Краўдфандынг дня: кніга «Колер Беларусі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.03.2018
- 11575
Пачалася кампанія ў падтрымку перавыдання апошняй кнігі Міхала Анемпадыстава, які сышоў з жыцця ў ноч на 23 студзеня 2018 года. Міхал – выбітны дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст, аўтар культавага «Народнага альбома»
«Колер Беларусі» – дызайнерскі альбом, над якім Міхал працаваў з 2009 па 2016 гады: збіраў матэрыял, вывучаў тапаніміку, разглядаў кераміку ў этнаграфічным музеі ў Варшаве, перачытваў чарадзейныя казкі і песні, зазіраў у гісторыю мовы.
У кнізе апісаныя сем колераў беларускай культуры: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «герой» праілюстраваны дзясяткамі фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.
Гэтая кніга – каштоўны артэфакт сучаснай беларускай культуры, які будзе асабліва цікавы архітэктарам, дызайнерам, мастакам і краязнаўцам. Усім чытачам і гледачам ён дапамагае па-новаму паглядзець на нашу паўсядзённасць, на сябе і беларускую культуру. Упершыню «Колер Беларусі» быў выдадзены ў 2017 годзе і адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Анемпадыстава.
Кампанія працягнецца да 25 красавіка. Плануецца выдаць кнігу тыражом 500 экзэмпляраў. Адзін асобнік будзе каштаваць 40 рублёў.