Thug life
Запацелыя вокны маршруткі Менск–Жодзіна аблізвала ранішняе сонца, у вушах «цыкаў» біт апошняга альбома Childish Gambino, я жаваў «найноўшы бабл-гам», гартаючы фоткі з лукбука апошняй калекцыі Rebel Youth. Калі ты едзеш браць інтэрв’ю ў самых модных хлопцаў у двары, трэба ім адпавядаць. І я стараўся як мог.
Мала што можа прымусіць мяне прачнуцца ў шэсць раніцы ў нядзелю і добраахвотна паехаць у далёкае замкаддзе. Але чувакі з Rebel Youth, здаецца, былі таго вартыя. За кароткі час хлопцы ператварыліся з маленькай тусоўкі фатографаў і мастакоў у сапраўдны самапальны арт-лэйбл. Капсульныя калекцыі іх адзення раскупляюць за тыдзень, фотапраекты, калажы і карціны імгненна разлятаюцца па тэматычных пабліках, а рэспекты хлопцам прылятаюць нават ад заакіянскіх зорак. Каб потым выхваляцца перад сябрамі, што ведаў «Рэблаў» яшчэ да таго, як яны сталі мэйнстрымам, момант трэба лавіць ужо цяпер. Таму недасып – нішто ў параўнанні з магчымасцю падгледзець за здымкамі іх новага промафільма.
Маршрутка выплюнула мяне на старым жодзінскім аўтавакзале. У кафетэрыі горда, тлустым шрыфтам напісана «эКспрэса». «Не модна...» – падумаў я. Тэлефон амаль што сеў, на вуліцы – тры з паловай сонных чалавекі, вакол – адзінае суцэльнае Жодзіна, куды ісці – не зразумела. Але добра, што сустракаць мяне прыйшоў сам Acid Topser – нязменны правадыр Rebel Youth, беларускі Tyler, The Creator на мінімалках. Фігура вялікая ва ўсіх адносінах: 190 сантыметраў чыстага крэатыву. Не пазнаць і прайсці міма нерэальна.
– Здарова! Вось ты і на малой радзіме Rebel Youth. Як даехаў?
– Прывітанне. Спаць хочацца больш, чым жыць, а так – усё выдатна. Чаму здымкі так рана? І што нас наогул чакае сёння?
– Па сцэнары трэба менавіта раніцай здымаць, гэта прама важна. Карацей: мы здымаем кароткаметражку, прымеркаваную да выхаду новай калекцыі. У сюжэце раскрываецца сутнасць прынта адной з футболак. Прынт называецца Double Suicide. Гэта будзе мой першы, так бы мовіць, рэжысёрскі вопыт, і я вельмі хвалююся, калі шчыра.
– Добра, а навошта вам... (Я запытальна паглядзеў на пакет з вадзяным пісталетам і вялікай вяроўкай унутры.)
– А гэта і ёсць Double Suicide. Карацей, пойдзем, ты пра ўсё яшчэ паспееш даведацца!
Праз пяць хвілін мы падышлі да вялікага двухпавярховага дома. Калі гэта і ёсць штаб-кватэра Rebel Youth – то гэта натуральны thug life. «Модна...» – падумаў я.
Вялікі выбух
– Божа, не, вядома, мы пакуль не такія крутыя! Гэта дом маёй сяброўкі. Тут проста прыдатны нам для здымак інтэр’ер. Герой фільма – багаты, але сумны падлетак, які пакутуе ад адзіноты. Спадзяюся, тут яго пакуты будуць глядзецца максімальна арганічна. Праходзь на другі паверх і пастарайся паводзіць сябе як мага цішэй, а то нас тут і так цэлая хеўра...
У спальні на другім паверсе сабралася чалавек восем. Хтосьці здымаў, хтосьці здымаўся, хтосьці рыхтаваў рэквізіт, хтосьці карэктаваў сцэнар. А хтосьці, як я, ачмурэла сачыў за тым, што адбываецца, спрабуючы ўлавіць нітку апавядання.
Паралельна са здымкамі мы з Топсэрам спрабавалі працягнуць нашу размову.
– З чаго ўсё наогул пачыналася?
– З Вялікага выбуху, зразумела! Насамрэч усё пачалося тут, у Жодзіна, калі я вучыўся ў старэйшых класах школы. Я маляваў графіці, слухаў хіп-хоп, рабіў нейкія невялікія арты. Але гэта ўсё былі дробязі, а душа рвалася да мастацтва і патрабавала буйных формаў. І вось аднойчы я пазнаёміўся з адной выдатнай дзяўчынай Дыянай, якая рабіла проста нейкія шалёныя фатаграфіі. Я, калі яе здымкі ў першы раз убачыў, адразу зразумеў, што мы абавязаны зрабіць нешта сумеснае. Так з’явіўся наш першы праект Purple Vision. З гэтага, па сутнасці, пачалася гісторыя Rebel Youth. Знайшлі мадэль, пабадзяліся некалькі гадзін па лесе ў пошуках патрэбных лакацый, адздымалі, выкінулі на сценку і забыліся. Бэнг! – больш за сто лайкаў за дзень і задаволеныя людзі разрываюць прыват паведамленнямі пра тое, што мы крутыя і абавязаны працягваць. Мы іх паслухалі – працягваем да гэтага часу.
– У цябе ёсць дакладнае вызначэнне, што ж такое Rebel Youth і з чым яго есці? Вы робіце так шмат усяго, што цяжка зразумець, што для вас першаснае.
– Rebel Youth – гэта творчае аб’яднанне мастакоў, фатографаў, дызайнераў і музыкаў з падобным светапоглядам і густамі да мастацтва. І проста туса блізкіх па духу раздзяўбаеў. Шырокаму колу людзей мы сталі вядомыя дзякуючы нашаму брэнду адзення Random Rebels. На дадзены момант у нас выйшла тры капсульныя калекцыі. Але прыярытэтны напрамак вызначыць становіцца толькі складаней, таму што ўвесь час з’яўляюцца нейкія новыя адгалінаванні, новыя людзі, новыя праекты. Вось цяпер з відэа эксперыментуем, спадзяюся, што нешта з гэтага выйдзе.
«У кафетэрыі горда, тлустым шрыфтам напісана “эКспрэса”. “Не модна ...” – падумаў я»
Наконт распылення я не асабліва пераймаюся. Я аднолькава моцна люблю рабіць як фотапраекты, арты і іншы візуальны стаф, так і адзенне. Адно другому зусім не замінае, нават наадварот – выгадна дапаўняе. У рэшце рэшт, мае куміры – гэта Tyler, The Creator і Childish Gambino. Людзі, якія аднолькава крута і прафесійна робяць, здавалася б, зусім не звязаныя адно з адным рэчы. Ад музыкі і акцёрства да рэжысуры і дызайну. Вось да гэтага і трэба імкнуцца.
Размову раз-пораз перарываюць указанні ў стылі «не, не туды», «давайце пераздымем» і «сядзь пад іншым вуглом, чувак, людзі ж так не сядзяць». Нягледзячы на тое, што гэта першы рэжысёрскі вопыт Топсэрa, у гэтай ролі ён адчувае сябе даволі ўпэўнена. Здымкі прасоўваюцца павольна – перфекцыянізм стваральнікаў даецца ў знакі. Напрыклад, сцэну з абуджэннем героя, якая пасля мантажу зойме не больш за сем секунд, здымалі без малога гадзіну.
– У сябе ў галаве я бачу гэта ўсё пакадрава, чувак, усё павінна быць ідэальна...
– Дарэчы, з нагоды галавы, чырвоны чэрап – ваш сімвал – што-небудзь значыць наогул ці гэта проста прыгожы прынт?
– Вядома! Гэта такі канцэнтраваны сімвал ідэалогіі Rebel Youth. Чэрап – сімвал вечнасці, чагосьці, што застаецца нават пасля смерці. Чырвоны – колер агрэсіі, злосці, падлеткавага запалу, накіраванага ў патрэбнае рэчышча. Злосць, у першую чаргу на сябе самога, заўсёды матывавала мяне і прымушала тварыць. Завязаныя вочы – знак таго, што трэба думаць сваёй галавой і прыслухоўвацца да ўнутраных адчуванняў, а не арыентавацца на чужое меркаванне. «Трэцяе вока» на лбе – гэта як невытлумачальнае шостае пачуццё, якое дапамагае разумець гэты свет. Залатыя зубы – той самы thug life, пра які ты казаў. Быць упартым, бесперапынна імкнуцца наверх, пераадольваючы ўсе цяжкасці. І аднойчы гэта ўзнагародзіцца. У той жа час, калі ты заўважыў, адзін зуб застаўся белым. Гэта каб наш «Чэрап» заўсёды памятаў, хто ён і адкуль.
– «Не забывай свае карані, помні: есць рэчы…»
– Ага, вось нешта тыпу таго.
Rebel peeps
– Як ты ўяўляеш сабе зборны вобраз чувакоў, якія купляюць у вас вопратку, цікавяцца вашым стафам?
– Ой, купляюць вопратку зусім розныя чувакі: ад тыповых моднікаў, якія плацяць за магчымасць «пантануцца» індзі-брэндам, да хлопцаў, якія, на маю думку, рэальна ўнеслі нешта ў культуру. Вось Kipah, напрыклад, у нашай вопратцы ходзіць перыядычна. На нядаўнім Urban Weekend некаторыя арганізатары нашы худзі цягалі таксама.
І рэспекты часта прыходзяць ад людзей, ад якіх ты нават не чакаў. Самы яскравы прыклад – Kevin Abstract. Гэта нерэальна круты амерыканскі рэпер, які зараз хутка набірае папулярнасць. Чувак проста зайшоў да мяне на старонку ў твітэры, паглядзеў здымкі і напісаў, што мы вельмі крутыя. Да гэтага часу перапісваемся перыядычна. Вось так вось проста. Ён сёлета на Bonnaroo выступае, паміж Major Lazer і U2, і ніякіх пантоў – выдатны хлопец. У адрозненне ад некаторых нашых «зорак». Таксама хлопцы з пабліка Fast Food Music нас вельмі падтрымліваюць. Нядаўна, дарэчы, бачыў фотку, дзе Бора, адмін пабліка, стаіць з Lil Peep – і на ім наша талстоўка. Я афігеў.
У здымках нарэшце надыходзіць перапынак. Фрэдзі (аператар сённяшняга бязладдзя) спешна мяняе акумулятары ў камерах і мацюкае сам сябе за запоратыя дублі. З Фрэдзі мы знаёмы яшчэ з часоў інтэрв’ю з Бакеем. Гэта той самы чувак, які паабяцаў явіць свету першую дакументалку пра беларускі хіп-хоп. Сказаў, што матэрыял у працы, і шанец убачыць унутраную беларускую рэп-кухню ў нас яшчэ маецца. Пацешна было яго тут сустрэць. Узнікае адчуванне, што ўсе людзі менскага урбану як мінімум ведаюць адно аднаго, а як максімум – хоць раз працавалі разам.
«Мае куміры – гэта Tyler, The Creator і Childish Gambino»
Мы ж з Топсэрам перамясціліся на балкон і працягваем гутарку, любуючыся жодзінскімі лясамі.
– Слухай, якое надвор’е крутое!
– Так, нарэшце гэтая васьмімесячная зіма скончылася. Дарэчы, давай пра вашу новую вясновую калекцыю пагаворым. Чым яна адрозніваецца ад папярэдніх?
– У гэты раз я не замарочваўся асабліва над канцэпцыяй, зрабіў стаўку на спалучэнне колераў. Хоць я вельмі люблю замарочвацца, ты ж ведаеш. Мінулыя калекцыі былі своеасаблівай мазаікай. Fuego, наш восеньскі дроп, быў цалкам прысвечаны тэме агню, і ў кожную рэч я спрабаваў укласці нейкі глыбінны сэнс. Цяпер жа я пайшоў ад адваротнага. Толькі футболка Double Suicide мае нейкае асаблівае значэнне, і, каб раскрыць задуму прынта, мы цяпер і здымаем гэта відэа. Але гэты прынт таксама можна па-рознаму інтэрпрэтаваць. Затое ўсё выдатна спалучаецца адно з адным, і на гэты лукбук нават глядзець прыемна. Плюс у нас з’явіліся сумкі, джынсоўкі, карацей, асартымент расце.
– Ад многіх людзей чуў пра вас меркаванне: «Крута, але занадта дорага. Пайду лепш у Dislabel». І сапраўды ж, 100 рублёў за джынсоўку – не дафіга?
– Напэўна, дафіга, але ты павінен разумець, што такое капсульная калекцыя. Усе гэтыя рэчы існуюць у адзіным экзэмпляры. Возьмем тыя ж джынсоўкі: я іх вось гэтымі вось рукамі распісваў кожную. Мне яны ўсе дарагія, я іх літаральна ад сэрца адрываю. Гэта ж як прадаваць свае карціны, чувак! Так што цэны апраўданыя, я лічу. Да таго ж эксклюзіўнае адзенне вельмі хутка разыходзіцца. Значыць, ёсць нямала тых, каму такія рэчы па кішэні.
– У цябе ёсць куміры ў свеце брэндаў вулічнага адзення? Хто для цябе служыць ролевай мадэллю ў гэтым плане?
– Падабаюцца брэнды, якія, акрамя адзення, ствараюць свой міф, сваю легенду, свой свет. Вось чаму я ў захапленні ад Golf, брэндаў Tyler, The Creator. У сваіх альбомах, кліпах і вокладках Тайлер стварыў нейкую ўласную планету, якая існавала паралельна Зямлі. І калі ён пачаў выпускаць адзенне, склалася ўражанне, што яго ўяўныя людзі з гэтай уяўнай планеты літаральна ўпалі ў наш рэальны свет. Я гляджу на тых, хто носіць Golf, і разумею, што яны вельмі падобныя адно на аднаго. Гэта вельмі крута.
Supreme таксама падабаецца. Хоць бы таму, што яны цяпер знаходзяцца на такім узроўні, калі могуць дазволіць сабе абсалютна ўсё, што заўгодна. Няхай камусьці не падабаюцца іх апошнія калекцыі, але людзі павінны разумець, што чувакі з Supreme ужо прайшлі свой шлях наверх, цяпер яны тут заканадаўцы мод і ніхто ім не ўказ.
Пагоня за хайпам
– Ты хацеў бы, каб «Рэблы» сталі такой жа велізарнай машынай ці ўзровень індзі-брэнда цябе цалкам задавальняе?
– Ну, у мяне няма ніякіх напалеонаўскіх планаў на гэты конт, але пакуль я за любы рост. Пачуццё таго, што «вось цяпер трэба прытармазіць», узнікае, калі ты дасягаеш ужо нейкага важкага статусу. Пакуль я нават уявіць не магу, як гэта.
– Ты ж разумееш, што рана ці позна табе прыйдзецца сур’ёзна задумацца пра манетызацыю і папулярызацыю сваёй творчасці. Ты гатовы да гэтага?
– Я разумею, што рана ці позна гэта павінна адбыцца, але пакуль што ўсялякага роду маркетынгам я займаюся з вялікай неахвотай. Хоць гэта непазбежна, бо тая ж мода, да прыкладу, гэта і ёсць красовер мастацтва і камерцыі. Я не тое каб падзяляю тэзіс «мастак павінен быць галодным», але за імгненнай папулярнасцю таксама гнацца не хочацца.
Вось гэтая кароткаметражка ў нейкім сэнсе і будзе рэкламай, але ўсё-ткі спадзяюся, што як творчы прадукт яна будзе таксама самастойная. Мы, дарэчы, там і высцёбваем гэтую тэму ўсеагульнай памяшанасці на імгненнай папулярнасці. У героя нашага фільма ёсць добры дом, любімая справа, але ўсё гэта сыходзіць на другі план, калі ён бярэ ў рукі тэлефон і ўсведамляе сваю непапулярнасць у сацыяльных сетках, і гэта робіць яго няшчасным. Здавалася б, гэта смешна, але гэта вельмі распаўсюджаная праблема сярод далёка не дурных падлеткаў. Нават мяне гэта часам кранае. Ну камон, ну што табе – шкада паставіць лайк пад новым лукбукам? І мне прыемна, і табе секундная справа.
«Возьмем тыя ж джынсоўкі: я іх вось гэтымі вось рукамі распісваў кожную»
– Хвілінку... Усё, паставіў!
– Ма-лай-чы-на! А цяпер пойдзем фільм дарабляць!
Хлопцы здымаюць апошнія сцэны, дзе адбываецца самы экшн. Я нарэшце ўрубаюся ў сюжэт і разумею, нахрана патрэбныя былі пісталет з вяроўкай. Дык вось што значыць Double Suicide!
Замест класічнага «стоп, знята!» па памяшканні разнеслася працяглае: «Фууух, бл*ць, ну нарэшце!» Стомленыя, але задаволеныя, мы абмяняліся фірмовымі стыкерамі (як я зразумеў, у дызайнераў стыкеры граюць ролю візітовак) і з’язджаем назад у Менск.
«Усё гэта сыходзіць на другі план, калі ён бярэ ў рукі тэлефон і ўсведамляе сваю непапулярнасць у сацыяльных сетках»
– Топсэр, апошняе пытанне: я тут у вашай групе заўважыў сімпатычны арт з беларускім арнаментам. Не жадаеце далей у гэтым кірунку папрацаваць?
– О, ты пра «Роднае слова»? Так, памятаю гэты арт, яго Максім запіліў, ён адзін з заснавальнікаў Rebel Youth. Так, гэта крутая ідэя, рана ці позна нешта яшчэ ў такім родзе з’явіцца, я думаю. Але трэба правільна інтэграваць беларускі стыль у нашу аўтэнтычнасць, каб гэта не выглядала пошла і павярхоўна. Вось нядрэнную ідэю з вышымайкамі ўжо прымудрыліся спахабіць. Таму да гэтай справы трэба падыходзіць акуратна. А проста спрабаваць злавіць хайп на беларускім арнаменце – значыць не паважаць ні сябе, ні нашу культуру, я лічу!
– Дай я цябе абдыму, мужык!
Аўтобус пад’язджаў да Менска, калі я заўважыў на яго дзвярах графіці Rebel Youth. Паглядзеў на Топсэрa – той сцвярджальна кіўнуў і ўсміхнуўся. «Даволі сімвалічна. І модна...» – падумаў я, усміхнуўся ў адказ і вярнуўся да праслухоўвання альбома Childish Gambino.
Праз перфекцыянізм Топсэра і каманды Rebel Youth відос яшчэ на стадыі ўдасканалення, але мы табе абавязкова паведамім у сацсетках, калі ён пабачыць свет.
Скучал(-а) по трансу и девяностым? Этот марафон точно для тебя.
Минское трио выпустило второй альбом и рассказало нам о нем.
Малады, але дасведчаны комік – пра цяжкую публіку, чыт-коды ў менскай камедыі і стэндапе на «Макаёнка, 9».
Уступай у калабы і пераводзь дзейнасць на дыгітальныя рэйкі.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
супермодная жодзинская пиздотка
Проёбано
далёкае замкаддзе (с)
Миорская кольцевая автодорога. Могилевская? Молодечно?
Окольцован!