Год таму ў сталічных дызайнерскіх колах з’явіліся навічкі – паспяховы брэнд жаночага адзення The Young Clothes. Напярэдадні іх першага юбілею гутарым з сёстрамі-заснавальніцамі, 21-гадовай Вікай і 25-гадовай Крысцінай Леванюк, пра тое, як заўжды быць у плюсе, чаму «Камволь» робіць лепшыя тканіны і за якім морам шукаць натхненне для сваіх калекцый.
Пра пачатак
«Тры гады мы вазілі адзенне пад заказ. Zara, H&M, Bershka, Stradivarius і гэтак далей па спісе. Проста фатаграфавалі на сабе лукі, залівалі ў суполку ў VK і прадавалі такім чынам», – закідваюць вуду ўспамінаў дызайнеркі. Тады яны з галавой пагрузіліся ў бізнэс. Падбіралі камплекты, шукалі прыгожыя месцы ў горадзе для здымак, фатаграфавалі. У выніку – шасцітысячная аўдыторыя аматараў прадуманага стылю і патэнцыйных кліентаў.
Але толькі-толькі выпрастаныя крылы падрэзаў прэзідэнцкі ўказ, які абмежаваў перасоўванне тавараў праз мяжу. «Адначасова ў нас спела і агульная незадаволенасць нашай дзейнасцю. Мы разумелі, што трэба рабіць штосьці лепшае і што мы ў чаўночніцах зусім ненадоўга», – кажа Крысціна.
Дзяўчыны ўспомнілі пра сваё жаданне шыць цёплыя паліто для нашай зімы – так узнікла ідэя сваёй лініі адзення. Назваліся The Young, таксама як і іх fashion-блог. «Адшылі рэчы, сабралі дакументы і панеслі рэгістравацца. Дата адкрыцця крамы ўжо была прызначана, а нам кажуць, што ўсё не так, трэба перарабляць. Тады мы выйшлі – два спустошаныя, раззлаваныя чалавекі, – успамінаюць дзяўчаты. – Паплакалі дзень, падэпрэсавалі, але за дзесяць дзён усё вырашылі. Нам заўсёды дапамагалі ў розных інстанцыях. Мо таму, што мы да іх ставімся як да людзей, а не як да правяраючых і нашых ворагаў».
Пра першы дзень
Роўна год таму сёстры адчынілі дзверы (хутчэй паднялі ралет) сваёй крамы і пачалі чакаць захопленыя натоўпы пакупніц. Праходзілі гадзіны, але нікога не было. «Першую гадзіну мы рыхтаваліся, адпарвалі рэчы. Ну, думаем, цяпер усе на працы, ва ўніверы. Хутка пойдуць, хутка пойдуць. Проста сядзелі моўчкі, паглядалі на гадзіннік, паглядалі адна на адну. Ужо пальцы стукалі нервова. Нават лямпачка перагарэла. І потым, пасля пятай, прыйшлі людзі, і некаторыя адразу куплялі камплекты. Гэта была такая радасць, нам хацелася проста крычаць ад таго, што нехта прыйшоў, што гэта знайшло водгук і людзі засталіся задаволеныя. Больш за ўсё натхняла тое, што прыйшлі дзяўчынкі, якія некалі ў нас заказвалі. Так нашыя кліенткі перайшлі ад Zara да The Young. Так што можна сказаць, што мы своеасаблівая менская Zara».
Пра стыль
«Я наш час не вельмі люблю за тое, што ўсяму трэба даваць нейкую назву, усяму трэба даваць тлумачэнне. Я ніколі не думала, у якім мы робім стылі, – усміхаючыся, кажа Крысціна. – У нас свой стыль». Напэўна, найбольш дакладнае слова, якое б вызначыла стыль The Young Clothes, – гэта камфорт. Але ў цябе дакладна будзе сваё. Усё таму, што сучасная мода – гэта пазл самых гучных трэндаў усіх часоў і народаў. Гэта эклектыка, індывідуальнасць, спорт, шык, горад, жаноцкасць, мужнасць. Усё змяшалася. І зноў вярнулася галоўная ідэя дэндзізму – вылучацца дэталямі. «То рушка, то валанчык, то драўляны гузік – усе гэтыя дэталі з’яўляюцца нашым поўным адлюстраваннем», – тлумачыць Віка.
Пра стварэнне адзення
Як ствараецца новая рэч брэнда The Young? Спачатку ў вытворцаў з задаткамі, як называюць сябе Віка і Крысціна, з’яўляецца ідэя. Яна можа прыйсці са старых модных часопісаў, заморскіх інстаграм-акаўнтаў ці сама тканіна падкажа, якой будзе сукенка.
Дарэчы, пра тканіны. Спачатку сёстры абіралі дарагія італьянскія матэрыялы. Потым перайшлі на турэцкую матэрыю, якая танней і, адпаведна, робіць канчатковы прадукт не такім дарагім. Цяпер усё адзенне адшываецца з (не паверыш!) тканін Менскага камвольнага камбіната і сукна Магілёўскай фабрыкі. «Усе былі ў шоку, адкуль такая палітра?! Але гэта робіць наш “Камволь”. Проста не трэба баяцца, трэба шукаць. І не лічыць, што ў Беларусі ўсё дрэнна і няма чаго выбраць».
Працэсам пашыву займаецца каманда краўцоў, раскройшчыкаў і закройшчыкаў – усяго шэсць чалавек працуюць на карысць айчыннага дызайну. Вытворчасць знаходзіцца ў Кобрыне. Тамсама жывуць і бацькі дызайнерак, якія часта дапамагаюць, калі трэба штосьці прывезці ці адвезці. «У нас усё насамрэч вельмі хуткае. Новая мадэль можа запусціцца з поўным дакументальным пакетам прыкладна за тыдзень, дзён за дзесяць. Галоўнае пытанне – наколькі яна знойдзе водгук у душах людзей», – дзеляцца дзяўчаты.
Пра грошы
Пачаць бізнэс у Беларусі досыць проста, але трэба яго яшчэ і на плаву трымаць. Віка і Крысціна ў гэтай справе атрымалі поспех. «Не скажу, што мы моцна разбагацелі, што ў нас неймаверныя прыбыткі. Але ў мінус мы ніколі не выходзілі і нават у нуль ані разу. Мы заўсёды ў плюсе, пачынаючы з першага месяца».
Дызайнеркі кажуць, што, у першую чаргу, сакрэт такога поспеху ў адэкватных цэнах. Напрыклад, дызайнерскія штаны каштуюць BYN 80. Сукенкі і спадніцы – у гэтым жа коштавым дыяпазоне. Другое – індывідуальны падыход да кожнага кліента. Дзяўчыны хутка адказваюць на паведамленні ў інстаграме, а калі прыходзіш да іх у краму, ахутваюць цябе ўвагай і клопатам. Плюс да гэтага даюць слушныя рады, як і з чым насіць іх адзенне. Трэцяе – адразу бачна, што гэта любімая справа, ад якой гараць вочы. Натхненне нараджаецца не недзе там, а проста тут, у працэсе. Такое стаўленне прыцягвае людзей і зараджае іх.
«Мы не становімся нахабнымі. Мы самі не любім марнаваць шмат грошай на адзенне. Усё, што мы робім – шукаем свой стыль, вядзём бізнэс-справы – робім на інтуітыўным роўні. Мы разумелі, што гэты ўзровень цэн адэкватны і для нас, мы за такія грошы маглі б купіць сабе і сукенку, і штаны. І не лічым патрэбным ставіць цэннік больш. Нават пры такім узроўні цэн мы можам штосьці зарабляць, і гэтага досыць».
Апроч утульнай крамкі ў «Сілуэце», The Young Clothes выстаўляюцца і ў «Канцэпт-краме», якая размясцілася ў ТЦ «Метраполь». Сёстры вырашылі не страчваць такую магчымасць: пазнаёміць шырэйшую аўдыторыю са сваім брэндам. «Нам здалося, што туды будуць прыходзіць іншыя людзі, магчыма, іншая аўдыторыя, старэйшыя людзі. Чаму б і не? У нас рэчы не толькі для супермаладзенькіх дзяўчатак».
Пра натхненне
Літаральна кожны тыдзень ці два ў краме The Young Clothes з’яўляецца новая рэч. Адкуль столькі ідэй? «Цяпер бывае проста: ты паглядзіш на папараць у прыгожым збане, убачыш спалучэнне колераў, і яно прывядзе да нейкіх думак». Заўсёды ёсць выбар: рабіць як усе, каб дакладна заставацца ў мэйнстрыме, ці шукаць, дадаваць штосьці сваё, рызыкаваць, але рабіць, як адчуваеш.
«Мы не глядзім на вядомых дызайнераў проста таму, што на іх глядзяць усе. Вось цяпер ідзе нейкае павальнае захапленне 12 storeez, urban fashion. Шмат хто чэрпае ў іх ідэі і потым рэалізуе, прыклады ёсць у тым жа Менску. Недзе паўгода таму і мы на іх глядзелі, бо яны вельмі нам падабаліся. Цяпер мы імкнёмся глядзець у іншы бок – за акіян. На тых людзей, пра якіх не ведаюць. Ёсць такія дзяўчыны, якія ўжо ў 2012-м у Амерыцы рабілі тое, што да нас толькі прыходзіць».
Могилевская группа напоминает, что «будзе заўсёды весела».
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.