Улоў #16

Шаснаццаты «Улоў» прапануе табе заставацца сабою. Як Боб Дылан, які то не атрымлівае Нобелеўку, то ўсё ж такі атрымлівае. Як Амар Сулейман, што валіць сірыйскае тэхна, не здымаючы куфіі. Як казляня, якое ўпэўнена ляціць наўпрост да сваёй мэты.

 

 

Спіч тыдня:

 

 

Боб Дылан, леташні лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, пасля аб’явы якога шмат у каго прыгарэла (зрэшты, калі не прыгарала?), прачытаў доўгачаканую нобелеўскую лекцыю 4 чэрвеня ў Лос-Анджэлесе. Зразумела, пад музыку.

У прыгожым спічы Дылан распавядае пра тры ўлюбёныя кнігі і разважае, якім чынам яго песні тычацца літаратуры: «Песні не падобныя да літаратуры. Іх належыць спяваць, а не чытаць». Дарэчы, калі б музыка не выспеў сказаць гэта ці штосьці іншае да 10 чэрвеня, ён не атрымаў бы належныя яму 8 мільёнаў шведскіх крон (894 800 даляраў). Вось гэта вытрымка!

 

 

 

 

Клiп тыдня:

 

 

Шатландскія построкеры пацешылі фанаў сінглам з будучага альбома Every Country's Sun і чорна-белым відэа на яго. У кліпе, калі коратка, не адбываецца нічога, што сышло б за паўнавартасны сюжэт. Проста ўсё і ўсе павольна ляцяць уверх. Проста 6 хвілін 11 секунд прыгажосці ў тваім жыцці.

 

 

 

 

Плытка тыдня:

 

 

Калі ў свой час цябе не зачапіла апантанасць «сірыйскім тэхна» і ты не рассякаў(-ла) па праспекце ў тачцы з адкрытымі вокнамі пад трэкі Амара Сулеймана, вось табе другі шанец. Любімчык Б'ёрк зарэлізіў ажно трэці альбом. Пласцінка прысвечаная радзіме спевака – Сірыі, якую ён быў вымушаны пакінуць некалькі год таму праз грамадзянскую вайну. Як бы там ні было, біты Амара па-ранейшаму дораць еўрапейскім снобам тое свята, за якое яны і палюбілі чувака ў арафатцы.
 
 

 

 

Сэрвiс тыдня:

 

 

Забі ў радок назву сваёй прафесіі – і ты даведаешся, ці дастанецца ў хуткай будучыні твая праца робату.

Анлайн-сэрвіс Will Robots Take My Job абапіраецца на даследаванні амерыканскіх вучоных, якія ў 2013 годзе апублікавалі справаздачу пра тое, наколькі розныя віды дзейнасці ўспрымальныя да камп’ютарызацыі.

Карацей, калі мара твайго жыцця – руліць трактарам і быць першым хлопцам на вёсцы, ты асуджаны (так і пішуць: you're doomed). Верагоднасць аўтаматызацыі – 93%! Барыста і барберам таксама прыйдзецца жыць на дапамогу па беспрацоўі. Затое фатографы, пісьменнікі і іншыя музыкі могуць пагардліва глядзець на каменты ў стылі «заводы стаяць». Робаты пакуль ну вельмі хранова разбіраюцца ў прыгожым.

 

 

 

 

Хорар тыдня:

 

 

Так, у робатаў сваё бачанне свету. Вось і сэрвіс pix2pix, заснаваны на тэхналогіі машыннага навучання, быццам бы прылаўчыўся маляваць партрэты па накідах. Наколькі добра ў яго атрымліваецца – зацані. Але лепш не на сон.

 

 

 

 

Артыкул тыдня:

 

 

У дасведчаных нью-ёркцаў новая забава – «сафары» па небяспечных раёнах, куды ў змроку, у адзіноце і пры поўным гаманцы яны б і носа не сунулі. Чысценькія амерыканцы ў альпаковых швэдрах фоткаюць на айфоны мясцовыя графіці і насельнікаў Бушуіка – пераважна выхадцаў з Лацінскай Амерыкі. Што гэтыя госці даюць раёну, дзе 42% жыхароў нават не скончылі сярэднюю школу? Рэпарцёр Dazed сур'ёзна заклапочаны курсам на апрапрыяцыю гета.

 

 

 

WTF тыдня:

 

 

У гэтай гісторыі ёсць начоўкі, але няма залатой рыбкі. Каб паласавацца цукеркамі Roschen ды проста купіць самае неабходнае, жыхарцы вёскі ў Закарпацкай вобласці кожны раз трэба набрацца адвагі і праляцець у ночвах над ракой. Цяжка, а ты думаў(-ла)!

 

 

 

 

Miлата тыдня:

 

 

З некаторых часоў у асяроддзі беларускай інтэлігенцыі намеціўся трэнд валіць за МКАД, апрацоўваць агарод і замест біглей важдацца з козамі. У гэтай сувязі прадстаўляем тваёй увазе свежы амерыканскі экшэн «47 казлянят бягуць на сняданак!». Варты да апошняга кадра.

 

 

 

 

Загашнiк тыдня:

 

 

Запісаная ў 1996 годзе кампазіцыя I Promise неаднаразова выконвалася Томам Ёркам і кампаніяй на канцэртах, аднак так і не ўвайшла ні ў адзін рэліз групы. Справядлівасць будзе адноўленая 23 чэрвеня, калі ў свет выйдзе юбілейнае перавыданне альбома OK Computer, а пакуль можна паглядзець кліп пра галаву ў аўціку, што б гэта ні было.

 

 

 

Улоў збіралі Zamandarin, Sheeborshee і Manaxrom