Тэст на трываласць

  • 24.06.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 14144

На ulej.by абвяшчаецца збор сродкаў на здымкі фільма Test-730 пра выпускнікоў, якія з’язджаюць у глыбінку адпрацоўваць размеркаванне. Мы пагутарылі са стваральніцай праекту Дашай Кароль пра тое, як падсаладзіць «працоўную высылку» фрылансам, самаразвіццём ды іншымі моднымі нішцякамі.

 

Праект Test-730 падзяляецца на дзве часткі. Першая – гэта паблікі ў сацсетках, дзе арганізатары скалачваюць суполку размеркаванцаў, якія раяць адзін аднаму, што пачытаць ці паглядзець, якім заняцца хобі ці на якую дадатковую працу ўладкавацца, не з’язджаючы з райцэнтра. Напрыклад, папулярная тэма – вакансіі выдаленай працы праграмістам, SMM-курсы, агляды славутасцей ваколіцы ці натхняльныя заняткі ранішняй аэробікай.

Другая частка – гэта будучы дакументальны мувік: гісторыі трох герояў, якія даюць рады з суровымі ўмовамі размеркавання, але не падаюць духам і знаходзяць дастатковага экшну ў павольным рытме правінцыі. «Мы ставілі задачу натхніць, надаць веры ў сябе, каб выпускнікі маглі паглядзець па-іншаму на сам момант размеркавання, – распавядае пра праект Даша. – Гледачы атаясамліваюць сябе з героямі, разумеюць, што тысячы выпускнікоў апынуліся ў падобнай сітуацыі – і гэта падбадзёрвае».

 

 

Героі будуць не тыя ж самыя, што ў трэйлеры, бо ён здымаўся год таму і хтосьці ўжо паспеў адпрацаваць сваё размеркаванне. «Я падавалася на шматлікія гранты, але, на жаль, нічога не атрымалася, таму ў нейкі момант я вырашыла змяніць план і паспрабаваць краўдфандынг», – тлумачыць Даша. Першай гераіняй стане Наста – харэографка ў вёсцы Мікалаеўшчына, – якая, нягледзячы на адсутнасць супольнікаў, працягвае танчыць у старой зале вясковай школы і нават вучыцца граць на ўдарных і спяваць. У другім эпізодзе здымецца таксама Наста – выпускніца журфаку БДУ, размеркаваная ў раённую газету Кіраўска, дзе няма нават гарачай вады. Там яна вывучае англійскую і нямецкую. Трэцяе месца ў фільме вакантнае: кожны размеркаванец, які закіне 2 рублі ў агульны кацёл, можа прапанаваць сваю кандыдатуру.

У адрозненне ад «Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання» (БАСС) праект Test-730 не ставіць сабе задачу ўздзейнічаць на сістэму і адмяніць размеркаванне, хутчэй, ён працуе з настроем выпускнікоў у існай сітуацыі і спрабуе ператварыць гэтыя два гады са страчанага часу ў час, праведзены з карысцю.

Сама Даша скончыла журфак БДУ ў 2014-м і летась удзельнічала ў інтэнсіўных курсах рэжысуры ў Інстытуце Гётэ, тады ў яе і ўзнікла ідэя зняць фільм пра сваіх адналеткаў. «У сваіх працах я імкнуся станоўча ўплываць на жыццё людзей, мяняць светаадчуванне. Таму я пастаянна пазначаю ў нататніку, што адбываецца няправільнага ў свеце. Ужо назапасіўся велізарны спіс, і вось сярод гэтага гармідару было і размеркаванне, – распавядае Даша. – Нават калі мы не збяром грошы на краўдфандынгу, будзем шукаць альтэрнатыўныя спосабы, бо адчуваю, што фільм патрэбна зняць».

 

Здымкі кіно плануюцца ў жніўні, прэм'ера – увосень. Кінуць грошы ў скарбонку праекту можна на ulej.by.

 

Test-730 у сацсетках:
FB    VK

Чытай болей пра праграму «Распределение: честно и обо всем».

 

Глядзі падборку вакансій ад 34mag: