Лекцыя дня: «Што такое “норма”?»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.09.2026
- 53
На YouTube выйшла лекцыя сацыяльнай антрапалагіні Яны Санько «Хто вырашае, што з намі “не так”? Псіхалогія, улада і грамадства».
З яе можна даведацца, чаму ўяўленне пра «нармальную» псіхіку змяняецца з эпохамі і чаму стрэс ад дрэннай працы ці дыскрымінацыі часта лічаць не праблемай грамадства, а асабістай справай самога чалавека. Мігрантаў вінавацяць у тым, што яны нібыта не інтэгруюцца, жанчын – у тым, што яны сутыкаюцца з небяспекай на вуліцах горада, а бедных людзей – у адсутнасці амбіцый: маўляў, працуйце больш – і не будзеце беднымі. Людзям з ментальнымі разладамі, у сваю чаргу, могуць рэкамендаваць «не прымаць усё блізка да сэрца», а могуць увогуле паставіць пад сумнеў існаванне праблемы.
Лектарка прапануе разабрацца, як гісторыя і эканоміка ўплываюць на тое, што мы лічым псіхічным здароўем і разладамі, як стомленасць, гнеў і прыгнечанасць пераўтвараюцца ў дыягназ і чаму псіхалагічныя веды не такія нейтральныя, як можа выглядаць звонку.
Лекцыя Яны Санько выйшла ў межах лекторыя Scholars for Belarus, які адрасаваны ўсім, хто цікавіцца гуманітарнымі ведамі і хоча пашырыць свой далягляд. Раней на канале выходзілі лекцыі пра смерць, цела, ежу, час, прастору і сям’ю – гэтыя тэмы часта застаюцца па-за ўвагай акадэмічных даследаванняў, але іх магчыма (і цікава) разгледзець з пункту гледжання самых розных навук: эканомікі, гісторыі, філасофіі, літаратуразнаўства і гэтак далей.