Спыніся і пачні: як і навошта назіраць за птушкамі?

  • 28.10.2025
  • 1476

Калі ў цябе ёсць вольны час, які хочацца канвертаваць у незвычайныя ўражанні, чаму б не завесці новае хобі? У новай рубрыцы 34mag.net «Спыніся і пачні» людзі, якія шчыра нечым захапляюцца, падкажуць, з чаго пачаць, і распавядуць пра радасці, якія чакаюць цябе на гэтым шляху. У першым выпуску арт-менеджарка, аўтарка кнігі «Ляцела белая птушка» Марыя Гуліна ўводзіць нас у сакрамэнты бёрдвотчынгу. Разам з ёй прыглядаемся да занятку, які абажаюць Пол Макартні, Маргарэт Этвуд і Джонатан Франзэн.

 

У чым цымес назірання за птушкамі?

 

Па-першае, птушкі прыкольныя.

Вось пруфы:
 


Вялікі кулён

Нырок-свірок

Звычайны зімародак

 

Нават калі птушкі не выглядаюць аж настолькі абаяльна, яны ўсё роўна смешныя і прыгожыя, у іх розны лад жыцця і розныя характары, якія цікава даследаваць. «З часам ва ўсіх з'яўляюцца ўлюбёнцы. Хтосьці любіць чаек, хтосьці – драпежнікаў, – кажа Марыя. – Я аддаю перавагу пеўчым гарадскім птушкам і кулікам. Ва ўсіх свае кінкі».

Назіранне за птушкамі надае большую асэнсаванасць усяму, што ты бачыш навокал, а яшчэ гэта можа быць нагодай для гісторый: у канцы года Марыя піша тэкст з гісторыямі пра 12 птушак – па адной на кожны месяц, і потым можна звярнуцца да гэтага дзённіка, каб узгадаць падарожжы, сустрэчы, эмоцыі ды смак марозіва з рэвеню.

 

Бёрдвотчынг робіць цябе больш уважлівым(-ай) да таго, што цябе атачае.

Часта кажуць, быццам у горадзе і глядзець няма чаго – «адны вераб'і ды вароны». Але калі ты пачынаеш узірацца, то заўважаеш, што ёсць варона, а ёсць галка, а ёсць грак – і яны ўсе вельмі адрозныя па нораве. Потым ты бачыш малінаўку з чырвонай грудкай, шпака, які пераліваецца на сонцы, гарыхвостку-чарнушку з рудым хвосцікам, зябліка з яго пазнавальнымі трэлямі.

Пячураўку-ценькаўку ўбачыць складана, затое яе гук ні з чым не зблытаеш, і гэта таксама класна: ты ідзеш праз сквер – і дакладна ведаеш, хто тут жыве. Такім чынам гарадскія прасторы становяцца асэнсаванымі і напоўненымі жыццём. Ты ўсталёўваеш сувязь з прасторай, лепш разумееш яе рытмы, канцэнтруешся ўжо не на прыдуманых межах і бюракратычных кардонах, а на прыродных участках, якія існуюць аб’ектыўна. Ты заўважаеш шмат жыццяў, якія тут праходзяць, а не толькі чалавека, які ўсё пад сябе падмяў. Канкрэтны ландшафт набывае для цябе значэнне, і ты натуральна хочаш аб ім клапаціцца.

 

Праз бёрдвотчынг лёгка знаёміцца з новымі людзьмі.

Дзе б ты ні жыў(-ла) – амаль паўсюль можаш нагугліць мясцовыя супольнасці людзей, з якімі будзеш абмяркоўваць птушак ці разам ездзіць на іх глядзець. Звычайна бёрдвотчары адкрытыя да навічкоў і не цкуюць таго, хто назаве крачку чайкай.

– Калі я пераехала ў Ліверпуль, бёрдвотчынг стаў вялікай часткай маёй сацыялізацыі на новым месцы. У Вялікабрытаніі ёсць «Каралеўскае таварыства аховы птушак» з мясцовымі групамі ў рэгіёнах. Ты плаціш смешны ўзнос (тыпу 7 фунтаў у год) – і можаш браць удзел ва ўсіх іх мерапрыемствах, а там кожны месяц паездкі ў нейкую прыродную зону і бёрдвотчынг. Так я ўбачыла шмат месцаў, якія інакш бы не пабачыла, бо туды не ходзіць грамадскі транспарт. Мы нават ездзілі на тры дні на іншае ўзбярэжжа.

Дарэчы, для бёрдвотчара пытанне «Адкуль ты?» можа распачаць цікавую размову. Замест тыповага нуднага лекторыя пра Беларусь для замежнікаў ёсць варыянт расказаць пра птушак сваёй краіны, а калі чалавек там быў – абмяняцца ўражаннямі.

  Падрабязней пра тое, дзе лепш назіраць за птушкамі ў Беларусі, чытай на 34travel.me.

Нават па-за бёрдвотчынгавай супольнасцю птушкі – добрая тэма для смол-току: можна спытаць чалавека пра яго любімую птушку ці паказаць фота нейкай дзівачкі – ды хоць бы вусатай сініцы – і лёд будзе зламаны.

 


 

Назіранне за птушкамі – клёвы занятак, калі любіш вандраваць на прыродзе.

У цябе з'яўляецца нагода для даследавання новых месцаў і нацыянальных паркаў. У турыстычным бізнэсе ёсць асобны кірунак пад бёрдвотчараў, і – не паверыш – нехта купляе квіток у Беларусь не для таго, каб наведаць Мірскі замак ці домік Шагала, а адмыслова для таго, каб пабачыць белую блакітніцу або вяртлявую чаротаўку. Ты таксама можаш спланаваць сваё падарожжа з птушкаглядамі або пашукаць бёрдвотчарскія прагулкі там, куды едзеш па іншых справах.

– Быўшы ў Фларыдзе, я з'ездзіла на шпацыр ад мясцовай птушынай арганізацыі. Там было балота, якое проста кіпіць жыццём. З мінусаў бёрдвотчынгу: усюды трэба прыязджаць вельмі рана.

Нічога не паробіш, птушкі актыўныя раніцай ці ўвечары, ніхто – днём. Калі мы ездзілі глядзець цецерукоў у Уэльсе, трэба было ўстаць а пятай раніцы, каб у сем гадзін быць на месцы. Затое ты становішся сведкай неверагодных працэсаў. Толькі ўяві: світанак, залаціста-фіялетавая верасовая пустка і цецеруковы ток – цецерукі ходзяць, распушыўшы хвасты, курлыкаюць. Яны робяць гэта цяпер, рабілі гэта ўчора і будуць рабіць заўтра, калі цябе там не будзе. І ты разумееш, што свет поўны дзіўных рэчаў, якія ад цябе схаваныя і адбываюцца дзесьці самі па сабе, але часам шанцуе – табе даюць падглядзець за гэтым цудам. Для мяне гэта крыху містычны вопыт.

 

 

Што трэба, каб пачаць бёрдвотчыць?


Вызначальнік птушак.

Каб зразумець, хто тут ціўкае. Вызначальнік можа быць электронным, можа быць друкаваным. Ёсць больш агульныя – «Птушкі Еўропы», ёсць лакальныя – «Птушкі Беларусі».

У вызначальніках ты знойдзеш апісанні птушак з візуалам, а таксама спасылкі на дадатковыя матэрыялы, напрыклад гукі. Але нават самы падрабязны вызначальнік не заўсёды дапамагае напэўна: ёсць птушкі вельмі падобныя, да таго ж некаторыя значна змяняюцца на працягу жыцця. Не хвалюйся, калі спачатку будзе складана зразумець, што мелі на ўвазе арнітолагі, напісаўшы, што ў гэтай птушкі дзюба «больш загнутая», чым у іншай. Калі з'явіцца нагледжанасць, ты пачнеш адчуваць вайб канкрэтнай птушкі – і дзюба сапраўды падасца «больш загнутай». А першыя складанасці ўспрымай як яшчэ адну нагоду пагутарыць з іншымі аматарамі птахаў – яны ахвотна падкажуць, што за прыгажун трапіўся табе на шляху.

 

 

 

 

Праграма або нататнік, у якім будзеш запісваць, каго ўбачыў(-ла).

Многія бёрдвотчары вядуць спісы. Апроч таго, што гэта парадак і сістэматызацыя, гэта яшчэ і навуковае валанцёрства: навукоўцы могуць карыстаць у сваіх даследаваннях дадзеныя, якімі людзі дзеляцца на папулярных платформах.

Ствараючы спісы, птушкагляды пераследуюць розныя мэты. Хтосьці імкнецца ўбачыць як мага больш відаў і можа забукаць тэрміновы пералёт, каб убачыць незвычайную качку, якую занесла ветрам туды, дзе яна не водзіцца (асуджаем такія практыкі!). А хтосьці даглядае свой «паплавец», скрупулёзна запісваючы ўсіх рабят, якія на ім з'яўляюцца. Гэта patch birding – назіранне і рэгістрацыя птушак у сваім двары ці іншым месцы, дзе часта бываеш. Пэтч-бёрдынг карысны і для персанальнай сувязі з месцам, і для навукі: выглядае, нібы ты лабарант на дыстаныёнцы, які кантралюе свой «аб'ект».

Нехта вядзе гадавыя спісы, нехта вядзе лайф-ліст (у Машы ў такім ужо 270 відаў). Ідзеш на шпацыр і запісваеш усіх, каго бачыш. Можна запусціць праграму, якая трэкае маршрут, паказваючы птушак, якія часта на ім сустракаюцца. Тады іх проста адзначаеш галачкамі, а калі захочаш дадаць нетыповую для месца птушку, дадатак запытае пруфы. Апкі ў краме мабільных праграм шукай па запыце «birdwatching»: сярод самых папулярных – Merlin Bird ID і eBird.

 

Бінокль.

Спачатку можна абыходзіцца вачыма, узмоцненымі зумам камеры на тэлефоне. Але бінокль кардынальна пашырае досвед. Ты станеш нашмат больш заўважаць і зможаш назіраць за звычкамі птушак з вялікай адлегласці, іх не турбуючы: з біноклем ты ўбачыш, як птушкі стасуюцца адны з аднымі, як будуюць гнёзды, як гадуюць птушанят або проста шукаюць жучкоў-чарвячкоў. Табе стане нашмат больш зразумела, чаму яны паводзяць сябе так ці інакш.

 

Фотакамера.

Пункт не абавязковы. Але з фотаапаратам і добрым аб'ектывам ты зможаш рабіць добрыя фота ў розных ракурсах, па якіх будзе прасцей вызначыць птушку.

– Ёсць людзі, якія бёрдвотчаць без камеры. Але мне цікава расказваць гісторыі, якія адбываюцца са мной падчас паездак, і фатаграфія для мяне – спосаб запомніць, што канкрэтная птушка рабіла і ў якіх абставінах я яе ўбачыла. З карцінкамі гэта прасцей. Аднак тут важна памятаць аб этычнасці. Нельга фатаграфаваць птушак ці птушанят на гняздзе, бо такім чынам ты адкрываеш месца драпежнікам. Драпежнікі вельмі кемныя. Яны разумеюць, што калі нехта тут спыніўся – хай нават каротка – гэтае мястэчка варта праверыць. У цэлым не варта лезці да птушкі любой цаной і непакоіць яе.

 

 

Як даць нырца ў бёрдвотчынг?


Можна пачаць з падкастаў:

 

Або кніг:

 

  Больш птушынага кантэнту для пачаткоўцаў (і не толькі) шукай тут і тут.

 

Фота на галоўнай: Zdeněk Macháček / Unsplash