Мы адправіліся ў Press Club Belarus на трэнінг па вытворчасці відэакантэнту, дзе коўчамі выступілі супрацоўнікі брытанскага BBC. Зоя Чарльз – рэдактарка, журналістка, кіраўніца эксперыментальнага аддзела кампаніі. Аляксандр Грыгаран – рэжысёр, аператар, мантажор. Як падрыхтавацца да здымак, што важна ў мантажы і якія фішкі робяць відэа лепшым – у нашым канспекце.
Трэнды ў відэа
У хуткай будучыні кожнаму матэрыялу будзе неабходна відэапацверджанне – дзеці ўжо «гугляць» адразу ў Youtube.
Цяпер актуальныя здымкі буйным планам, бо большасць людзей праглядаюць стужкі праз смартфоны. Агульныя планы – для тэлебачання.
Лайвы – моцны інструмент. Але некалькі кепскіх анлайн-трансляцый могуць сапсаваць рэпутацыю выдання.
На «гаваркія галовы» ўжо не занадта цікава глядзець. Выключэнне – вядомыя людзі або моцныя эмоцыі.
Раней існавала меркаванне, што музыка на фоне задае настрой матэрыялу – і гэта дадае эмоцыі ў журналістыку, чаго быць не павінна. Цяпер гэтая пазіцыя не такая катэгарычная.
Знікае мяжа паміж навінамі і іншымі матэрыяламі. Усё навокал можа быць навіной.
Асабліва каштоўныя людзі, якія ўмеюць здымаць на дронах, рабіць інфаграфіку і ствараць іншы візуал. У BBC іх называюць інавацыйнымі прадзюсарамі.
Усе сацсеткі цяпер актыўна прасоўваюць відэафарматы, таму пры здымцы варта гэта ўлічваць. Можна першапачаткова будаваць кадры так, каб іх было зручна абрэзаць для кожнай сеткі. Ці перамантаваць для ўсіх паасобку.
Раней рэклама задавала трэнды, зараз – геймінг. А відэа ідзе на павадку.
Лонгрыды цяпер варта рабіць толькі ў межах спецпраектаў.
Любую гісторыю можна распавесці проста і паказаць мінімалістычна.
Падрыхтоўка да здымак
Папярэдняе інтэрв'ю – неабходная частка здымак. Патэлефануй герою загадзя і высветлі, як ён гаворыць. Калі высветліцца, што ён дрэнна звязвае словы, то такі чалавек наўрад ці падыдзе для відэафармату.
Не бярыся за здымкі ідэі, якую складана візуалізаваць.
Не згаджайся на відэаздымку героя, у якога на цябе ёсць 20 хвілін.
Ты можаш колькі заўгодна чытаць пра відэаздымку і глядзець урокі, але лепш знайдзі Майстра і некаторы час паназірай за яго працай.
Першы год працы ў BBC аператары нічога не здымаюць – толькі дапамагаюць на здымачнай пляцоўцы. Гэта прышчапляе павагу да тэхнікі.
Здымкі
Аптымальны тэрмін для здымкі сюжэта пра чалавека – 3-4 дні. У першы дзень вы з героем проста праводзіце час разам – ён прывыкае да тваёй пастаяннай прысутнасці. У другі дзень здымаеш відэа і бярэш інтэрв'ю. У трэці – даздымаеш матэрыял з улікам новых ведаў, якія ты атрымаў напярэдадні.
Ніколі не задавай важныя пытанні спачатку.
Спачатку лепш пытацца пра тое, на што герою лёгка і прыемна адказваць, – так чалавек разаграецца. Але гэтыя моманты не абавязкова ўключаць у фінальнае відэа.
Калі відэа – гэта маналог героя, то голас журналіста не павінен быць чутны. Для гэтага папрасі суразмоўцу спачатку паўтарыць пытанне, потым адказваць. Людзі прывыкаюць да гэтага.
Папрасі героя рабіць невялікую паўзу паміж уздыхам і пачаткам прамовы. Так табе будзе прасцей працаваць з гукам.
Папярэдзь героя пра тое, што цяпер будзеш здымаць буйныя планы.
Не прымушай героя рабіць у кадры тое, што ён звычайна не робіць.
Ніколі не запускай квадракоптар над людзьмі. Нават маленькі дрон, зваліўшыся з вялікай вышыні, можа нашкодзіць чалавеку.
Мантаж
Дыханне і рытм – аснова мантажу. Прыслухайся да таго, які тэмп маўлення ў героя. Падумай, якая музыка ідэальна падышла б, нават калі яе не будзе на фоне. Хоць метраном уключы, але рытм гуку і відэа павінен быць адзін.
У злепванні кадраў таксама ёсць рух – 3-4 кадры папярэдняга плана застаюцца ў памяці гледача. Трэба зрабіць іх такімі, каб гледачу не даводзілася нешта дадумваць.
Памятай пра секвенцыі. Калі паказваеш героя, прайдзіся па ім буйнымі планамі, выхапі дэталі, дай гледачу ўяўленне пра чалавека. Не трэба мітусіцца нязвязнымі кадрамі.
Не здымай агульныя планы, куды трапляюць лічбы, літары, час. Пры мантажы гэта можа не вельмі ўдала змяшацца.
Пачынаць відэа са стэндапу – благі тон. Няхай спачатку будзе добры гук і малюнак.
Фішкі
Чорна-белая апрацоўка ўжываецца, калі кадр або гук выдаюць занадта шмат інфармацыі. Пры наяўнасці каляровага малюнка сутнасць і ўвага гледача могуць згубіцца.
Калі ў цябе не хапае відэаматэрыялу, абыграй пустыя моманты шрыфтамі. Наогул можна стварыць цэлы відэаматэрыял, пабудаваны на шрыфтах.
Вядучы не заўсёды дарэчны ў кадры – ён стварае бар'ер паміж гледачом і героем.
Можна змантаваць відэа з фатаграфій і накласці гук – у гледача ўсё адно ў памяці застанецца аўдыявізуальны вобраз.
Вялікія сумы і паказчыкі трэба візуалізаваць і параўноўваць з чымсьці зразумелым.
Апытальнікі з адной лакацыі глядзець не заўсёды цікава. Калі ёсць магчымасць, арганізуй апытанні ў розных гарадах і зрабі супастаўленне адказаў.
Закадравы маналог героя стварае інтымнасць.
Візуалізуй інфармацыю падручнымі прадметамі.
Нудную гісторыю можна абыграць незвычайнымі ракурсамі.
Аператар і журналіст абавязкова павінны слухаць адзін аднаго.
Выкарыстоўвай усё тое, што ёсць у цябе пад рукой. Або пад нагой, або над галавой, – усё адно.
Калі няма часу, але ёсць варты сюжэт, не бойся рабіць quick and dirty.
Мы задаліся наіўным пытаннем і звярнуліся з ім да вядучых беларускіх анлайн-медыя.
Гутарым з дызайнерам MAKEOUT Нікам Анціпавым пра космас квір-фестывалю і візуал у актывізме.
Інструкцыя пра тое, як праваліць сваё першае (а можа, і другое) мерапрыемства.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.