Іван Уласаў і Сцяпан Навасельскі
- 21.08.2019
- 5643
Пагутарылі з 16-гадовымі хлопцамі з TeenStart, якія ладзяць адукацыйныя мерапрыемствы для падлеткаў, пра тое, навошта яны ў гэта ўвязаліся, што робіць чалавека па-сапраўднаму дарослым і ці трэба ў сучаснай Беларусі канчаць ВНУ.
Праект: Каманда TeenStart ладзіць мерапрыемствы па прафарынтацыі і актуальнай адукацыі са спікерамі – паспяховымі беларусамі. Таксама рабяты арганізуюць клубы з варкшопамі і кінапраглядамі ды выпускаюць відэаінтэрв’ю з ініцыятыўнымі падлеткамі, каб прадэманстраваць, што сёння магчыма ўсё.
Герой: Іван Уласаў
Узрост: 16
Адукацыя: няпоўная сярэдняя
Праекты: TeenStart
Герой: Сцяпан Навасельскі
Узрост: 16
Адукацыя: ДУА Гімназія № 1, Ліцэй № 2 (эканамічны)
Праекты: TeenStart, Digital-marketing
Пра тое, што матывуе
Сцёпа: У Беларусі ёсць пласт падлеткаў, якім цікава хадзіць на лекцыі, адукацыйныя івэнты і ўсё такое. Дык чаму б іх не стварыць? Я наведваў канферэнцыі для дарослых, і гэта матывавала зрабіць нешта падобнае для падлеткаў. Мне хацелася, каб мае сябры развіваліся разам са мной.
Ваня: Я быў на панэльнай дыскусіі, дзе Віктар Бабарыка [кіраўнік Белгазпрамбанка. – заўв. 34] сказаў, што ў Беларусі 80% замовы на работнікаў – гэта дзяржзамова, а ёй не вельмі моцна патрэбныя разумныя людзі. Халера, а мы хочам, каб у Беларусі былі разумныя людзі! Мы хочам рабіць клубы і канферэнцыі, каб стварыць больш патэнцыйных працадаўцаў і работнікаў, якія хочуць, каб да іх ставіліся як да разумных людзей.
Мне дзіка хацелася займацца чымсь карысным, рабіць нешта ў Менску. Я вельмі люблю наш горад, шчыра, але, калі я гэта кажу, на мяне некаторыя сябры глядзяць: «Чаго?». У мяне перад вачыма ёсць прыклад маіх бацькоў, якія ўсяго дамагліся самі. Хочацца адпавядаць.
«Калі дарослыя бачаць, што чалавек рэальна робіць праект, то на ўзрост увагу не звяртаюць»
Пра тое, што можна рабіць у Беларусі
Сцёпа: Калі дарослыя бачаць, што чалавек рэальна робіць праект, то на ўзрост увагу не звяртаюць. Напрыклад, Віёла Якіменка – кіраўніца MolaMola – узяла нас пад свой ментарскі кантроль. Нядаўна мы сустракаліся ў офісе, разбіралі маркетынг і прасоўванне нашага праекта. Яна нам падказала дробныя фішкі, пра якія мы не чулі.
Ваня: Мы спачатку былі заклапочаныя, як будзем пісаць дырэктарам, кіраўнікам кампаній. Беларусаў лічаць досыць закрытымі, але ў плане прафесійных стасункаў яны цалкам сабе адкрытыя. У большасці сваёй ментары зусім не супраць таго, каб выступіць у нас.
Сцёпа: Ёсць стэрэатып пра пераезд за мяжу, дзе больш магчымасцяў, усё быццам бы лепш. Але, нават калі ты жывеш у Маскве, дзе шмат паспяховых людзей, табе да іх трэба яшчэ дагрукацца. Яны тусуюцца на падземным паверсе Moscow City. Як табе з імі перамовіцца? У нас пакуль многае толькі фармуецца, таму ўсё больш адкрыта. Мы тут сядзім інтэрв’юіруемся, а за суседнім столікам сядзіць сузаснавальнік кавярні «Гараж» – і можна спакойна падысці і пазнаёміцца з гэтым чалавекам.
Ваня: Тут няма такой закрытасці грамадства, уласцівай вялікім гарадам. У мяне ёсць сябры, якія кажуць: «Я паеду і даб'юся». А што табе перашкаджае дамагчыся тут? Мяне раздражняе стэрэатып «абы зваліць». Я лічу, што трэба чагосьці дамагацца і рабіць штосьці лепш у Беларусі, таму што ў нас куча ўсякіх неадкрытых рынкаў і тут можна праз ідэйнае натхненне зрабіць нешта, чаго да цябе не было.
Пра «эфект кавы»
Сцёпа: У школе, каб атрымаць дзясятку, ты павінен выканаць пяць задач, для гэтага трэба прарашаць дваццаць – і ў выніку табе трапляецца нешта з іх. А тут няма дакладнага шляху: ты сам малюеш яго сабе, і не факт, што ён акажацца правільным.
За тыдзень да першага мерапрыемства было прададзена 60 квіткоў, калі было заяўлена 150. Гэта прытым, што там ужо працаваў маркетынг. І за тыдзень трэба было сабраць яшчэ столькі ж, колькі за 10 папярэдніх. Адказнасці было шмат, але ўжо нельга было сказаць: «Занадта страшна, я, напэўна, прыпынюся».
Ваня: Перад мерапрыемствам мы абтэлефаноўваем па чарзе ўсіх людзей: «Вы прыйдзеце? Для нас значны кожны чалавек, які прыйдзе». Людзі дзівяцца: камусьці гэта важна. Але для нас кожны чалавек – гэта патэнцыйная магчымасць зрабіць штосьці лепш.
«Раздражняе стэрэатып пра вышэйшую адукацыю: быццам, каб рэалізаваць сябе напоўніцу, ты павінен спачатку адвучыцца ў школе, потым атрымаць класічную вышэйшую адукацыю»
Сцёпа: Многія да гэтага часу лічаць, што прасцей купіць кавы за тры рублі, чым укласці іх у сябе. Але каву ж калісьці таксама не куплялі? Людзі неяк прымусілі людзей любіць купляць каву. І вось, груба кажучы, нам трэба прымусіць чалавека пайсці тусавацца не на «Галерэю», а на лекцыю.
Ваня: Мы нагадваем гідаў у амазонскіх джунглях, таму што мы ведаем, чаго нам трэба дасягнуць, мы ведаем, як туды дайсці, але мы разумеем, што нам прыйдзецца прарывацца праз джунглі чалавечага непаразумення і праз унутраныя складанасці.
«Мяне раздражняе стэрэатып “абы зваліць”. Я лічу, што трэба чагосьці дамагацца і рабіць штосьці лепш у Беларусі»
Пра тое, як варта вучыцца сёння
Сцёпа: Раздражняе стэрэатып пра вышэйшую адукацыю: быццам, каб рэалізаваць сябе напоўніцу, ты павінен спачатку адвучыцца ў школе, потым атрымаць класічную вышэйшую адукацыю. Я выступаю не супраць, не за, але раздражняе, што дарослыя навязваюць меркаванне, быццам можа быць толькі такі шлях.
На дадзеным этапе я спрабую для сябе розныя сферы. Паўгода таму я адкрыў сферу інтэрнэт-маркетынгу: прайшоў некалькі курсаў, цяпер працую з кліентамі, на практыцы ўкараняючы веды, і гляджу, наколькі гэта мне падабаецца. Можа быць, праз нейкі прамежак часу я паспрабую нешта новае.
Цяпер у мяне паралельна ідуць чатыры курсы, прычым я больш акцэнтуюся на анлайн-адукацыі, таму што мне гэтая сістэма бліжэй: паглядзеў, запісаў, зрабіў заданне – і ты ўжо сядзіш з засечкамі ў галаве. Зараз я проста шукаю варыянт, дзе можна атрымаць вышэйшую з нейкімі кампрамісамі для сябе.
Ваня: Інстытут мае сэнс, таму што ты атрымліваеш нэтворкінг, сяброў, сувязі і цябе гэта дысцыплінуе. Ты вучышся вучыцца: веды састарваюцца за 5-7 гадоў, а ў сучасным свеце ты павінен вучыцца пастаянна. Калі ты хочаш нешта ўзяць, то нават з беларускай ВНУ возьмеш па максімуме.
Прынамсі першыя пару гадоў я буду атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі, таму што яшчэ пытанне, ці адпусцяць мяне бацькі кудысь вучыцца. Я хачу атрымаць адукацыю, звязаную з фінансамі, эканомікай, а паралельна атрымліваць адукацыю за мяжой. Ёсць такая выдатная штука – The Open University. У іх галаўны офіс у Лондане, дзе яны робяць лекцыі, чаты з прафесарамі, і ты атрымліваеш прыстойную заходнюю адукацыю, але ў некалькі разоў танней з-за таго, што ты знаходзішся ў сваёй краіне.
Пра тое, што раздражняе
Ваня: Вось як раней лічылі? Падлетка трэба аддаць у войска, каб ён стаў мужчынам. Цяпер гэта здаецца ўжо дзіўным анахранізмам. Дайце дзіцяці заняцца прадпрымальніцтвам: прадпрымальніцтва робіць чалавека менавіта дарослым. Тут у цябе ёсць адказнасць: ты не выканаў кантракт, ты не выканаў умовы – у лепшым выпадку з табой толькі перастануць весці справы.
Надакучыла фраза кшталту «Вы глупствам займаецеся, перадурэеце». Як быццам мы нічога карыснага і не робім! Калі ты займаешся шахматамі, то ўсё зразумела: шахматы мозг развіваюць. А калі ты кажаш, што ходзіш на бізнэс-курсы з трынаццаці, то велізарная маса кажа: «А навошта?»
Сцёпа: Набіла аскому пытанне тыпу «Як так – робіце праект у шаснаццаць?!». Калі я скажу, што я хаджу на плаванне, то мне не скажуць: «Як так – ты ходзіш на плаванне ў шаснаццаць?» Хоць, па сутнасці, гэта нічым не адрозніваецца: гэта сфера, куды ты прыходзіш, шмат трэніруешся, у цябе не атрымліваецца, зноў трэніруешся, ходзіш на спаборніцтвы, зноў не атрымліваецца, зноў трэніруешся. Ты прапампоўваешся. Калі табе падабаецца, то ты зможаш, калі не, то проста адвалішся на нейкім этапе.
«Перад мерапрыемствам мы абтэлефаноўваем па чарзе ўсіх людзей: “Вы прыйдзеце? Для нас значны кожны чалавек, які прыйдзе”. Людзі дзівяцца: камусьці гэта важна»
Ваня: Напрыклад, Школа алімпійскага рэзерву – гэта так, жорстка. А прадпрымальніцтва ўспрымаецца, быццам распешчаныя падлеткі вырашылі нешта там паадкрываць на бацькоўскія грошы.
Сцёпа: У гэты праект укладзена ад бацькоў ніякай сумы. І нават з нашага боку не было фінансавых укладанняў. Мы выйгралі конкурс Social Weekend: дайшлі да фіналу і атрымалі фінансаванне ў памеры 1200 рублёў на рэалізацыю ідэі – спартыўных квэстаў. Мы займаліся гэтым месяц, каманда развалілася, грошы засталіся на палічцы, але ж інвестар паверыў у ідэю. Я напісаў яму: «Ці можам мы скарыстацца гэтымі грашыма, каб арганізаваць канферэнцыю?» І ўклад у гэты праект быў менавіта адтуль. Грошы сябе акупілі, і нават яшчэ зверху быў невялікі прыбытак – і ўжо з гэтай сумы мы ўкладваем у клубы, канферэнцыі, маркетынг. У нас платны ўваход якраз для таго, каб мы маглі скарыстаць гэтыя грошы для рэалізацыі наступнага мерапрыемства. Гэта бізнэс-праект, але са сферы сацыяльнага бізнэсу.
«Дайце дзіцяці заняцца прадпрымальніцтвам: прадпрымальніцтва робіць чалавека дарослым»
Пра «элітныя гурткі»
Сцёпа: Калі ты не разумееш патрэбы свайго пакупніка, як ты зможаш зрабіць нешта менавіта для яго? Ты можаш нешта зрабіць, але гэта будзе рэалізавана для нейкага вузкага кола, для твайго стэрэатыпу. А калі ты хочаш пакрыць вялікую частку, то табе трэба разумець, чым займаецца гэтая вялікая частка.
Ваня: Менавіта таму мы і робім лекцыі на абсалютна розныя тэмы, спрабуем ахапіць абсалютна розную аўдыторыю. Мы не хочам, каб усё вырасла ў закасцянелую тусоўку, якая будзе адчуваць сябе элітарным пупам зямлі.
Сцёпа: Калі гэта будзе вузкая тусоўка, то ідэя хутка сябе зжыве: пра два-тры месяцы інтарэсы рабят зменяцца – праект памрэ. Падлеткаў у Менску нямала, і абмяжоўвацца вузкім колам было б па-дурному з нашага боку.
Ваня: Гэта ўвогуле характэрна для ўсіх сфер Беларусі: пласт зацікаўленых людзей абмежаваны нейкай колькасцю тусовак. Напрыклад, вялікі працэнт людзей, якія ходзяць на такія лекцыі, – гэта вучні ліцэя БДУ. Але мы стараемся пашырыць кола, каб усе, хто хочуць, маглі паглядзець і зацікавіцца: мне здаецца, што ўнутраны снабізм ужо не працуе. Людзі павінны ставіцца адно да аднаго прасцей: калі ты пераступаеш праз свой снабізм, гэта робіць цябе лепш.
Фота: Віялета Саўчыц