і сардэчным паказальнікам. Мы закрываемся, але ў нейкім вымярэнні мы ўсё роўна ўжо ёсць і будзем, таму што па-ранейшаму верым у любоў і паэзію».
За студзень камандзе незалежнай кніжнай трэба раздаць даўгі, і кожны (-ая) можа з гэтым дапамагчы: зазірні ў краму, выпі кавы, патапчы дыван на развітанне і прыхапі якую-небудзь цудоўную кніжку. Графік працы «Сну Гогаля»: з 10:00 да 22:00, серада-нядзеля.