Твая гісторыя можа стаць часткай спектакля Купалаўскага
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.10.2019
- 5925
Купалаўскі тэатр запусціў новы праект: называецца ён «1» / «Першы», а сэнс яго ў тым, каб стварыць спектакль на базе ўспамінаў розных людзей пра іх розны першы раз. Маюцца на ўвазе важныя моманты, якія здарыліся ўпершыню.
Распавесці можна пра што заўгодна: першае свята, першую здраду, першы пацалунак, першае пачуццё свабоды, першае каханне, першае адзіноцтва, першую смерць, першы яркі ўспамін у жыцці, першае расчараванне, першы канфлікт з бацькамі. Галоўнае, каб гісторыі адбыліся з табою ад маленства да пятнаццаці гадоў.
Працаваць над «1» / «Першы» будуць Рамана Падаляка і Міхась Зуй (гэта яны паставілі на камернай сцэне «Радзіва “Прудок”»). Ад іх прафесійнай магіі з рэальных расповедаў вылупіцца спектакль у жанры verbatim. Упэўненыя, гэта будзе нешта цалкам крутое, бо беларусы на вербацімах нават Нобелеўскія прэміі ўмеюць атрымліваць, а не тое што аншлагі ў камерных залах.
Гісторыі трэба дасылаць на raman.ramuald@gmail.com. Дэдлайн – 31 кастрычніка.