У гэтую суботу, 3 чэрвеня, у Re:public’у сольна выступае Бакей, хіп-хоп звышновая зорка, якая стрэліла са сваім «нарка-суіцыдальна-дэнсавым міксам» на прасторах BY і трохі залезла і ў RU. Мы вырашылі падтрымаць хлопца і запыталіся ў старэйшых таварышаў па музычным промысле, як сабраць галоўную канцэртную пляцоўку альтэрнатыўнага Менска.

Віталь Артыст

саліст гурта «Без Билета»
Пісаць больш песень і раздаваць іх людзям, тады назбіраецца куча Re:public’аў. Пра Бакея ведаем і прапануем практычную дапамогу: можам рэпастнуць у сацсетках гурта «Без Билета».
Аляксандр Кулінковіч

саліст гурта «Нейра Дзюбель»
Рэклама і толькі рэклама, як мага болей рэкламы. На жаль, любому прадукту, ці каўбасе, ці рок- або хіп-хоп-гурту, дапаможа толькі рэклама. Яшчэ магу пажадаць удачы, галоўнага слова ў маім жыцці.
Дыскатэка 80/90-х
Калі ёсць публіка, яна прыйдзе. А так: рэклама на радыё, на тэлебачанні, у сацсетках. Са свайго боку, можам падчас дыскатэкі папрасіць дыджэя даць абвестку пра канцэрт.
Георгій Дабро

вядомы шансанье
Галоўнае – заставацца шчырым. Звяртаць больш увагі на жанчын, асабліва на тых, каму за 40. Калі малады сімпатычны хлопец мае хваравітае жаданне казаць праўду, то ў дарослых жанчын ён выклікае спачуванне і жаданне ўзяць яго пад сваё крыло. Людзі бальзакаўскага ўзросту не могуць дазволіць сабе той рэзкасці і небяспекі, якія маюць маладыя хіп-хоп выканаўцы і якія выклікаюць салодкае для людзей у гадах пачуццё рызыкі. Каб Георгій быў маладзейшы, то па спадніцах скакаў бы толькі так, чаго і жадае Бакею. Як гэта ні парадаксальна, гэта асноўны сегмент, які бачыцца Георгію перспектыўным, вельмі надзейны, плацежаздольны рэсурс.
Ілля Чарапко

саліст «Петли Пристрастия»
Гэта сукупнасць некалькіх фактараў: уласна, якасці прапанаванага матэрыялу і больш-менш прадуманай промапрацы. Ніякіх сакрэтаў. Але, як ні круці, гэта цяжка прагназаваныя рэчы. Здавалася б, праца зроблена і, значыць, павінна прыйсці шмат народу, але па факце іх у два разы менш, а бывае наадварот: ты, здаецца, нічога не зрабіў, а народу набілася вышэй за дах.
Мakka Nastra

менеджар Murovei
Каб сабраць Re:public, трэба пісаць актуальную музыку, пры гэтым пакідаць некаторы час галоднай публіку і падаграваць новымі рэлізамі. Добрая промакампанія і недарагія білеты – залог поспеху. Бакею жадаю, каб выступ у Re:public стаў для яго трамплінам у будучыню. Калісьці так адбылося са Slozhnie [папярэдні гурт Murovei. – 34mag.] у «Шайбе»: яны таксама толькі ўзарвалі інтэрнэт, стрэліў першы кліп – і яны сабралі свае 600 чалавек. Я веру, у Бакея таксама ўсё атрымаецца.