Запускаецца курс пра будучыню біятэхналогій і чалавека
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.10.2023
- 2762
24 кастрычніка стартуе анлайн-курс «Адкрытая будучыня біятэхналогій, прыроды і чалавека». Гэта пяць інтэрактыўных заняткаў, дзе можна будзе даведацца пра маральна-этычны парадак сучасных тэхналогій і спосабы крытычнага мыслення ў кантэксце няспыннага біятэхнічнага развіцця.
Мы жывём у часы, калі вучоныя рэдагуюць ДНК і ўжо здольныя «рэдагаваць» будучыню біялагічных відаў планеты. Такі «дар» нясе з сабой безліч пытанняў этычнага кшталту. На курсе пра будучыню біятэхналогій размова пойдзе пра гэтыя пытанні і пра вялікую адказнасць, якая кладзецца не толькі на вучоных, але і на кожнага ды кожную з нас.
Вось толькі некалькі тэмаў, што будуць закранутыя ў межах курса:
гісторыі і сцэнары будучыні;
ці ёсць сацыяльныя і палітычныя аспекты ў выкарыстанні генетычнага матэрыялу;
ДНК-код як тавар;
якія практыкі ўдасканалення чалавека этычныя, а якія – не;
тонкае ўстройства кібаргаў;
у што верыў Апенгеймер?
Заняткі будуць праходзіць увечары па аўторках з 24 кастрычніка да 21 лістапада. Фармат прапануюць абмеркаваць на першай сустрэчы і абяцаюць скарэктаваць яго з улікам пажаданняў удзельнікаў ды ўдзельніц курса.
Курс арганізаваны ў межах адукацыйнай праграмы Humanitied / Art / Theater і можа быць карысны тым, хто шукае сябе ў навуковай журналістыцы, блогінгу, сочыць за развіццём тэхналогій і гуманітарнай навукі, цікавіцца светам навокал і тым, як гэты свет змяняецца і куды ляціць.