Выйшаў аўдыядадатак з 53 казкамі на беларускай мове
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.05.2019
- 8214
Днямі беларуская IT-кантора Apalon прэзентавала дадатак, дзякуючы якому ты можаш бясплатна слухаць беларускія казкі на беларускай мове. Агучыў гэтую прыгажосць лідар гурта «Палац» Алег Хаменка. Музыкі фолк-бэнду аздобілі Kazki інструментальнымі замалёўкамі.
Kazki – некамерцыйны праект, і яго галоўны сэнс – прыцягнуць увагу да лакальнай гісторыі і культуры. Казкі збіраліся ў розных кутках Беларусі на працягу дваццаці гадоў. Дарэчы, чатыры гісторыі трапілі ў праект праз самога Алега Хаменку.
Гісторыі ў дадатку расфасаваныя па тэматыках: «Чароўныя казкі», «Казкі пра жывёл», «Дзіўныя казкі», «Казкі жыцця», «Павучальныя казкі» і «Казка пра салдата». Каб чытачу было яшчэ цікавей даваць нырца ў прыдуманыя сусветы, у дадатку ёсць каляровыя ілюстрацыі і нават размалёўкі.
Дадатак можна спампаваць на IOS ці Android.
Стваральнікі праекта паабяцалі, што ў хуткім часе на Facebook з’явіцца адмысловая старонка, куды кожны карыстальнік сацсеткі зможа накіроўваць казкі, якія прэтэндавацьмуць на папаўненне гэтай бібліятэкі.