Teslasuit: касцюм будучыні
- 12.02.2018
- 8035
Калі ты яшчэ не знаёмы(-ая) з віртуальнай рэальнасцю, самы час паспяшацца: хутка адных шлемаў будзе мала. Для поўнага апускання ў іншыя светы створаны Teslasuit – касцюм, абсталяваны электрастымуляцыяй. Прэзентацыя Teslasuit у Менску прайшла на канферэнцыі DevGamm. Мы сустрэліся ў офісе кампаніі з дырэктарам па маркетынгу Дзянісам Дыбскім і аперацыйным дырэктарам Дзмітрыем Міхальчуком і даведаліся, як распрацоўка адкрые для геймераў новы дзівосны свет і пазбавіць нас ад чэргаў у паліклініках.
Мы знаходзімся ў прасторным офісе Teslasuit у Менску, хоць ён больш нагадвае сакрэтную лабараторыю: тут і паяюць, і шыюць, і праграмуюць. Цяпер офіс займае амаль цэлы паверх – 500 квадратных метраў, але ў планах – пашырыць прастору. Тут праводзяць даследаванні і распрацоўваюць вопратку, якая вось-вось зменіць наша ўяўленне пра віртуальную рэальнасць.
Teslasuit – гэта разумны касцюм, які дапамагае цалкам пагрузіцца ў VR. Ён абсталяваны сістэмай захопу рухаў, клімат-кантролем, біяметрычнымі датчыкамі. Прасцей кажучы: усё, што адбываецца ў камп’ютарнай гульні, ты можаш адчуць на сабе дзякуючы электрычным імпульсам.
Teslasuit – гэта зарэгістраваная гандлёвая марка, названая ў гонар Ніколы Тэслы. Не мае ніякага дачынення да Tesla Motors.
Другі офіс Teslasuit знаходзіцца ў Лондане. Там засяроджана праца менеджараў.
Дзяніс і Дзмітрый толькі што прыляцелі адтуль, а да гэтага паднялі на вушы ўвесь Лас-Вегас, дзе праходзіла CES – самая буйная выстава спажывецкай электронікі ў свеце. Сярод 4000 кампаній і 2 000 000 квадратных метраў са стэндамі (па плошчы гэта прыкладна як 280 футбольных палёў) менавіта да Teslasuit першай справай прыйшоў Палмер Лакі, адзін з заснавальнікаў Oculus VR, і выказаў сваю павагу. Ён – той самы чалавек, які запусціў хвалю цікавасці да VR.
«Калі раней нам прыходзіла 200 лістоў у дзень, то цяпер – 2000», – стомлена пасмейваецца Дзмітрый.
«Калі раней мы працавалі па 16,5 гадзін у суткі, то цяпер – па 18», – бадзёра дадае Дзяніс.
Досыць лічбаў. Расказваем, як каманда беларусаў стварае нешта сапраўды выбітнае.
Дзянiс
Дзмiтрый
Ідэя 19-гадовага генія
Сяргей Хурс – галоўны распрацоўшчык і заснавальнік Teslasuit. Яму 25 гадоў. Ён пагружаны ў свае думкі і не асабліва зацікаўлены ў размовах: пасядзеўшы з намі пяць хвілін, рашуча сыходзіць працаваць далей.
Сяргей нарадзіўся ў Берасці і з 8 гадоў спрытна арудаваў паяльнікам. Яго бацька працаваў на прадпрыемстве, якое займалася электронікай, і прышчапіў сыну любоў да тэхнікі. Калі Сяргей ездзіў у Менск, большую частку яго багажу займаў менавіта паяльнік.
У БНТУ ён вывучаў робататэхніку і ў 19 гадоў выступіў з дакладам, у якім выказаў здагадку самой магчымасці існавання разумнага касцюма. У 20 гадоў упершыню прадставіў праект Teslasuit. Тады ён працаваў над 5D-кінатэатрамі і разумеў, што нават гэтага недастаткова для поўнага занурэння ў віртуальную рэальнасць. І ў 2012 годзе Сяргей заснаваў Teslasuit.
Асноўная сфера прымянення разумнага касцюма – гульнявая індустрыя. Ты апранаеш яго і адчуваеш усё, што бачыш у гульні. Калі знаходзішся ў пустыні – табе цёпла, калі сярод ільдоў – холадна. Мозг не адчувае сябе падманутым, таму што для яго няма разыходжанняў у малюнку і тактыльных адчуваннях. За гэта ў Teslasuit адказвае клімат-кантроль.
Яшчэ касцюм змогуць прымяняць для спорту. Напрыклад, у гольфе. «Здымаем меркі» з прафесійнага гальфіста, фіксуем яго рухі і алічбоўваем. Апранаем непрафесійнага гальфіста ў касцюм і VR-шлем. Сістэма захопу рухаў счытвае яго становішча і параўноўвае з эталонам. Калі гулец нешта робіць не так, то сістэма падае сігнал менавіта ў тую частку цела, якой патрабуецца карэкціроўка перамяшчэння. Вядома, сапраўднага трэнера Teslasuit не заменіць, але дапаможа палепшыць тэхніку за значна меншую суму.
Таксама Teslasuit дапаможа зэканоміць на навучанні вузкаспецыялізаваных супрацоўнікаў: напрыклад, работнікаў на буравой свідравіне. У віртуальнай рэальнасці можна ўзнавіць гэтую свідравіну і загадзя даць базавыя навыкі адпаведным людзям. Гэта дапаможа ім не разгубіцца на месцы.
«Касцюм пашылі хутка: клей яшчэ сох, пакуль каманда ляцела ў Англію»
І нарэшце, самае важнае – медыцына. Teslasuit – гэта не проста VR-касцюм: гэта разумнае адзенне. Яно ўлічвае пытанні біяметрыі і біястымуляцыі, счытвае актыўнасць цягліц. Цяпер распрацоўшчыкі ствараюць нейрасетку, якая будзе распазнаваць базавыя захворванні. Яе ўшыюць у адмысловую майку, якую трэба будзе проста насіць. Гэта дасць магчымасць не хадзіць па паліклініках – можна будзе адправіць лекару файл з гісторыяй свайго стану, на аснове якога ён паставіць дыягназ. Касцюм дапаможа спыніць распаўсюджванне інфекцый і эпідэмій, аказаць дапамогу пры парушэнні вестыбулярнага апарату і дробнай маторыкі, рэабілітаваць людзей пасля інфарктаў і інсультаў.
Сяргей паверыў у сваю ідэю і стаў зарабляць грошы на іншых праектах, каб ажыцявіць мару. Сабраў невялікую каманду, і даволі хутка пра іх распрацоўкі даведаўся BBC: там якраз здымалі дакументальны фільм пра адносіны на адлегласці, і Teslasuit даволі ўдала ўпісваўся ў сцэнар. Хлопцам прапанавалі прыехаць у Лондан, калі ў іх будзе гатовы прататып касцюма. Касцюм пашылі хутка: клей яшчэ сох, пакуль каманда ляцела ў Англію.
Пасля здымак Сяргей зайшоў у госці да Дзмітрыя. Да гэтага яны не былі знаёмыя: іх пазнаёміла сястра Дзмітрыя, якая не надта разбіралася ў тэхналогіях, але вырашыла «звесці» гэтых людзей. З гэтага моманту Teslasuit стаў бізнэсам.
«З часам з'явіцца свой мэсэнджар, які дазволіць дакрануцца да чалавека на адлегласці»
Затрымацца ў Лондане на 17 гадоў
Калі Дзмітрыю было 6 гадоў, яго бацька зрабіў камп’ютар з пузатага тэлевізара «Гарызонт» – проста так, дома, на каленцы. Маленькі Дзіма натхніўся і стаў разбіраць і збіраць будзільнікі, асвоіў мову праграмавання «бэйсік» і ўжо ў першым класе напісаў праграму для калькулятара.
«У школьным атэстаце ў мяне была пяцёрка па інфарматыцы па пяцібальнай сістэме, пры гэтым я наведаў два заняткі: на першым я паказаў рэферат, ад якога настаўніца проста прысела, а на другім адрамантаваў усю тэхніку ў кабінеце. Аказалася, што прынтар працаваў!» – са смехам успамінае Дзмітрый.
Ён скончыў БДУІР і сваю кар'еру пачаў у філіяле французскай фірмы, якая базавалася ў Менску. Там стваралі робатаў, якія маніпулявалі крамянёвымі пласцінамі, дзе вырошчвалі чыпы. 20 гадоў таму ў іх ва ўсім свеце не было канкурэнтаў.
«Потым я павінен быў ехаць у Крамянёвую даліну праз Нью-Ёрк. Але тады якраз здарыўся тэракт 11 верасня, і рэйс адмянілі. Я быў у Лондане і ў выніку завіс там на 17 гадоў», – працягвае аперацыйны дырэктар Teslasuit. Там ён вырашыў прапампаваць сваю адукацыю і стаў вывучаць электроніку, інфарматыку, бізнэс-адміністраванне, фінансы, маркетынг. Заснаваў сваё маркетынгавае агенцтва ў Лондане і займаўся гэтым больш за 10 гадоў. Потым заснаваў яшчэ пару кампаній, у якіх рабілі дроны і стваралі разумныя дамы. Тады на парозе офіса Дзмітрыя і з'явіўся Сяргей. Яму спадабалася лабараторыя Дзмітрыя, і яны вырашылі папрацаваць разам.
Teslasuit як бізнэс
«У хлопцаў ужо быў MVP – minimum viable product. Важна зрабіць мінімальна жыццяздольны прадукт: трэба сабраць працоўную мадэль, якая пакажа, што ваша ідэя здзяйсняльная. Сама па сабе ідэя нічога не каштуе. Спачатку трэба выбудаваць структуру і стратэгію. Трэба зразумець, дзе вы хочаце апынуцца праз 5 гадоў са сваім праектам, якіх мэтаў ён павінен дасягнуць, якія павінен вырашыць праблемы ў свеце», – пераходзіць Дзмітрый да бізнэс-складнікаў стартапа.
У самым пачатку Teslasuit запусціла краўдфандынгавую кампанію і паспяхова праваліла яе. Гэта было стратэгічным рашэннем: трэба было зразумець, ці ёсць попыт на разумны касцюм. Узнялі велізарны цэннік, паставілі мэту – сабраць 250 000 фунтаў стэрлінгаў. У першыя тры дні сабралі 35 000 фунтаў – на той момант гэта каля 48 000 даляраў. Калі б усё ж сабралі патрэбную суму, то гэта было б абяцаннем прадаць прадукт, які тады яшчэ не быў гатовы да выкарыстання.
«У самым пачатку праекта неабходна зрабіць валідацыю. Трэба паказаць людзям, што ваш прадукт нешта вырашае. Ёсць многа прыладаў, якія проста капіююць функцыянал адно аднаго, але пры гэтым не вырашаюць ніякіх праблем. Яшчэ важна стварыць каманду, якая разам перажыве першы год. Гэта вялікая частка поспеху. Першы год – самы складаны: вам не хапае грошай, ведаў, экспертызы. На другі год становіцца трохі прасцей, але ўсё роўна ён менш паспяховы, чым трэці ці пяты», – кажа Дзяніс.
Дарэчы, першыя чатыры гады каманда Teslasuit працавала бясплатна: проста таму, што верыла ў ідэю. Фінансаванне прыйшло толькі вясной 2016 года: з'явіліся інвестыцыі ад прыватных інвестараў. Цяпер Дзяніс і Дзмітрый ахвотна дзеляцца сваімі ведамі па вывадзе прадукту на рынак: выступаюць на Social Weekend, Venture Day Minsk, на розных майстар-класах. Дзіма кансультуе па бізнэсе, Дзяніс – па маркетынгу. Распавядаюць, як шукаць грошы і як размаўляць з інвестарамі і венчурнымі фондамі.
«З самім Стывенам Спілбергам мы не знаёмыя. Але скажу больш: Warner Brothers напісалі нам самі»
«Стартаперы могуць гарэць ідэяй, але не разумець, як вывесці яе на рынак. Калі сцісла, трэба адказаць сабе на такія пытанні: што вы робіце, для чаго і для каго. Бо спачатку ўсе робяць прадукт для сябе. Але трэба ўмець растлумачыць нават 6-гадоваму дзіцяці, навошта патрэбен твой прадукт, якую праблему ён вырашае, у чым яго неабходнасць. Калі атрымаецца растлумачыць дзіцяці – атрымаецца растлумачыць і інвестару. Інвестар – гэта бізнэсовец, які бачыць перспектыву. Важная добрая прэзентацыя і дэталёвая прапрацоўка бізнэс-плана. Калі патрэбныя грошы на дадатковыя даследаванні, іх таксама трэба ўключыць у бізнэс-план. Але гэта, вядома, трэба абгрунтаваць. Мы лічым кожную капейку, і гэта важны аспект стартапа. Любы інвестар у любы момант мае права спытаць, на што ты выдаткоўваеш фінансы», – дае савет Дзмітрый.
Канструкцыя і распрацоўка касцюма Teslasuit
Пра прыладу касцюма з задавальненнем распавядае Дзяніс Дыбскі. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, вучыўся ў Магілёве на гістарычным факультэце. Да 4 курса паспеў папрацаваць у мностве сфер, пачаў вывучаць маркетынг. У выніку выйшаў на адно невялікае рэкламнае агенцтва, якое прапанавала яму пераехаць у Менск. Дзяніс стаў партнёрам, дырэктарам і сузаснавальнікам. Паўтара года папрацаваў там, пазнаёміўся з камандай Teslasuit і цалкам пагрузіўся ў гэтую справу. Тут ён адказвае за маркетынг і камунікацыі.
Такім чынам, у распрацоўцы касцюма задзейнічаны электроншчыкі, праграмісты і швейная вытворчасць. Важна ўлічыць нюансы прыгажосці, носкасці, выгады, фізіялогіі, чысткі. Касцюм складаецца з гнуткай электронікі, убудаванай у тканіну. У Teslasuit распрацоўваюць спецыяльны матэрыял з натуральных тканін: ён лёгка выпускае паветра і вільгаць вонкі, але не ўпускае ўнутр. Пакуль аб'ёмы невялікія, шыюць вопратку ў Менску.
«Распрацоўшчыкі не падпускаюць да сябе, пакуль не зацвердзяць канчатковы варыянт. Мы даведаемся пра ўсё, калі яны самі гатовыя паказаць новыя фічы. Мы не ведаем, над чым канкрэтна яны працуюць цяпер», – іранічна заўважае Дзяніс.
За час даследаванняў касцюм апрабавалі прыкладна 200 людзей з розных краін. І гэтыя даследаванні пацвердзілі, што ва ўсіх людзей розныя тыпы скуры: адрозніваюцца тэмпература, вільготнасць, супраціў, электрычная актыўнасць.
Падабраць налады пад кожнага чалавека досыць складана. Таму касцюм Teslasuit счытвае стан скуры, тэмпературу і супраціў і вырашае, які ўзровень сігналу неабходны. Калі чалавек захоча панізіць або павысіць гэты ўзровень, то ён можа зрабіць гэта наўпрост у працэсе гульні.
У адным з касцюмаў ужо працуе новая сістэма перадачы адчуванняў. Калі раней гэта былі толькі электрычныя разрады токам, то цяпер дыяпазон шырэйшы. Касцюм ужо падладжваецца пад канкрэтнага карыстальніка.
А яшчэ з часам з'явіцца свой мэсэнджар, які дазволіць дакрануцца да чалавека на адлегласці.
Каманда
Каманда Teslasuit складаецца з 46 спецыялістаў. За 2017 год штат вырас амаль у 5 разоў – у канцы лютага было 10 чалавек. 90% каманды з Беларусі, 10% – замежнікі. Цяпер сярэдні ўзрост супрацоўнікаў – 25 гадоў.
У кампаніі моцны аддзел маркетынгу і business development – у Teslasuit прыйшлі топ-менеджары з Microsoft, Xbox і GTA.
Наладжана праца з нейрафізіёлагамі: адзін знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, другі – у Сінгапуры. Яны прадастаўляюць доступ да найноўшых даследаванняў аб уплыве электрастымуляцыі на ўспрыманне віртуальнай рэальнасці. Ёсць партнёры з Бостанскага ўніверсітэта і ўніверсітэта Джонса Хопкінса ў Балтыморы. Яны дапамагаюць з пытаннямі нейрабіялогіі і нейрафізіялогіі.
Калі што, у 2018 годзе Teslasuit плануе павялічыць штат прыкладна на 50%. У аддзел развіцця бізнэсу і маркетынгу патрэбныя:
community manager, які будзе працаваць у анлайне з кам'юніці і займацца SMM;
прадуктовы маркетолаг, які разумее, як працаваць з заходнім рынкам і выводзіць прадукт на амерыканскі рынак;
event manager, таму што выставы становяцца маштабнымі, колькасць людзей на іх расце;
праграмісты;
hardware-спецыялісты;
тэхнолагі па матэрыялах: патрэбныя спецыялісты, якія гараць ідэяй распрацаваць разумную вопратку (для гэтага трэба захапляцца хіміяй і электронікай);
менеджары па продажах.
Будучыня вакол Teslasuit
Распрацоўка Teslasuit яшчэ не сертыфікаваная – пакуль ідзе збор зваротнай сувязі ад распрацоўшчыкаў і дапрацоўка. Пасля гэтага трэба атрымаць сертыфікацыю: CE ў Еўропе, FDA ў ЗША, CFDA ў Кітаі. У 2020 годзе прататып касцюма Teslasuit будзе прадавацца за $ 1500, але гэта кошт версіі для распрацоўшчыкаў. І тады ж прадукт выйдзе на спажывецкі рынак.
Да выпуску Teslasuit будуць гатовыя невялікія і сярэднія гульні: стралялкі, галаваломкі, квэсты, rpg. Блокбастары прыйдуць крыху пазней.
Большасць гульняў цяпер лінейныя, але ёсць ідэя перарабіць іх пад кожнага канкрэтнага гульца. Штучны інтэлект будзе распазнаваць эмоцыі чалавека, счытваць біяметрычныя паказчыкі і перабудоўваць сюжэт проста на хаду. Так што ні адны дрыжыкі ў каленках, ні адно «ваў» не застануцца незаўважанымі. Новая эра геймінгу наступіць ужо ў 2019-2020 гадах.
Teslasuit апярэджвае глабальных канкурэнтаў – напрыклад, Jacquard, разумную куртку ад Levi's і Google. Такую тэхналогію каманда стварыла гады два назад і хутка страціла да яе цікавасць.
Касцюм – гэта малая частка задуманага. Вакол яго вырасце экасістэма. У геймінгу гэта поўнае апусканне ў гульнявую рэальнасць. Калі гульні будуць падтрымліваць перамяшчэння ў прасторы, то і чалавек у Teslasuit зможа фізічна рухацца ў рэальнасці. Раней геймеры завісалі ў камп'ютарных клубах, а ў хуткай будучыні будуць збірацца ў «Teslasuit-прасторах». Для тых жа лабірынтаў больш не спатрэбіцца ўзводзіць сцены і перашкоды.
«Ніводныя дрыжыкі ў каленках, ні адно «вау» не застануцца незаўважанымі. Новая эра геймінгу наступіць ужо ў 2019-2020 гадах»
«Мы марым, што аднойчы ў кожнага чалавека на планеце будзе касцюм ад Teslasuit. Хацелася б, каб за невялікую суму касцюмы кантралявалі стан здароўя. Добра было б пастаўляць іх у краіны трэцяга свету за кошт дабрачынных фондаў. Бо там цяпер немагчыма забяспечыць дастатковы ўзровень маніторынгу здароўя, а Teslasuit дапаможа ім мець "электроннага доктара". 3 мільярды чалавек не маюць доступу да нармальнай аховы здароўя», – кажа Дзмітрый.
Цяпер Teslasuit супрацоўнічае з БДУІР. Заснавальнікі разумеюць, што game dev у Беларусі не на самым высокім узроўні, таму дапамаглі стварыць спецыяльнасць «Інфармацыйныя тэхналогіі і сістэмы ў гульнявой індустрыі» і паўдзельнічалі ў распрацоўцы праграмы навучання.
«Наша філасофія ў тым, што трэба дзяліцца ведамі, калі ў нас усё атрымліваецца», – кажа Дзмітрый.
А яшчэ ў канцы сакавіка 2018 года выйдзе фільм Стывена Спілберга «Ready Player One». Ён паказвае нейкую сацыяльную сетку ў віртуальнай рэальнасці, а ўзаемадзеянне адбываецца праз VR-касцюм. Дзмітрый і Дзяніс пазнаёміліся з камандай Спілберга два гады таму, калі здымкі толькі пачаліся. Для Teslasuit гэта будзе круты маркетынгавы ход.
«З самім Стывенам Спілбергам мы не знаёмыя. Але скажу больш: Warner Brothers напісалі нам самі», – паніжае голас Дзяніс.
Дзмітрый са смехам дадае: «Спачатку нам напісалі ў твітары, і я не ўспрыняў гэта сур'ёзна. Адказаў нешта тыпу: "Нармальныя людзі пішуць на e-mail". Ну тады ўжо яны напісалі нам на пошту!»
Фота: Таня Капiтонaва