На «Літрадыё» з’явілася праграма пра літаратуру беларускага замежжа

Летам на сайце litradio.link запрацавала радыёхваля з чытаннем твораў, інтэрв’ю, прамымі ўключэннямі з літаратурных івэнтаў, а таксама аўтарскімі праграмамі. Журналістка Дар’я Гардзейчык вядзе тут аўдыяшоу «Па-за межамі метраполіі» пра белліт, які ствараецца «не на зямлі».

«Кажучы пра беларускую літаратуру, мы аўтаматычна думаем пра Менск, Віцебск ці іншыя месцы ў Беларусі. Прынамсі, пра аўтараў і аўтарак, якія нарадзіліся і выраслі ў беларускіх гарадах ці вёсках, – звяртаюць увагу ў «Літрадыё». – Аднак беларуская культурная прастора значна шырэйшая. На працягу стагоддзяў беларускія супольнасці жылі і працягваюць жыць у кутках сусвету, захоўваючы мову і літаратурныя традыцыі. Менавіта гэтым літаратурам – часам добра вядомым, а часцей амаль незаўважаным – і прысвечаны праект».

Першы сезон «Па-за межамі метраполіі» прысвечаны Падляшшу – рэгіёну на паўночным усходзе Польшчы, дзе ўжо некалькі стагоддзяў існуе беларуская культурная традыцыя. Хто такія падляшскія беларусы? На якой мове яны пішуць? Як узнікла літаратурнае аб'яднанне «Белавежа»? Чаму тыднёвік «Ніва» стаў цэнтрам беларускага літаратурнага жыцця ў Польшчы? І чаму творчасць падляшскіх аўтараў вартая ўвагі кожнага, хто цікавіцца беларускай літаратурай?

Лавіць перадачу трэба ў эфіры на сайце. За раскладам новых эфіраў і паўторамі таго, што ўжо прагучала, зручна сачыць у тэлеграм-канале праекта.

 

  Слухаць «Літрадыё»