Беларускія творцы нарабілі прыгажосці ў польскай вёсцы
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.06.2026
- 55
Каля возера Ледніца ў вёсцы Скшэтушэва пад Познанем прайшоў камерны фэст беларускай культуры PARARAĆ, пасля якога мясцовыя жыхары змогуць і далей карыстацца крутымі арт-аб’ектамі, зробленымі беларускімі творцамі падчас рэзідэнцыі, якая тут праходзіла.
Зладзілі варушняк NGO Logos і познаньская фундацыя KUT. Па фармаце гэта была васьмідзённая рэзідэнцыя пад куратарствам Андрэя Hutkasmachnaа Бусла, прымеркаваная да купальскай даты, але абмежаванняў, у якім кірунку ўдзельнікам думаць і якімі вобразамі карыстацца, не было. 20 беларускіх мастакоў, музыкаў, перформераў, фатографаў, мастацтвазнаўцаў і культурных актывістаў, якія падаліся на опэн-кол і прайшлі адбор, маглі самавыявіцца напоўніцу. І ў справу пайшло ўсё, да чаго дацягнуліся рукі (і на што згадзіліся мясцовыя жыхары).
Вось так заапгрэйдзілі старую драўляную павозку:

Вось такую распраналку арганізавалі жыхарам:

А вось якую зефірчыну зрабілі з падзакінутага прыпынку:


Па задуме Машы Значонак, з чыста функцыянальнага аб’екта мусіла паўстаць прыцягальнае месца для супольнасці, якое дае адчуванне чагосьці жывога. Канцэпцыю стваралі калектыўна. На месцы з дэталямі і дэкорам дапамагала Алена Рыжкова. У працэсе паўстала ідэя з чахламі, і на рэзідэнцыі акурат была чалавек, якая ўмее шыць. Некаторыя мастацкія элементы дадаў Андрэй Бусел.
З новымі фарбамі прыпынак займеў новае жыццё: тут нават зладзілі невялічкі канцэрт Мікіта Арлоў і Вячаслаў Кміт. Сэрцы мясцовых, што спачатку ставіліся да арт-інтэрвенцый насцярожана, растапіць усё ж атрымалася.
Частку аб’ектаў мастакі дэмантавалі і забралі з сабой, штосьці крохкае знішчылі сілы прыроды, а некаторыя рэчы засталіся на ўцеху скшэтушэўцам. Хутчэй за ўсё, рэзідэнцыя атрымае працяг ужо ў іншым месцы, зацікаўленыя могуць сачыць за абвесткамі ў інстаграме Kut.