«Не трэба чакаць смерці, каб пачаць жыць». Інтэрв’ю з доўлай смерці і гора
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 09.10.2026
- 93
Смерць – гэта гора. Гора – гэта не толькі смерць. Страта мары, дому, надзеі, сэнсу жыцця, звальненне, эміграцыя, разрыў адносін таксама вартыя гаравання, а часам смерць незнаёмага чалавека ці гадаванца раніць мацней, чым сваяка, і гэта нармальна. Як пражываць страту, што дае нам смерць, кім мы станем пасля – пра гэта і не толькі шчыра гутараць доўла смерці Сара Токіна і аўтарка Таня Аліпчыкава.
Даведка: Доўла смерці падтрымлівае чалавека і яго блізкіх, калі хтосьці памірае. Доўла гора суправаджае тых, хто застаўся пасля страты. Хаця праца са смерцю існавала заўсёды, канцэпцыя доўлаў з'явілася ў пачатку 2000-х гадоў як частка шырэйшага руху за вяртанне і персаналізацыю догляду ў канцы жыцця. Тэрмін «доўла» быў запазычаны з грэчаскай мовы, дзе ён азначае «жанчына-слуга» або «тая, хто дапамагае».

Сара Токіна — доўла гора, рэжысёрка, куратарка і прадзюсарка культурных праектаў. Нарадзілася ў Полацку. З 2022 года жыве ў Варшаве. 20 гадоў працуе ў тэатры і сферы культуры, займаецца міжнароднымі культурнымі і адукацыйнымі праектамі, падтрымкай незалежных мастакоў і музыкаў. Выпускніца праграм Death Foundation «Прастора гора» (2025) і «Доўла смерці» (2026). У сваёй доўльскай практыцы суправаджае людзей, якія перажываюць гора, розныя віды страт і складаныя жыцёвыя пераходы, а таксама працуе з персанальнымі рытуаламі. Для яе тэатр і доўльства звязаныя перш за ўсё з увагай да чалавечага вопыту, кантакту і здольнасці быць побач з моцнымі пачуццямі.
***
Пра шлях: «Быццам я зрабіла генеральную ўборку ў доме свайго жыцця»
– Як у тваім жыцці здарыўся такі радыкальны скачок – ад тэатра да доўлы?
– Знаёмыя пастаянна пытаюцца: як гэта можа быць звязана? Можа. Тэатр – бяспечны спосаб пражывання складаных эмоцый: пакуль акцёры на сцэне іграюць выдуманую гісторыю, глядач пражывае свае сапраўдныя пачуцці, гэта можа быць што заўгодна: і страх, і страта. У тэатры ёсць тэрапеўтычны эфект. Але галоўнае ў ім – кантакт, які ўзнікае паміж гледачом і акцёрам, творам, гісторыяй. Калі гэты кантакт узнікае, ён нас мяняе. Часта бывае, што людзі яшчэ тыдзень пасля спектакля думаюць пра ўбачанае, перажываюць тое, што іх закранула. У доўльстве таксама галоўнае – кантакт. Доўла дапамагае чалавеку быць убачаным, пачутым і прынятым у сваёй страце.
– Якім чынам і навошта ты прыйшла ў гэтую прафесію?
– Крыху больш за год таму я наогул не ведала, што яна існуе. Трапілася кантэкстная рэклама ў інстаграме пра доўлаў – і проста стала вельмі цікава. Тэма смерці прываблівала мяне і раней, а тут я зацікавілася, што гэта за праца такая, пачала шукаць, чытаць, глядзець. Знайшла кам’юніці, якое праводзіць навучанне, і летась у жніўні пайшла на першую адкрытую анлайн-сустрэчу, прысвечаную рытуалам, бо я іх люблю.
На ёй фаўндарка праекта падзялілася такой думкай: «Я не ведаю, што можа адбыцца ў маім жыцці: смерць блізкіх, страта дзіцяці, вайна, эміграцыя, усё, што заўгодна. Але я ведаю, што я дастаткова ўстойлівая, каб падтрымаць сябе ў любой сітуацыі, прайсці праз гэта. Падтрымаць сябе, а потым і людзей – і сваіх блізкіх, і людзей, якія вакол». Мне гэтая думка страшна спадабалася! Гэта быў мой чацвёрты год эміграцыі, настаў момант, калі здавалася, што ўсё развалілася, і я не магла даць рады. Падумала, што хачу гэтаксама быць у стане сябе падтрымаць.
Першы курс, на які я пайшла, быў навучаннем на доўлу гора. Ён цягнуўся два месяцы і даў зразумець, якая колькасць неадгараванага ёсць у маім жыцці. Падчас навучання я зразумела, што ў мяне была такая тэндэнцыя: у нейкіх складаных сітуацыях, калі трэба было пражываць цяжкія эмоцыі, я альбо як вар'ятка працавала, альбо як вар'ятка весялілася. Гэта значыць, пазбягала пражывання, і ў мяне за жыццё назапасіўся вялікі пласт усяго. Пакуль ішоў курс, у мяне атрымалася вярнуцца ў самае дзяцінства з таго моманту, калі я сябе памятаю, і я проста крок за крокам адгароўвала ўсё, што я там знайшла.
«У нас быў занятак, на якім паэтапна можна было назіраць, як памірае чалавек»
З гэтага навучання я выйшла проста іншым чалавекам, з іншай якасцю жыцця і з іншым да яго стаўленнем. Быццам я зрабіла генеральную ўборку ў доме свайго жыцця.
А пасля мне захацелася працягу, я пайшла на курс доўлаў смерці, і ўжо там зразумела, што хачу ісці ў практыку, «выходзіць да людзей». У працэсе навучання можна зразумець, гатовая ты такім займацца ці не. Напрыклад, у нас былі заняткі, на якіх паэтапна можна было назіраць, як памірае чалавек (гэта былі вучэбныя матэрыялы паліятыўнай медсястры, атрыманыя для навучальных мэтаў са згоды сваякоў): якія змены ў скуры, як мяняецца дыханне. Доўлам смерці трэба абавязкова гэта ведаць, як і тое, якія дакументы афармляюцца пасля скону. То-бок увесь фізіялагічны і бюракратычны працэс па кроках.
– Я пра доўлаў смерці даведалася сем гадоў таму. І мне вельмі моцна падабаецца тое, што вы транслюеце: любая страта – гэта гора. Няхай гэта будзе звальненне ці будучыня, якая не адбылася. І калі б не смерць-асветніцтва, не ведаю, калі б я задумалася і ўсвядоміла гэта. Большасць людзей таксама не разумеюць. Таму прашу цябе расказаць падрабязней пра важнасць пражывання любой страты.
– Ніякія моцныя непражытыя эмоцыі не знікаюць бясследна. Нават калі перажыванне не даходзіць да рацыянальнага ўзроўню ўсведамлення страты, цела фіксуе і пражывае яго, і праз гэта ўсё тое, што засталося ў зоне неўсвядомленага, часта сыходзіць у псіхасаматыку. У выніку людзі пачынаюць хварэць або адчуваюць сябе блага на псіхалагічным узроўні.
Менавіта таму ў першую чаргу важна праяўляць максімальную ўвагу да сябе і даваць сабе права на пражыванне пачуццяў. Грамадства, хоць гэтая тэндэнцыя паступова і мяняецца, традыцыйна схіляе чалавека да таго, каб быць моцным і заглушаць слабасць. Увага да ўласных перажыванняў, глыбокіх пачуццяў, гора ці няздзейсненых мараў часта ацэньваецца нізка, бо «гэта ж не смерць». Але тое, што не ўдалося пражыць, назаўжды застаецца багажом за плячыма.


Фота: Аляксандра Канончанка
Пра смерць блізкіх: «Патрабавалася фізічнае дзеянне, каб размарозіць застылыя пачуцці»
– Грамадства навязвае, што ўсім трэба быць моцнымі, а яшчэ мне «падабаецца», калі кажуць «ну ўжо трэба гэта перажыць». Але, каб перажыць нешта, трэба спачатку гэта пражыць. Думаю, доўлы якраз дапамагаюць пражываць, і гэта вельмі крута і неверагодна важна. Ты згадала раней пра сваю любоў да рытуалаў. Можаш расказаць пра тыя, што выкарыстоўваеш у працы?
– Сталых і абавязковых рытуалаў не існуе – праца доўлы будуецца выключна на запыце кліента, характары страты і тым, як чалавек сам уяўляе развітанне. Гэта можа быць ліст, прысутнасць людзей, музыка ці сумеснае дзеянне.
У якасці прыкладу прывяду сваю гісторыю. У 2008 годзе пайшла з жыцця бабуля, якая мяне выхоўвала і была галоўным чалавекам у маім жыцці. Праз тое, што я прыехала на пахаванне ўсяго на тры дні, мяне тады цалкам «замарозіла»: я нічога не адчувала і быццам знаходзілася ў кантэйнеры. Перажыць гэта належным чынам не атрымалася. Мая мама пераносіла страту вельмі цяжка, і ў той момант я не змагла ні раздзяліць з ёй гэта, ні падтрымаць яе.
Пазней, знаходзячыся ў эміграцыі і не маючы магчымасці паехаць на магілу ў Беларусь, я вырашыла перапражыць смерць бабулі. Разам з мамай – стэліўшыся і абмяркоўваючы кожны крок – мы сабралі прыгожую шкляную шкатулку з рэчамі, якія маглі б спадабацца бабулі: з вінтажнай хусткай яе любімага колеру, са старадаўнімі манетамі, брошкай, флаконам парфумы і крыжыкам. Гэта сумеснае заняцце вельмі нас зблізіла.
Мне патрабавалася фізічнае дзеянне, каб размарозіць застылыя пачуцці. Я купіла вялікі кветкавы гаршчок і, нікуды не спяшаючыся, рукамі складала ў яго зямлю. Уключыла любімую песню бабулі – «Кацюшу», якая была звязана з гісторыяй яе першага кахання падчас вайны. Побач стаяла яе фатаграфія, і я выплакала ўсё, што не змагла адплакаць шмат гадоў таму.
Цяпер магіла бабулі знаходзіцца ў мяне на балконе: у вялікім вазоне пасаджаныя расліны (цяпер аксаміткі), якія я час ад часу мяняю. Дзякуючы гэтай працы з зямлёй і цялеснаму пражыванню я нарэшце змагла адплакаць тое пахаванне і адпусціць боль.
«Цяпер магіла бабулі знаходзіцца ў мяне на балконе»
– Мне знаёмы твой боль. Мая бабуля таксама была галоўным чалавекам у маім жыцці, яна памерла ў 2006 годзе, і толькі праз 10 гадоў я гэта ўсвядоміла.
У сям'і ніхто нікога не падтрымлівалі, не таму што ўсе чэрствыя, а таму што не ўмелі гараваць наогул. Усе зачыняліся ў сваіх скрыначках. Не было навыку бедавання, але было шмат страхаў і стэрэатыпаў, асабліва вакол пахавання. Развітваліся так, як было «правільна». А па сутнасці гэта наогул не пра памерлага чалавека, і гэта не пра маё пражыванне: навязваюць, як правільна пакутаваць, што надзець на сябе, на нябожчыцу.
Калі памёр мой бацька, развітанне арганізоўвала не я, бо была ў іншай краіне. Я прыехала толькі на пахаванне. Не застала, на шчасце, святара, якога запрасілі, хоць мой тата не быў веруючым. Бацьку апранулі ў касцюм, які б ён ніколі не насіў. Гэта ўсё адчувалася вельмі ненатуральна.
Пакуль мы ехалі з труной на могілкі, я захацела ўключыць песню татавай любімай «Машыны часу». Мой брат падтрымаў мяне, мы хацелі так развітацца. Далакопы, якія ехалі з намі, пачалі адгаворваць, казалі, што так не прынята. Я адчула моцны ціск, падумала, што яны лепш ведаюць, як слушна. Але, на шчасце, спыніла гэтыя думкі, зноў прыслухалася да сабе і абараніла сваё жаданне: «Не, я буду рабіць усё, як я хачу. Гэта мой тата». Мы цудоўна дабраліся да могілак, і ў мяне было адчуванне, быццам я нешта зрабіла так, як было варта і як тату было б прыемна.
Наогул пахаванне прымушае задумацца пра тое, як я хачу, каб мяне хавалі. Я падрыхтавала «інструкцыю» (яна ляжыць на працоўным стале), дзе прапісана, чаго б мне хацелася, і наадварот.

Фота: Аляксандра Канончанка
«Перажываеш вельмі вострае адчуванне таго, што ўсё гэта неверагодна цудоўна – і з табой, і без цябе»
Пра ўсведамленне сваёй канечнасці: «Ты разумееш, чаго б хацела ў жыцці найбольш»
– Падчас вучобы ты задумвалася пра штосьці, што раней ніколі не прыходзіла да галавы?
– Перш чым пайсці працаваць з іншымі, ты мусіш нейкія рэчы пражыць сама. Раскажу пра адно практыкаванне. Трэба было спланаваць сваю смерць. Прапанаваныя абставіны: табе паставілі смяротны дыягназ і застаецца, дапусцім, тры месяцы да канца жыцця – як ты іх правядзеш?
Пачынаеш планаваць гэты час: што б ты рабіла, як, з кім; дзе хочаш памерці, якое святло ў пакоі, якая пасцельная бялізна, што гучыць, ці патрэбна табе абязбольнае, хто побач з табой у гэты момант. Плануеш літаральна дзень за днём, і гэта вельмі моцна зазямляе сітуацыю. Ты пачынаеш думаць: з кім застанецца твой кот? Ці ёсць у тваёй сям'і грошы на пахаванне? Ці могуць яны на яго прыехаць? Якія ў цябе дакументы падпісаны? Я зразумела сваю бабулю, у якой у шафе ляжаў камплект адзення і грошы на пахаванне: яна ведала, што гэта цэлая справа.
Але галоўнае: калі пачынаеш уяўляць, што б ты рабіла ў апошнія дні, ты разумееш, чаго б хацела ў жыцці найбольш. І задаешся пытаннем, чаму ты чакаеш, каб засталося тры месяцы. Галоўны мэсэдж усяго навучання: не трэба чакаць смерці для таго, каб пачаць жыць. Адкладаць жыццё на потым – самая вялікая памылка.
І яшчэ было такое пражыванне: калі я ўяўляла сваю смерць, перад вачыма быў вішнёвы сад, які ўжо адцвітаў. Я бачыла ўсё ў сонечным святле, у слоў-мо: лісце, белыя кветкі, дзьме вецер. Столькі прыгажосці і эфемернасці! Я сказала сабе: «Уяві ўсё гэта: сад, лісце, усё, што ты любіш у жыцці, захады, світанні – яно будзе, а цябе не будзе». Я пранізліва востра адчула гэты момант, гледзячы на белыя кветкі на ветры: усё будзе, а мяне не будзе. Не ведаю, ці ёсць у гэтым трагізм, але перажываеш вельмі вострае адчуванне таго, што ўсё гэта неверагодна цудоўна – і з табой, і без цябе.
– У мяне праблемы з прыняццем сваёй смяротнасці. У тым ліку таму хачу аднойчы адвучыцца на доўлу смерці. Перыядамі лягчэй, але часам не магу і не хачу прыняць сваю канечнасць, вельмі складана з гэтым. Смерць іншых для мяне зразумелая, таму што я губляла шмат блізкіх, а свая – не. У цябе як з гэтым, калі можаш падзяліцца?
– Я чалавек не рэлігійны, але веруючы, таму лічу, што жыццё не скончыцца на тым, што я памру. Гэта, вядома, крытычны чэк-пойнт і поўная змена стану існавання, але я веру, што я буду працягваць жыць, як энергія ў космасе, не перастану існаваць. Вось гэтай асобы – Сары – ужо не будзе, але зусім я не знікну.
Ты мяняешся, ты іншы, але гэта не значыць, што гэта канец. Будзе нешта яшчэ. Гэта маё глыбокае жыццёвае перакананне. Я нікога не агітую верыць у яго, проста расказваю.
– Я нядаўна прыйшла да думкі, што я ж неяк з'явілася, аднекуль узялася. Што замінае мне з'явіцца яшчэ раз? Не мне такой, як я цяпер, а нейкай іншай.
Ці планавала ты ўжо сваё пахаванне, ці пісала нейкі тастамент?
– Я дакладна ведаю, дзе я хацела б гэта зрабіць. Ёсць адно месца ў Літве, якое я вельмі люблю, прыязджаю туды некалькі разоў на год: у лесе стаіць дом, на беразе возера. Апошні раз я была там увесну, сядзела на тэрасе на досвітках, глядзела на ўсю прыгажосць вакол і думала: «Вось бы тут развеяцца». О, яшчэ я дакладна хачу, каб мяне крэміравалі.
– Хачу верыць, што гэтае інтэрв'ю дапаможа смерць-асветніцтву, гора-асветніцтву, каб людзі не баяліся думаць і гаварыць. Можа, ёсць нешта, што ты б хацела яшчэ дадаць?
– Галоўная думка, з якой я ішла на інтэрв'ю, каб абавязкова яе агучыць: не трэба чакаць смерці, каб пачаць спраўджваць свае мары. Усведамленне сваёй канечнасці вельмі моцна ўплывае на ўсё: што ты робіш кожны дзень, якія рашэнні прымаеш, як размаўляеш з людзьмі. Гэтае ўсведамленне мяняе якасць жыцця і дае магчымасць убачыць яго па-новаму.
Спіс кніг і кінастужак ад Сары Токінай, якія кранаюць тэмы гора і смерці:

«Dying»
(2024)
Matthias Glasner

«The Room Next Door»
(2024)
Pedro Almodóvar

«Tukdam: The Point of Death»
(2023)
Donagh Coleman

«I Origins»
(2014)
Mike Cahill

«The Way» (2010)
Emilio Estevez

Ірвін Ялам і Мэрылін Ялам
«Пра жыццё і пра смерць»

Ірвін Ялам
«Узіраючыся ў сонца»

Ліза Святлова
«Пра што маўчыць фатаграфія:
як сучасныя постмортэмы
дапамагаюць жыць»

Лонг Літ Вун
«Шлях праз лес.
Аб грыбах і смутку»

Аксана Васякіна
«Рана»

Роланд Шульц
«Як мы паміраем. Канец жыцця
і што мы павінны
пра яго ведаць»
Фота гераіні: Аляксандра Канончанка, Таня Аліпчыкава. Ілюстрацыя: Gustopo