Партугалія працягвае святкаваць перамогу ў футбольным Еўра-2016. Тым часам эканамічны лёс краіны зараз вырашаецца ў Брусэлі, дзе чыноўнікі Еўразвязу спрачаюцца, ці накладаць на краіну санкцыі за «перавышэнне запланаванага ліміту бюджэту». Мы звязаліся з нашым калегам, журналістам з Лісабону Жаау Дэ Алмейда Дзіашам, і распыталі яго, як унутры Партугаліі ўспрынялі нечаканую перамогу каманды і каму прысвяціў пераможны год герой фіналу Эдэр.
– Я не самы адданы футбольны заўзятар, але, канешне, разам з сябрамі глядзеў фінальны матч. Шчыра кажучы, у гэтым годзе не было эфектнага футболу. На мой погляд, толькі Бельгія і ў некаторых матчах Уэльс гулялі захапляльна. Але чэмпіянат быў агулам нудны.
Гэтая перамога сталася таксама сюрпрызам для Партугаліі, ніхто не спадзяваўся на такі вынік, і значную ролю тут мела ўдача. Каманды, якія былі ў нас у 2000-м, 2004-м і 2006-м, – бліскучыя, значна мацнейшыя за той склад, што гуляў сёлета. Канешне, ёсць Крышціану, але агулам было шмат футбалістаў з «другой лініі» – напрыклад, Нані ўжо не лічыцца спартсменам сусветнага ўзроўню, не кажучы нават пра Эдэра, які забіў вырашальны гол у фінале.
Трэба памятаць, што правілы змяніліся, і Партугаліі вельмі пашанцавала выйсці ў плэй-оф з трэцяга месца групавога этапу. Зноў жа, калі б ісландцам не ўдалося ў апошні момант забіць Аўстрыі, нам бы давялося гуляць з больш моцнымі Англіяй і Францыяй, але лёс вызначыў Партугаліі адносна лягчэйшых Харватыю і Польшчу.
Я думаю, нашая каманда паказала сябе выдатным стратэгам, здольным прааналізаваць і выкарыстаць адпаведна свае моцныя і слабыя бакі – абаронцы гулялі вельмі разумна, а Руі Патрысіа (насамрэч не самы топавы брамнік) у нядзелю быў неверагодны!
Што да Эдэра, дык да гэтай гістарычнай перамогі ён быў улюбёным героем мемаў у сеціве. Ёсць шмат груп у тым жа фэйсбуку, дзе посцілі фотажабы, як Эдэр адскоквае ад мяча нібыта гэта аварыйны конус ці мяч у агні. Яшчэ адна цікавостка – на першай прэс-канферэнцыі герой паведаміў, што прысвячае гол свайму матывацыйнаму трэнеру. Справа ў тым, што гады тры таму ён пазнаёміўся з жанчынай – яна папрасіла яго паставіць аўтограф на кашульцы для малой дачкі, а ён папрасіў яе даслаць фотку на мэйл. Карацей, яны пазнаёміліся, высветлілася, што спадарыня Сюзана раней працавала матывацыйным коўчам у банку. Праз некаторы час сам Эдэр афіцыйна пацвердзіў, што мае гэткую духоўную настаўніцу.
Пасля прыбыцця на радзіму каманда адразу паехала ў наш мясцовы «Белы дом» да прэзідэнта – было абвешчана, што ўсе яны атрымаюць нацыянальныя ўзнагароды. Пазней гульцы далучыліся да натоўпу ў Лісабоне, на пляцы, дзе народ глядзеў трансляцыю на вялізных экранах. Упершыню ў гісторыі краіны нацыянальная зборная выйграла чэмпіянат Еўропы – вядома, у краіне свята.
Цікава, што лёс Партугаліі на гэтым тыдні вырашаецца ў Брусэлі, бо Еўразвяз хоча накласці санкцыі на наш край (і таксама на Іспанію) за перавышэнне ліміту дэфіцыту бюджэту – ён вышэйшы ад запатрабаваных трох адсоткаў гадавога ВУП. Дык вось, у гэты вельмі адказны момант партугальскі міністр фінансаў заяўляецца на сустрэчу з калегамі, якія прымаюць рашэнне, ці не закатаць краіну ў асфальт, з заўзятарскім шалікам на шыі!
Карацей, перамога Партугаліі – гэта спалучэнне дзівацтва, удачы і стратэгіі.
Фота: Reuters
Антон Кашликов разговаривает с Ильей Черепко-Самохваловым.
Пра каханне, якое прайшло, і сэрца, якое разбілася ўшчэнт.
Говорим с Никитой Диакуром – создателем анимационного фильма Ugly – про протест красивой графике, премьеры по всему миру и успех кампании на Kickstarter.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.