На YouTube выйшаў фільм пра медыкаў хуткай дапамогі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.01.2021
- 6895
Беларуская кінарэжысёрка Галіна Адамовіч апублікавала на YouTube сваю дакументалку «Лебедзі» 2019 года. Фільм без прыкрас паказвае, у якіх умовах працуюць і з якім да сябе стаўленнем сутыкаюцца медыкі хуткай дапамогі ў Беларусі.
У кадры – работнікі падстанцыі ХМД Светлагорска. «Лебедзі» (такі ў іх паэтычны пазыўны) дапамагаюць людзям, жартуюць з калегамі, разважаюць аб сваім пакліканні. Гледача чакаюць 40 хвілін гушкання на арэлях гідкасці і павагі да чалавека. Аповед аранжараваны здаровым гумарам і музыкай «Касіяпеі».
«Уколаў ад п'янкі ў нас няма», – кажа фельчарка на адным з выездаў, а яе калега распавядае на камеру, што ХМД сталі ўспрымаць як безумоўную халяву, быццам медыкі – абслугоўваючы персанал («тэлефануюць і кажуць: “Хачу зрабіць заказ”»).
«Лебедзі» – яскравы здымак беларускай рэчаіснасці, у якой ты раз-пораз ловіш сябе на думцы: ці не тэлепартаваўся(-лася) я часам у 90-я?
Галіна Адамовіч з 1995 года супрацоўнічае з «Беларусьфільмам» (студыя «Летапіс»). Яе фільмы неаднаразова ўдастойваліся ўзнагарод на міжнародных аглядах у Кіеве, Маскве, Карлавых Варах, Кракаве, Любліне, Сіене, Тэгеране, Кішынёве і не толькі.