VEHA шукае здымкі з сямейных архіваў для новай кнігі пра Беларусь

Каманда фотаархіва VEHA распачала працу над другім томам кнігі «Руіны Беларусі» і запрашае ўсіх неабыякавых да захавання агульнабеларускай спадчыны пакапацца ў сямейных архівах і падзяліцца здымкамі ХХ стагоддзя, на якіх выяўленыя руіны ды гістарычныя будынкі Беларусі.

Першы том «Руін Беларусі» выйшаў год таму. Кніга трапіла ў бібліятэкі па ўсім свеце, была прадстаўленая на выставах і атрымала прэстыжную польскую прэмію Najpiękniejsze Polskie Książki 2025. Як бачым, гісторыя з хатніх альбомаў можа быць важнай не толькі для сям’і, якая яе зафіксавала. «У афіцыйных архівах гісторыя звычайна прэзентуецца праз вялікія падзеі і вядомых людзей. Сямейная фатаграфія працуе інакш. Яна захоўвае гісторыю гарызантальна, праз тысячы асобных успамінаў, выпадковых здымкаў і паўсядзённых сцэн, – падкрэсліваюць стваральнікі выдання. – Гэтыя фрагменты можна скласці, як пазлы, у вялікую карціну візуальнай гісторыі Беларусі, а кніга захавае яе для будучыні».

Падчас працы над «Руінамі» стала зразумела, што матэрыялу збіраецца значна больш за аб’ём, які можна змясціць пад адной вокладкай. Таму праект натуральна вырашыў пашырацца, і цяпер самы час далучыцца да яго, калі першы кол ты прапусціў(-ла), а заадно стрэсці пыл з сямейнай фотахронікі.

VEHA чакае здымкі, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1990 года, на якіх можна ўбачыць руіны гістарычных будынкаў. Гэта могуць быць замкі, сядзібы, цэрквы і касцёлы, сінагогі, млыны, вакзалы ці нешта яшчэ. Зусім выдатна, калі на фоне руін пазіруюць людзі. Архіў VEHA збірае толькі лічбавыя копіі, арыгіналы застаюцца ў сям'і. Копіі прымаюць да 1 снежня на пошту: archive.veha@gmail.com. Па магчымасці дадавай да кожнага здымка інфармацыю пра яго: год, месца, хто на фота ды іншае. Усе фота, што пройдуць сіта адбора, будуць змешчаныя ў анлайн-архіве (на сённяшні дзень у ім больш за 3000 унікальных фота!), а найбольш цікавыя з’явяцца на старонках «Руіны Беларусі. Том II».

  Падрабязней пра open call і ўласна архіў чытай на сайце.