Працягваем сачыць за галоўнымі топікамі тыдня. Першы ў гісторыі рэпер у «Зале славы песняроў», сэксуальныя дамаганні ў Uber, няўдалы лыжнік з Венесуэлы – чым яшчэ запомніўся мінулы тыдзень?
Персона тыдня:
Апроч таго, што сям’я Картэраў чакае на двойню, у Шона aka Jay Z з’явілася яшчэ адна нагода прапусціць па келіху светлага ў сваім спартовым бары 40/40 Club. У сераду амерыканская «Зала славы песняроў» абвясціла сёлетніх «рыцараў музычнай паэзіі». Акрамя заснавальніка Motown Records Бэры Гордзі, трох сонграйтараў джаз-рок бэнда Chicago, галоўнага рытм-энд-блюз прадзюсара 90-х Бэбіфэйса, дуэта Джымі Джэма і Тэры Льюіса, аўтара хітоў Брытні Спірс, The Weekend і апошняга Джасціна Тымберлэйка шведа Макса Марціна (так-так, Can’t Stop The Feeling – ягоны шэдэўр), у залу ўвядуць і найбуйнейшага музычнага хаслера сучаснасці Джэй Зі. Ён стане першым рэп-выканаўцам у гісторыі, якога прымуць у сонграйтарскі хол-оф-фэйм. Ну і, напэўна, ёсць за што: прадаць больш 100 мільёнаў плытак і 21 раз выйграць «Грэмі» – трэба мець крутыя яйкі. «Я памятаю, калі рэп называлі дзівацтвам. Цяпер мы побач з найвялікшымі аўтарамі ў гісторыі», – кажа ён у сваім твітары. Big ups, Mr. Carter!
Кліп тыдня:
Корж працягвае гнуць сваю пацанскую лінію: у новым кліпе цябе чакае чарговая порцыя замалёвак з жыцця на раёне. У кадрах – менская крама «Серабранка», моладзевая туса з фільмам «8 міля» на праектары і традыцыйныя разборкі ля клуба. Глядзець варта хаця б дзеля сцэны ў міліцыі – яна на дзясятку! Ну і разынка кліпа – Корж чытае рэп! Ці атрымліваецца ў яго – вырашаць табе.
Фота тыдня:
Гісторыя з «дармаедствам» у Беларусі працягвае набіраць абароты. 20 лютага скончыўся тэрмін, калі трэба было заплаціць падатак, але з 470 тыс. чалавек казну папоўнілі менш за 52 тыс. У мінулыя выходныя па абласных гарадах прайшлі «Маршы абураных беларусаў», на гэтым уік-эндзе акцыі плануюцца ў Баранавічах, Бабруйску, Берасці і Віцебску. На мінулым жа тыдні інтэрнэт ускалыхнуў фотаздымак рагачоўскай прачкі, якая не стрымала эмоцый перад дзелавітымі чыноўнікамі на слуханнях па пытаннях «дармаедства». Ёй не хапіла некалькі дзён да неабходнага «гадавога стажу».
Артыкул тыдня:
У мінулую нядзелю былая праграмістка Uber С’юзан Джэй Фаўлер у сваім персанальным блогу распавяла, як на працягу года яна сістэматычна сутыкалася з сэксуальнымі дамаганнямі і гендарнай дыскрымінацыяй у сваёй працы ў кампаніі. Яна расказвае пра непрыстойныя прапановы ад свайго менеджара ў першы дзень, пра дрэннае performance review з-за «рэчаў, звязаных з асабістым жыццём», і пра ганебныя сітуацыі, калі карпаратыўныя скураныя курткі заказваюць толькі мужчынам праз малую колькасць жанчын. Так, за апошні год колькасць праграмістак у Uber знізілася з 25% да 6% – піша яна ў сваёй споведзі. Чытай яе смелае прызнанне, якое натхняе ўсё больш людзей распавядаць пра несправядлівасць на сваёй працоўнай ніве.
Гісторыя тыдня:
Увесь тыдзень мы жартавалі з няўдалага лыжніка з Венесуэлы, які быццам першы раз на лыжы ўстаў. Але ж так і ёсць! Да гэтага Андрыян Салана практыкаваўся толькі на лыжаролернай трасе і збіраўся натрэніравацца на снезе за месяц да турніру. Але французскія памежнікі дэпартавалі лыжніка, не паверыўшы, што ён едзе ў Фінляндыю на турнір, таму што ў Венесуэле няма снегу і ў яго з сабой толькі 28 еўра. Усё ж такі ён трапіў на спаборніцтва, дзе не змог даехаць да фінішу, але сам Андрыян не губляе надзею і збіраецца працягваць кар’еру. «Я буду працягваць змагацца, бо гэта мая мара», – кажа ён.
Веды тыдня:
Магчыма ты не ведаў(-ла), але кожны год у Беларусі выбіраюць птушку года. За 2017 адказвае жаўрук-смяцюх. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» папярэджвае: «Адной з пагроз для жаўрукоў-смецюхоў і іншых птушак з’яўляюцца хатнія жывёлы, якія жывуць у двары ці выходзяць туды гуляць. Калі ў вас ёсць кот, паклапаціся пра тое, каб надзець яму адмысловы ашыйнік са званочкам-бубеньчыкам, – кот не зможа ўпаляваць птушку года». Уяўляем, як зажурыцца кот ад такой сігналізацыі.
Тэкст by Sheeborshee і Manaxrom
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.