У царстве паэткі

  • 18.05.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 6780

 

Паэтка, дызайнерка, рамесніца і заснавальніца экамаркі POET.KA Кацярына Кабанава пераехала за горад, каб фарбаваць тканіны з дапамогай лісця, ягад, кветак і каранёў. Мы з’ездзілі да яе ў майстэрню і даведаліся, як атрымліваць натхненне ад лужынаў на палях, што такое павольная мода і чаму людзі баяцца радавацца жыццю.

 

Адкрываю інстаграм дызайнеркі POET.KA і, здаецца, заліпаю навечна. Углядаюся ў змятыя тканіны з адбіткамі травінак і ягад, у рассыпаныя жменькі кветак, у ціхія краявіды з пабляклай травой і шэрым небам. Разглядаю жанчыну з кароткімі валасамі, спакойнымі светлымі вачыма і мокрымі ад расы чаравікамі. Учытваюся ў няспешныя вершы і нататкі з вандраванняў. Для каго яна стварае сваё адзенне і няўжо праўда ўсё афарбоўвае кветкамі?

Запрашаю Кацярыну на інтэрв'ю. Жанчына сустракае мяне ў Бараўлянах, і мы едзем да яе ў хатнюю майстэрню. На ёй акуратнае шэрае паліто, шыю аздабляе шаўковая хустка з узорамі, на руках – незвычайныя аўтарскія ўпрыгожванні. У яе хаце ўсё тое ж адчуванне спакою і няспешнай плыні часу. Праз вакно прабіваюцца яркія праменьчыкі сонца. Пасля шумнага горада цешуся атмасферай цішыні і адзіноты. Мы – у царстве «паэткі».

 

 

 

– Кацярына, як вы прыйшлі да стварэння свайго адзення?

– Я пачала з таго, што навучылася фарбаваць тканіны раслінамі, з'ездзіла павучыцца на пару дзён. А потым штодзённа эксперыментавала. Пазней захацелася ствараць адзенне менавіта таму, што мне самой яго бракавала. Пасля я зразумела, што магу яго паказаць і людзям. Я ж па прафесіі не дызайнер, таму ўвесь час мне даводзіцца вучыцца.

– Дзе вы шукаеце натхненне?

– У мяне няма такога, каб было нейкае вызначанае месца. Я думаю, маё адзенне – гэта складнік таго, што я бачу і чым я жыву. Мае ўражанні – гэта і прырода, і адносіны, і сям'я, і музыка, і канцэрты, на якія я схадзіла. Але мой галоўны натхняльнік – гэта ўсё ж прырода, настолькі я «зраслася» з ёй, з яе колерамі і яе танальнасцю. Я люблю гэтыя палі, вясновыя разводдзі, лужыны на палях, колеры зямлі і неба, скал і гор, дрэвы без лісця. У мяне няма праблемы, што восень змрочная. Не магу сказаць, што я заўсёды любіла прыроду ва ўсіх яе праявах – так стала тады, калі я стала займацца тым, што мне падабаецца. Я часам нават думаю, што ў жыцці людзей шмат пачварнасці: я працавала ў лякарні вельмі доўга і бачыла далёка не самы прыемны бок жыцця. І разумею, як добра, што ў нас ёсць прырода, яна заўсёды прыгожая.

 

 

– Як людзі рэагуюць на ваша адзенне?

– Вядома, я атрымліваю зусім розныя рэакцыі. Калі я стаю на маркетах, я бачу, што людзі часцей купляюць больш прымітыўныя рэчы і, можа быць, больш базавыя. Але зноў жа, гэта мой погляд. Аднойчы да мяне ў Варшаве падышла маладая дзяўчына і сказала: «Мне вельмі падабаюцца вашы рэчы, але я не ўяўляю, з чым іх насіць і куды апранаць. Я вось так увесь час хаджу» – і паказала на свае чорныя ласіны і чорную куртачку.

– Вы ствараеце рэчы ў адзінкавым экзэмпляры. А як вы ставіцеся да масавай вытворчасці і спажывання?

– Я ў агульным прыхільніца павольнай моды, павольнага спажывання. Не магу сказаць, што я не люблю шопінг, бо я жанчына, я люблю купляць і люблю рабіць падарункі. Але ў апошні час у мяне няма жадання хадзіць у гіпермаркеты, у мяне склаліся больш спакойныя адносіны да рэчаў. Мне павінна штосьці моцна спадабацца, каб я гэта купіла.

«Усе колеры ў модзе, навошта ставіць сабе абмежаванні»

Што да маёй вытворчасці, яна ў прынцыпе не можа быць глабальнай. Мабыць, проста ў мяне бракуе адвагі зрабіць яе больш глабальнай. Ведаеце, пытанне заўсёды: колькі ты хочаш зарабляць? Калі хочаш зарабляць шмат – трэба вялікая вытворчасць, трэба будаваць заводы, забруджваць навакольнае асяроддзе. А калі ты хочаш застацца на вызначаным узроўні – тады трэба разумець, што пры невялікіх аб'ёмах ты не можаш шмат зарабіць. Я пакуль не магу адназначна адказаць, ці гатова я пашыраць сваю вытворчасць.

 

 

– Як думаеце, у Еўропе людзі больш думаюць пра экалагічнасць адзення?

– Я падарожнічаю больш як турыстка, не бачу ўсяго, што адбываецца ў краіне. Але ведаю, што ў Вільні, напрыклад, дызайнеры часта скарыстоўваюць натуральныя тканіны, лён – гэта іх нацыянальны брэнд. Афарбоўванне раслінамі там набірае папулярнасць, нядаўна нават на галоўнай вуліцы адкрылі краму з рэчамі, фарбаванымі такой тэхнікай.

– Якія беларускія дызайнеры вам падабаюцца?

– Я не магу сказаць, што я з'яўляюся сталай кліенткай якіх-небудзь дызайнераў, як гэта было раней, калі яшчэ не рабіла сваё адзенне. Але ёсць дызайнеры, якія мне імпануюць. Напрыклад, Юлія Бабій, Яна Ковіч, Лена Цакаленка. Мне падабаецца стваральнік брэнду «Сена Салома», думаю, многія беларускія жанчыны яго любяць. Гэты хлопец жыве ў вясковай хаце, у 100 км ад Мінска, дзе стварае свае работы. Ён незвычайна гарманічная асоба, такіх не часта сустрэнеш.

 

 

 

– Як вы ставіцеся да хараства, эстэтыкі?

– Я люблю эстэтыку, вельмі імкнуся да яе. Мне зусім смешна, калі нехта кажа, што ў модзе пэўны колер. Для мяне гэта такі дзіцячы садок! Усе колеры ў модзе, навошта ставіць сабе абмежаванні. Я неяк пісала ў інстаграме, што мода – гэта затуманьванне мазгоў. З іншага боку, гэта рэальнасць, я нічога не магу з тым зрабіць. Мне проста хочацца, каб людзі часам глядзелі вакол сябе і задумваліся над сваім жыццём. Тыя, хто не задумваюцца пра сваю вопратку, гэтак жа паступаюць і са сваім жыццём. Не думаюць, што ім навязалі зусім чужы лад жыцця, думкі і жаданні. Трэба ўсведамляць, што адбываецца ў нашым жыцці.

З гэтай прычыны я нават стала весці лекцыі ў кафэ Netto. Гэта была мая даўняя мара. З адукацыі я лекар-псіхатэрапеўт і за час працы шмат назапасіла таго, пра што хочацца распавесці. На розныя тэмы: пра любоў да сябе, сямейныя адносіны, павагу да мужчыны.

 

 

– Ці працягваеце вы працу псіхатэрапеўтам?

– Не, пакінула, хоць часам здаецца, што працягваю ёй займацца і цяпер. Часта людзі пачынаюць мне расказваць свае праблемы, сваё жыццё, я ўжо звыкла. Я пакінула гэтую працу, таму што занялася дызайнам адзення. Але гэта прафесія, у якой я як рыба ў вадзе, адчуваю сябе прафесіяналам, працягваю развівацца, таму што ўвесь час аналізую сваё жыццё і раблю высновы.

– Якія вашы жыццёвыя прынцыпы і каштоўнасці?

– Для мяне галоўнае – гэта воля, нават воля душэўная. Воля ад крыўдаў, ад расчараванняў, ад чаканняў. Чым менш чаканняў, тым вальней. Можна быць такім трывожным і няшчасным, што дзе б ты ні знаходзіўся, усюды будзе дрэнна.

Важна не хлусіць сабе. Цяжкі прынцып, які цяжка выконваць. Лепш прызнацца раней, але прызнацца ў праўдзе. Часам абцугамі з сябе выдзіраю гэтую праўду, таму што ўсё адно ў мяне пачынаюцца праблемы з сабой, калі я не прызнаюся сабе ў чымсьці.

«Калі хочаш зарабляць шмат – трэба вялікая вытворчасць, трэба будаваць заводы, забруджваць навакольнае асяроддзе»

Вядома, кахаць. Я навучылася кахаць у свае 39 гадоў. Магчыма, не да канца. Магчыма, нехта скажа, што гэта не так. Але я так знутры адчуваю. Нарэшце зразумела, што кахаць – гэта не браць, кахаць – гэта аддаваць. І гэта дае такое ўзрушальнае пачуццё, калі ты аддаеш, гэта ні з чым не параўнальна. Гэта як поўная рака. Гэта шчасце.

Для мяне як для псіхатэрапеўта не было адкрыццём, што людзі праз перажыванне пачынаюць разумець само жыццё. Чым ты глыбейшы, больш усвядомлены, тым больш тонка пачынаеш успрымаць і шчасце, і няшчасце. Наколькі ты шчаслівы, настолькі ты можаш быць і нешчаслівы, і калі ўжо адчуваеш – то па поўнай праграме. Гэта як дадзенасць. Я, дарэчы, думаю, гэта адна з прычын, чаму людзі баяцца аддацца цалкам адчуванню радасці жыцця. Таму што разам з гэтым прыйдуць і іншыя эмоцыі, не такія пазітыўныя.

 

 

– А вы раней не баяліся быць шчаслівай?

– Вядома, баялася, доўгі час. На тое могуць быць розныя прычыны, некаторыя з іх ідуць з культуры, некаторыя з дзяцінства. Я разумею, што наша грамадства перажыло вельмі страшны час, пачынаючы ад рэвалюцыі і сканчаючы вайной. Час рэпрэсій, страху, выдушвання інтэлігенцыі. Гэта быў катастрафічна страшны перыяд. Нас жа выхоўвалі бабулі, перадавалі ўсё праз пакаленне. У нас вельмі шмат укладзена страху.

«Чым ты глыбейшы, больш усвядомлены, тым больш тонка пачынаеш успрымаць і шчасце, і няшчасце»

Але ў тым ёсць плюс быць сталым чалавекам, што ты можаш сам абіраць, якім табе быць. Бяры і працуй, цяпер ёсць усе магчымасці – інтэрнэт, літаратура, псіхатэрапія, ды што заўгодна. Каб быць шчаслівым, трэба над гэтым працаваць. Трэба недзе напружвацца, канфліктаваць, выказваць свой пункт гледжання, тлумачыць тысячу разоў адно і тое ж, глядзець па-іншаму на блізкага чалавека, ставіць сябе на яго месца. Гэта, вядома, не дровы калоць, але гэта таксама праца. Так і ў жыцці: хочаш, каб штосьці змянялася, – трэба працаваць над сабой.

 

Poet.ka у сеціве:

Сайт   Іnsta

 

 

 

Тэкст by Таша Арлова

Фота by Таша Арлова і POET.KA