Біл Мюрэй запісвае альбом, Прыпяць здаюць у арэнду, Лана Дэль Рэй мілуецца з Зэ Уік-эндам. У які бок коціцца сусвет – высвятляем у дзясятым выпуску самай дапытлівай рубрыкі «Улоў».

Кліп тыдня:

Элізабет Грант, ці «чароўнасць марскога ўзбярэжжа» – Лана Дэль Рэй, знаходзіцца зараз на хвалі раскруткі свайго новага, пятага альбома – Lust For Life. У мінулую сераду «згубленая ў гета Лаліта» прадставіла кліп на загалоўную песню будучага студыйніка з аднайменнай назвай. І хоць раней яна казала, што гучанне альбома, у адрозненне ад апошніх двух, будзе не «каліфарнійскім», а «нью-ёркскім», у новым відэа Лана разам з Зэ Уік-эндам замілавана сядзяць на краёчку знакамітай шыльды Hollywood і заклікаюць хутчэй скінуць з сябе ўсё адзенне. Усё гэтак жа млява, па-амерыканску і з лёгкай эстэтыкай Sin City.
Аплікацыя тыдня:

Порнасайт з чалавечым тварам PornHub паклапаціўся пра абароненасць нашых акаўнтаў ад бязлітасных сацсеткавых цэнзараў у той час, калі мы жадаем перадаць чарговае аголенае сэлфі, і стварыў мабільны дадатак з арыгінальнымі фільтрамі, якія прыкрываюць пікантныя месцы. Джэдайскі меч, прапелеры на грудзях, баклажаны, дырыжаблі, пояс вернасці – цяпер больш ніякіх чорных квадратаў! Таксама працуе і для відэа.
Артыкул тыдня:

Расійскі матэматык Раман Міхайлаў дае вялізнае інтэрв’ю татарстанскаму інтэрнэт-часопісу «Инде». І калі ты думаеш, што акадэмікі – гэта людзі з іншай планеты, то так яно і ёсць. Што такое навукрэйв, чаму Versus Battle круцей за ўвесь музычны андэграўнд і як працуе лінгвістычная матэматыка – Міхайлаў распавядае пра гэта з шызафрэнічнай медыумнасцю і ненаўмыснай празорлівасцю. Акрамя акадэмічных штудый, прафесар РАН займаецца брэйк-дансам, картачнымі трукамі, жанглюе, захапляецца містыцызмам, Індыяй, ведае хіндзі, ставіць спектаклі. Пачні знаёмства з яго персонай з кастынгу на ўкраінскім тэлешоу «Танцуюць усе», а потым пераходзь і да яго
думак – дужа цікава.
Фота тыдня:

Фота by Стыў Хэлбер (Associated Press)
10-гадовая Ізабэла Нікола Кабрэра грае на скрыпцы, трымаючы смычок спецыяльна распрацаваным пратэзам – плёнам працы студэнтаў-біяінжынераў віргінскага Універсітэта Джорджа Мэйсана. Падчас дэманстрацыі юная скрыпачка прайшлася па гамам і нават выканала некалькі тактаў «Оды да радасці» Бетховена. Штучная рука стала дыпломным праектам студэнтаў, які яны раздрукавалі на 3D-прынтары і па просьбе дзяўчынкі пафарбавалі ў ружовы.
Здзелка тыдня:

Беларуская ўлада працягвае шукаць, з чаго б яшчэ атрымаць грошай, і выстаўляе ў доўгатэрміновую арэнду на рыбную лоўлю 91-кіламетровы ўчастак ракі Прыпяць каля Мазыра і 300 га прылеглых вадаёмаў. Кошт арэнды смехатворны: 1 базавая за кіламетр ракі і 0,1 базавай за гектар.
Таргі пройдуць 22 траўня 2017 года.
Навіна тыдня:

Вось гэта аперкот – Біл Мюрэй запісвае альбом! Называцца ён будзе New Worlds. Частка плыткі – гэта каверы на Moon River і іншыя шлягеры з «Вестсайдскай гісторыі», а другая – літаратурныя пасажы пад віяланчэль з Хэмінгуэя і «Прыгод Гекельберы Фіна». Эстэтычную асалоду можна пачаць атрымліваць ужо ў ліпені гэтага года, калі актор адправіцца ў сваё першае музычнае турнэ. Ну і жыццё!