10 значных прафесійных івэнтаў з розных сфер у 2024 годзе
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.01.2024
- 2861
Разам з партнёрамі з адукацыйнай праграмы MOST+, што спансуе прафесійныя паездкі беларусаў і беларусак у краіны ЕС, мы выбралі мерапрыемствы, на якія можна паехаць у бліжэйшыя месяцы па новыя веды і міжнародны нэтворкінг.
Фото: terren-hurst, unsplash
Міжнародная канферэнцыя па сацыяльных, гуманітарных навуках і адукацыі
The 9th International Conference on Social Sciences, Humanities and Education
Вена, Аўстрыя
1–3 сакавіка 2024 года
Канферэнцыя па сацыяльных навуках аб'ядноўвае прадстаўнікоў акадэмічных колаў – навукоўцаў, даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў. Арганізатары сцвярджаюць, што мэта падзеі не толькі новыя веды і абмен досведам, але і пабудова натхняльнага глабальнага кам'юніці.
На канферэнцыю можна заявіцца з уласнай навуковай работай па тэме сацыяльных і гуманітарных навук, моў і літаратуры (сумежныя дысцыпліны таксама дапускаюцца). Работы ўдзельнікаў будуць сабраныя ў зборніку канферэнцыі: гэта добрая магчымасць узмацніць сваю экспертызу міжнароднай публікацыяй.
Фото: techchill
Стартап-форум Tech Chill 2024
Рыга, Латвія
17–19 красавіка 2024 года
Галоўнае мерапрыемства ў сферы тэхналогій і стартапаў у краінах Балтыі збярэ лакальных і замежных інвестараў, заснавальнікаў і ўдзельнікаў стартап-экасістэмы. Падзея пабудаваная вакол трох тэм: перадавыя тэхналогіі, падмурак стартапу і новыя правілы (адаптыўнасць і інавацыі).
Мэта падзеі – злучаць стартапы і інвестараў, наладжваць дзелавыя сувязі і спрыяць развіццю супольнасці. Удзельнікі будуць прэзентаваць свае праекты, пераймаць досвед экспертаў, удзельнічаць у практычных занятках і, вядома, на ўсю моц нэтворкаць.
Міжнародны музычны кэмп для бубначоў
Drum Camp Lab
Сафіко, Грэцыя, комплекс The Ranch
12–17 траўня 2024 года
Гэты пяцідзённы кэмп для музыкаў – выдатная магчымасць сумясціць шчыльны трэнінг з сусветнымі гуру і адпачынак у прыгожым месцы. Навучальная праграма ўключае больш за 20 гадзін семінараў, неабмежаваныя джэмы з прафесійнымі музыкантамі, дачыненні з калегамі з розных краін. Сярод выкладчыкаў-бубначоў заяўленыя Thomas Lang, Baard Kolstad (Leprous), George Kollias (Nile), а поўны склад пакуль трымаюць у сакрэце. Па выніках кэмпу ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты і кнігу LAB Drum Camp Book з навучальнай праграмай.
Што тычыцца адпачынку, музыкі жыцьмуць на «Ранча» – вялізным курортным комплексе з акцэнтам на прыроду і актыўныя забавы накшталт верхавой язды, плавання, стральбы з лука. Таксама музыкам будуць даступныя інструменты і абсталяванне для рэпетыцый.
Праект MOST+ – гэта праграма, якая спансуе прафесійныя паездкі беларусаў у краіны ЕС. Каб стаць яе ўдзельнікам, неабходна мець беларускае грамадзянства, быць паўналетнім, не быць студэнтам і мець досвед працы ў адным з шасці сектараў: грамадства, бізнэс, культура, адукацыя, ахова здароўя або ўстойлівае развіццё.
Мэты праграмы – даць беларусам доступ да найбольш паспяховых прафесійных практык Еўропы, дапамагчы пашырыць сетку міжнародных кантактаў і ўсталяваць доўгатэрміновыя сувязі з партнёрамі ў ЕС, спрыяць кар'ернаму росту і абмену досведам з калегамі.
Прафесійную паездку заяўнік павінен арганізаваць сам: яе працягласць – ад 3 да 90 дзён, уключаныя ад 1 да 3 краін Еўрасаюза. У час паездкі можна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, форумах, фестывалях, трэнінгах, майстар-класах, семінарах, стажыроўках і арт-рэзідэнцыях, азнаямленчых турах, распрацоўваць сумесныя праекты, прэзентаваць сваю прадукцыю і паслугі на выставах – або прыдумаць уласны фармат мабільнасці.
Для гэтага заяўніку неабходна спланаваць паездку, звязацца з партнёрамі ці арганізатарамі мерапрыемства ў ЕС, атрымаць пацвярджэнне ўдзелу, зарэгістравацца на партале GAP, запоўніць там заяўку і прымацаваць рэзюмэ. Далей заяўку будзе ацэньваць каманда беларускага прафесійнага журы. У выпадку адабрэння праграма пакрые ўсе зацверджаныя выдаткі паездкі.
выдаткі на міжнародныя пераезды;
трансферы паміж гарадамі краін прызначэння;
выдаткі на пражыванне ці «суткавыя»;
рэгістрацыйныя зборы (акрэдытацыя на канферэнцыях, форумах, кірмашах, трэнінгах);
візавы збор;
медыцынскую страхоўку;
іншыя выдаткі, непасрэдна звязаныя з паездкай (аплата дадатковага багажу для музычнага інструмента, аплата рэкламнай прадукцыі і да т.п.);
дадатковыя выдаткі, звязаныя з адмысловымі патрэбамі, і г.д.
Падаўшы заяўку сёння, заяўнік можа атрымаць грант на прафесійную паездку ўжо праз 2 месяцы (калі патрэбная віза – праз 3). Апошні тэрмін падачы заявак – 3 чэрвеня 2024 года.
Фото: podim
Міжнародная стартап-канферэнцыя Podim 2024
Podim 2024 (startup and tech event)
Марыбар, Славенія
13–15 траўня 2024 года
Адна з самых заўважных еўрапейскіх падзей для стартапаў, інвестараў, кіраўнікоў і ўсіх энтузіястаў прадпрымальніцтва. Да ўдзелу заяўлена больш за 400 інвестараў, 150+ стартапаў і каля 70 міжнародных спікераў.
Абяцаюць шалёны нэтворкінг і тэхналагічныя прарывы. Для стартапаў гэта магчымасць прэзентаваць свой прадукт у самым пажыўным асяроддзі і знайсці грошы на далейшае развіццё. Для інвестараў – выбраць перспектыўныя праекты для ўкладанняў, пазнаёміцца з фаўндарамі. Для ўласнікаў і кіраўнікоў кампаній – знайсці патэнцыйных партнёраў і кліентаў, вывучыць новыя стратэгіі бізнэсу.
Фото: sincerely-media, unsplash
Міжнародная даследчыцкая канферэнцыя ў сферы адукацыі, выкладання і навучання
The 8th International Conference on Research in Education, Teaching and Learning
Рым, Італія
17–19 траўня 2024 года
Падзея прысвечаная вострым актуальным тэмам: як адукацыі ісці ў нагу са звышхуткім тэхналагічным прагрэсам, як выпрацаваць глабальныя стандарты навучання і як своечасова ўкараняць інавацыі ў педагагічную практыку.
На канферэнцыю прыедуць навукоўцы, даследчыкі, выкладчыкі, прадстаўнікі дзяржаўных і некамерцыйных структур з розных частак свету. Можна стаць не толькі слухачом, але і дакладчыкам, даслаўшы на разгляд уласную працу па адной з тэм. Напрыклад, анлайн-навучанне, выкладанне англійскай мовы, дзіцячая і сямейная адукацыя і іншыя. Па выніках мерапрыемства навуковыя матэрыялы можна надрукаваць у профільных міжнародных выданнях.
Фото: nordicsustainabilityexpo
Выстава ўстойлівага развіцця Nordic Sustainability Expo
Стакгольм, Швецыя
21–22 траўня 2024 года
Тры асноўныя кірункі выставы – устойлівае грамадства, устойлівае навакольнае асяроддзе і ўстойлівыя інавацыі. У мерапрыемстве прымуць удзел эксперты са свету бізнэсу, эканомікі, экалогіі, палітыкі ды іншых сфер – усяго больш за 100 дакладчыкаў і 70 экспанентаў.
Калі цябе хвалюе праблема доўгатэрміновай адказнасці перад будучымі пакаленнямі і планетай, на Nordic Sustainability Expo ты ўбачыш рэальныя шляхі яе рашэння і пазнаёмішся з аднадумцамі-практыкамі з розных краін.
Сусветны медыякангрэс
World News Media Congress
Капенгаген, Данія
27–29 траўня 2024 года
Сусветны кангрэс сродкаў масавай інфармацыі праводзіцца з 1948 года і лічыцца галоўным штогадовым прафесійным івэнтам. Сёлета ён адзначае 75-гадовы юбілей, а таму дзея будзе максімальна маштабная. Праграма аб'яднае ажно тры саміты: для кіраўнікоў СМІ, рэдактараў і лічбавых медыя. Кантэнт абяцаюць насычаны і разнастайны.
Кангрэс ладзіцца ў супрацоўніцтве з Дацкай асацыяцыяй СМІ. Данія заняла трэцяе месца ў сусветным індэксе свабоды прэсы ў 2023 годзе і другое – у дакладзе аб сусветным шчасці. Досвед гэтага ліберальнага, адкрытага грамадства, лідара ў галіне тэхналогій і ўстойлівага развіцця, будзе выключна карысным для працаўнікоў медыя, якія падзяляюць і транслююць падобныя каштоўнасці.
Фото: pcah.iafor
Парыжская канферэнцыя па мастацтве і гуманітарных навуках
The 3rd Paris Conference on Arts & Humanities
Парыж, Францыя
13–17 чэрвеня 2024 года
Мерапрыемства будуецца на прынцыпах свабоды меркаванняў і адкрытай дыскусіі, таму там можна пазнаёміцца з самымі смелымі ідэямі, ацаніць незвычайныя трактоўкі ўстояных канцэпцый і прэзентаваць свой нетрывіяльны погляд на тэму мастацтва ці гуманітарных навук. Калі ў вас ёсць матэрыял па тэме канферэнцыі, якім вы баяліся шакаваць спаважную акадэмічную супольнасць, самы час агучыць яго тут.
Парыжская канферэнцыя па мастацтве і гуманітарных навуках будзе праходзіць адначасова з форумам па адукацыі. Рэгістрацыя на адну з падзей дазволіць дэлегатам наведваць сесіі іншай.
Фото: europeanwomenintech
Канферэнцыя European Women in Tech
Амстэрдам, Нідэрланды
26–27 чэрвеня 2024 года
Падзею пазіцыянуюць як цэнтральнае месца сустрэчы жанчын у сферы тэхналогій. Канферэнцыя пройдзе сёмы раз – у супольнасці ўжо больш за 4,5 тысячы прафесіяналак з розных краін. Тэма івэнту – Digital X Human, зліццё тэхналогій і чалавечага патэнцыялу для ўстойлівага і інклюзіўнага шляху наперад.
Усе актыўнасці будуюцца вакол трох ключавых аспектаў: развіццё лідарскіх навыкаў у кантэксце інавацый, інтэграцыя тэхналогій у бізнэс-стратэгіі, каштоўнасць чалавечага рэсурсу. У дадатак да выступленняў, прэзентацый і семінараў на канферэнцыі будзе працаваць выстава высокіх тэхналогій.
Курс падрыхтоўкі замежных карэспандэнтаў
Foreign Correspondent Training Course by TOL
Прага, Чэхія
6–21 ліпеня 2024 года
Арганізатары злёту настройваюць на цікавы чэлендж, анансуючы выйсце з зоны камфорту і навучанне ў найлепшых прафесіяналаў галіны. Сярод іх – работнікі такіх СМІ, як Reuters, The Financial Times, The Observer і Radio Free Europe. Студэнтаў чакаюць не нудныя лекцыі, а жывая праца над уласным матэрыялам на вуліцах Прагі. Практыка пачнецца яшчэ да прыезду: удзельнікі загадзя атрымаюць рэкамендацыі па структураванні гісторыі, пошуку якасных крыніц інфармацыі, стварэнні мультымедыйнага кантэнту. Настаўнікі будуць побач падчас выканання задання, а пасля курса дадуць падрабязны водгук.
Курс пасуе і навічкам, і дасведчаным журналістам, якія хочуць пашырыць свой скіл-сэт. Праз 15 дзён у кожнага будзе рэальны досвед, а таксама гатовы да публікацыі фрагмент замежнага рэпартажу, які дапаможа пачаць захапляльную кар'еру замежнага карэспандэнта або прадоўжыць яе на новым узроўні.
Фото на главной: techchill