18048 0

Яна Усціненка

Стваральніца праграмы «Распределение: честно и обо всём» распавядае пра тое, як дзейнічае сістэма размеркавання студэнтаў і як студэнтам перамагчы бюракратыю.

 

Чым займаюцца: Дапамагаюць выпускнікам і маладым спецыялістам пры размеркаванні і пераразмеркаванні. Арганізоўваюць выязныя і анлайн-кансультацыі на тэму размеркавання выпускнікоў ВНУ, навучаюць усіх ахвочых асновам працоўнага права і правядзенню кансультацый.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: Прыкладна 25 чалавек. Сярод іх 9 экспертаў-кансультантаў, 2 куратары, 6 валанцёраў, а астатнія дапамагаюць з піярам, арганізацыяй мерапрыемстваў і іншым. Базуюцца ў Менску, часам даюць майстар-класы ў іншых гарадах.

Факты: Каманда праграмы дапамагла сотням чалавек у пытаннях размеркавання, а таксама выпусціла электронную кнігу «Справочник молодого специалиста. Сам себе эксперт».

Кантакты:

VK

 

З кім гутарым: Яна Усціненка, 24 гады. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці «эканаміст-менеджар у сферы дзяржаўнага кіравання». Працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама. Апошнія тры гады актыўна супрацоўнічае з рознымі НДА, выступае валанцёрам, трэнерам і кіраўніком праектаў.


 


Гісторыя Яны

– Я пачала задумвацца аб размеркаванні ў лістападзе 2013-га, калі гэтае пытанне ўласна паўстала перада мной. Нягледзячы на тое, што я нарадзілася і вучылася ў Гомелі, нягледзячы на ўсе заслугі і дзве заяўкі на размеркаванне, адна з якіх была з дзяржаўнай арганізацыі, універсітэт хацеў адправіць мяне ў нейкую вёску, на прадпрыемства аграпрамысловага комплексу. Добра, што там не аказалася вакансіі эканаміста. Паўгода я абівала парогі розных установаў, і нарэшце мяне запрасілі ў аддзел адукацыi, спорту і турызму. Калі знаёмыя даведаліся, што мне ўдалося пазбегнуць размеркавання ў глухмень, то пачалі прасіць падрабязнасцяў.

«Няма ніякага папярэдняга размеркавання – ёсць інфармацыйная сустрэча»

Дзесьці з сакавіка 2014-га яшчэ тры чалавекі сталі дапамагаць мне даваць рады ўсім зваротам, а напрыканцы года да нас далучыліся 15 экспертаў. Мы шмат ездзілі па гарадах, збіралі тыповыя пытанні, і потым на базе Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання стварылі праграму «Распределение: честно и обо всём». Каб распаўсюдзіць карысную інфармацыю сярод студэнтаў, мы вырашылі выпусціць электронную кнігу. Яна невялікая, але ў ёй сабраны адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні. Напрыклад, за што могуць звольніць маладога спецыяліста, што такое перавод і перасоўванне, хто можа патрапіць пад скарачэнне і гэтак далей.

 

 

Як дзейнічае сістэма размеркавання

– З аднаго боку, размеркаванне патрэбна: па ідэі яно прадугледжвае сацыяльную абарону выпускніка. Маладога спецыяліста абавязаны навучыць на першым месцы працы, таксама яго не могуць проста так звольніць. З іншага боку, размеркаванне парушае правы чалавека. Часцяком гэта проста закрыццё вакансій у раёнах, куды ніхто не хоча ехаць. Звычайна там не прадастаўляецца жыллё, а заробку не хапае, каб здымаць нават пакой.

Адно з самых частых пытанняў, якое нам задаюць, гучыць так: «На папярэднім размеркаванні мяне адправілі ў нейкую глухмень. Што мне рабіць?» Тут варта сказаць пра Пастанову № 821, з якім павінны азнаёміцца ўсе выпускнікі. У адпаведнасці з ім няма ніякага папярэдняга размеркавання – ёсць інфармацыйная сустрэча. На ёй выпускнікоў павінны азнаёміць з заяўкамі, базамі арганізацый і магчымасцямі. Пасля гэтага студэнт разумее, што гэта яшчэ не канчатковае рашэнне, і ў яго ёсць час на пошукі працы.

Іншае папулярнае пытанне: «Як можна адкасіць ад размеркавання?». Зусім пазбавіцца гэтага абавязку амаль немагчыма, толькі пры наяўнасці пэўных ільготаў, але і тут не ўсё проста. Іншыя могуць знайсці працу па сумежнай прафесіі, то-бок эканаміст можа працаваць маркетолагам альбо бухгалтарам. Ці, напрыклад, вы ўвесь час праходзілі летнюю практыку ў пэўнай фірме, дык вас могуць туды і размеркаваць, калі вы прынесяце адпаведны ліст.

«Калі цябе запросяць на працу спецыялістам, то ўніверсітэт хутчэй за ўсё ўхваліць гэтую заяўку. »

Яшчэ ёсць такое цікавае паняцце – «спецыяліст». Ты можаш прынесці ліст з любой арганізацыі, нават ускосна звязанай з атрыманай прафесіяй. Калі цябе запросяць на працу спецыялістам, то ўніверсітэт хутчэй за ўсё ўхваліць гэтую заяўку. Гэта асабліва важна цяпер, калі ВНУ не хочуць выдаваць свабодныя дыпломы, але і даць працоўныя месцы не могуць.

Таксама нешматлікія маладыя спецыялісты ведаюць, што яны могуць працаваць па размеркаванні не на поўную стаўку, а на 0,5 і нават на 0,1.

Я б параіла студэнтам шукаць працу не на апошнім курсе, а значна раней. Перадусім тое тычыцца іншагародніх навучэнцаў, якія хочуць застацца ў Менску. Можна таксама набірацца вопыту на розных курсах, практыках, стажыроўках. Гэта цэніцца працадаўцамі.

Не трэба саромецца хадзіць па сумоўях. За паўгода да размеркавання мая раніца пачыналася з таго, што я праглядала сайты з прапановамі працы, выпісвала цікавыя вакансіі і потым абзвоньвала гэтыя арганізацыі.

 

 

 

Пераразмеркаванне і магістратура

– Калі табе не падабаецца твае размеркаванне і начальнік не хоча адпускаць на новае месца працы, то тут складана чымсьці дапамагчы. Можна, вядома, праліваць каву на камп'ютар або проста не прыходзіць на работу. Але тады цябе могуць звольніць па прычынах, у якіх будзеш вінаваты ты сам, а гэта ўжо таўро на тваёй працоўнай біяграфіі. Таксама ёсць дырэктыва (Дэкрэт №5) аб тым, што людзі, звольненыя праз невыкананне працоўнай дысцыпліны, на працягу пяці гадоў не могуць займаць кіруючыя пасады.

Калі ты паспрабуеш проста не прыйсці на працу па месцы размеркавання, то цябе пазавуць у суд і зробяць невыязным. А калі ты паспееш збегчы з краіны да выхаду на працу, а вернешся толькі праз нн-ую колькасць гадоў, то ёсць шанец, што нікому да цябе ўжо не будзе справы. Некаторыя выпускнікі разглядаюць нават і такі варыянт, хаця колькі год трэба ездзіць – ніхто дакладна не скажа.

«Наша місія – звесці маладога беларускага крэатыўшчыка з мясцовымі вытворцамі»

Многія пытанні датычаць і магістратуры. З пункту гледжання логікі, пасля ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс студэнты могуць атрымліваць ступень магістра за мяжой. Але ізноў узнікае пытанне аб размеркаванні: студэнты дзённай формы навучання, якія навучаюцца на бюджэтнай аснове, па-ранейшаму павінны адпрацаваць два гады пасля магістратуры.

Прывяду рэальную гісторыю. Дзяўчына паступіла ў магістратуру ў Расіі. У ВНУ ёй сказалі: «Спачатку адпрацуй, а потым едзь. Або аплаці кошт навучання і едзь куды хочаш». Мы не знайшлі ніякіх рэкамендацый, што рабіць у такіх выпадках. І мы не змаглі нічым дапамагчы той дзяўчыне – адно параілі ёй напісаць ліст у Міністэрства адукацыі. Так што, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам нічога не зменіцца.

 

 

 


Парады і лайфхакі

– Калі ў дзень канчатковага размеркавання ў цябе так і не з’явілася накіраванне на працу, дык пастаў прочыркі замест подпісу насупраць свайго прозвішча ў адпаведным дакуменце. Гэта трэба для таго, каб пазней туды нічога нельга было дапісаць, і тады табе павінны выдаць свабодны дыплом.

Маладога спецыяліста не могуць звольніць за некампетэнтнасць і, так бы мовіць, за тупасць. Пры прыбыцці на месца размеркавання маладому спецыялісту абавязаны выплаціць «пад’ёмныя» – суму, роўную апошняй стыпендыі.

Як угаварыць прыватніка ўзяць цябе на працу, калі ў цябе зусім няма вопыту? Помні, што маладога спецыяліста не могуць браць з выпрабавальным тэрмінам. Таму можна зразумець прыватніка: ён не гатовы адразу падпісаць дамову з чалавекам, якога не зможа звольніць бліжэйшыя два гады. Так што можна прапанаваць папрацаваць бясплатна на першым часе. Але трэба ўсё гэта пракруціць да моманту канчатковага размеркавання, каб у працадаўцы сфармавалася меркаванне пра цябе і ты сам зразумеў, што з сябе ўяўляе дадзеная арганізацыя.

У чым рэзон прыватнай кампаніі браць на працу неспрактыкаванага выпускніка, якога нельга звольніць і якому трэба яшчэ нешта заплаціць? Справа ў тым, што не ўсе прыватнікі плацяць па $ 500. Ёсць тыя, хто плаціць па 3 мільёны нават у Менску. Але людзі пагаджаюцца ісці туды працаваць, бо там ім будзе камфортна і цікава. Як па мне, лепш пайсці працаваць за мінімальную зарплату, але туды, дзе табе будзе падабацца. Там ты набярэшся досведу за два гады і зможаш перайсці на высокааплатную працу.

«Я ўпэўненая, што наша ініцыятыва здольная развіваць у беларусаў добры густ»

Што рабіць, калі ты атрымаў вузкую спецыяльнасць ды не можаш знайсці працу? Трэба знайсці арганізацыю, якая возьме цябе ў якасці «спецыяліста».

Ці абавязаны студэнт выплачваць кошт навучання, калі ўніверсітэт не змог даць яму месца для размеркавання? Не. Яму павінны даць свабодны дыплом. Але ВНУ імкнуцца пазбягаць гэтага, таму часта палохаюць выпускнікоў пагрозамі пра доўг, каб тыя самі заняліся пошукам працы. Але студэнты не абавязаны гэта рабіць.

Што рабіць, калі рэарганізоўваюць прадпрыемства, на якім ты працуеш? То-бок калі будынак, людзі, абавязкі застаюцца нязменнымі, а мяняюцца толькі рэквізіты. Трэба папярэдзіць пра гэта свой універсітэт. Нават калі юрыст на прадпрыемстве раіць гэтага не рабіць, лепш пракансультавацца з іншымі спецыялістамі – напрыклад, з нашымі.

Ці можна пераразмеркавацца да моманту выхаду на першапачатковае месца размеркавання? У маім выпадку атрымалася, што так. Я прынесла ў канцылярыю ВНУ запрашэнне з іншай арганізацыі, яго разгледзелі. Але нарматыўнай базы для гэтай працэдуры няма.

 

 

 

Фота by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.