Дзяцінства, вуліца, дом
«Чаму да маёй сціплай персоны такая ўвага? Я ніколі не імкнулася да папулярнасці», – гэтыя словы Святлана вымавіла як пры першым тэлефонным званку, так і пры сустрэчы. Здаецца, яна і насамрэч не прывыкла да ўвагі, хоць на яе рахунку дзясяткі выйграных чэмпіянатаў, кубкаў і нават ухвала ад трэнеркі жаночага англійскага «Арсенала».
Восенню Святлане будзе 47 гадоў, і пры гэтым яна дзеючая брамніца жаночай футбольнай каманды «Бабруйчанка» – самага тытулаванага клуба Беларусі. Цікава тое, што ў гэты від спорту Святлана прыйшла ў 25 гадоў, да гэтага з дзяцінства займалася гандболам.
У савецкі час у школе ўсе гулялі ў баскетбол, валейбол, Святлана нават выступала ў камандах па лёгкай атлетыцы, кіданні кап'я і штурханні ядра. Яна расла ў прыватным доме, таму з дзяцінства была фізічна моцнай: «Гэта цяпер дзеці слабыя: дасі ім па носе – і ён зламаецца. Раней усё адбывалася на вуліцы: казакі-разбойнікі, хованкі, а яшчэ ў нас быў плоскі шыфер, які мы прыстасавалі пад гульню ў настольны тэніс. Вясковыя дзеці значна мацнейшыя: яны сілкуюцца экалагічна чыстымі прадуктамі і ўвесь час праводзяць на чыстым паветры. Прысмакі нам перападалі, але цукерак кожны дзень не давалі».
«У мяне не было асаблівага жадання ўвязвацца ў футбол, але было жаданне вярнуцца ў Магілёў – мне падабалася там. Тады Бялынічы не быў нават горадам – гэта быў пасёлак гарадскога тыпу, у якім нічога асаблівага не адбывалася, ды і з жаночай камандай па гандболе ўзніклі праблемы. І я рашылася на футбол».
«Мая футбольная кар'ера пачалася з таго, што я зрывала дзьмухаўцы на полі»
На першай трэніроўцы «Надзеі» ёй адразу сказалі: «Размінайся» і, нічога не тлумачачы, паставілі на браме. Адступаць не было куды, таму першая гульня будучай паспяховай галкіперкі адбылася даволі спантанна. На наступны дзень каманду адправілі чысціць мясцовы стадыён «Спартак» перад гульнёй. Святлана ўсміхаецца: «Фактычна мая футбольная кар'ера пачалася з таго, што я зрывала дзьмухаўцы на полі».
Перабежкі паміж клубамі
У 1997 годзе Святлана разам з паплечніцамі паехала ў Расію на прагляд, і іх на пару гадоў занесла ў Краснадар. У 2001-м Святлана гуляла ў складзе «Бабруйчанкі», якая потым стала яе пастаянным клубам. «Бабруйчанка» практычна кожны год займае прызавыя месцы. Калі ў камандзе было зусім усё добра, за яе выступалі нават гульцы з Нігерыі.
«Гулялі мы і ў Лізе Чэмпіёнаў супраць жаночай каманды «Арсенала» – і тут, у Бабруйску, і да іх ездзілі пад Лондан. Умовы ў іх, вядома, шыкоўныя. Там ёсць гіганцкі комплекс палёў – такі, што проста сыходзіць за гарызонт. Мы не выйгралі тады: занадта сур'ёзныя саперніцы былі. Але мы згулялі годна. Нават трэнерка англійскага «Арсенала» пахваліла мяне потым. З гульцамі мы не размаўлялі, таму што па-англійску не гаварылі. Хоць нашы змаглі даведацца, што заробак гульца «Арсенала» ў 2011 годзе складаў 18 000 фунтаў у месяц».
Калі ў клубе змяняюцца фінансавыя ўмовы, то гульцы пераходзяць у іншыя каманды. А з-за невялікай разнастайнасці гульцоў у Беларусі атрымліваецца міграцыя адных і тых жа людзей. «Я асабліва не задумвалася над зменай каманд – галоўнае тое, каб я працягвала гуляць. А дзе менавіта – не так ужо і важна. Але варта адзначыць, што каманды, у якія мяне запрашалі, заўсёды былі лідарамі. Так што можна сказаць, што я заўсёды ішла “на павышэнне”. Жаночы футбол у Беларусі – гэта спорт асоб, а не каманд».
«У развітых краінах наогул няма падзелу на жаночы і мужчынскі футбол»
Святлана раней асабліва не задумвалася пра свае вынікі. Потым неяк палічыла: 7 раз яе каманда была чэмпіёнам, 6 разоў выйгравала кубак, ну і яшчэ 2-я і 3-я месцы. «Ёсць меркаванне, што галкіпера трэба судзіць не па тым, колькі мячоў ён прапусціў, а колькі не даў забіць. Але ведаеш: ты можаш злавіць 10 мячоў, а 11-ы прапусціць – і табе менавіта яго ўзгадаюць. Хоць з часам гульцы разумеюць, дзе была памылка, а дзе – недахоп майстэрства». Колькасць згуляных матчаў Святлана таксама асабліва не запамінала, але пры грубым падліку атрымалася каля 500 за ўсё жыццё.
1:0
Пасля нашай доўгай размовы Святлана пачынае збірацца на гульню. Павольна праходзіць па тэрыторыі корпуса, па-сяброўску перакідваецца фразамі з усімі сустрэчнымі. Цяпер яна вельмі спакойная, яе паходка і рухі плаўныя, але позірк ужо мяняецца з задуменнага на чэпкі. Падчас матчу не пазнаць і яе голас: мяккі і ціхі раней, цяпер ён чутны на ўвесь бабруйскі «Спартак». Верагодна таму, што гледачоў няшмат – як Святлана і любіць. Побач са мной сядзіць самотны мужчына, які адчайна заўзее за «Бабруйчанку» і гучна хвалюецца, калі нападаючыя не забіваюць патэнцыйны гол. Хвалюецца гучна, мацерна і працяжна. Першы і адзіны мяч прылятае ў вароты каманды-саперніцы толькі пасля першага тайма. Пазней Святлана прызнаецца, што да гэтага гульня была вельмі напружанай: непрыемна, калі ў цябе цэлых 45 хвілін няма «падушкі бяспекі» ў выглядзе парачкі закінутых галоў.
«Хваляванне перад выхадам на поле павінна быць заўсёды – гэта дадае адрэналіну»
«Хваляванне перад выхадам на поле павінна быць заўсёды – гэта дадае адрэналіну. Проста з часам змяняецца яго ступень. Калі чалавек спакойны, ён не здолее зрабіць усё, што можа. Але гэтае разуменне прыходзіць толькі з вопытам або з падказкі старэйшых. Калі я прыходжу на поле, у мяне не павінна быць ніякіх паблажак. Пакуль я магу гуляць, я гуляю. Калі не змагу – прыйдзе час сысці са спорту. Мяне ўжо не трэба матываваць – трэба толькі падтрымліваць існуючую планку. Мне здаецца, што я ўжо максімальна яе падвысіла. Цяпер мне дастаткова прыйсці ў распранальню пасля гульні і ні аб чым не шкадаваць. Ёсць тонкая грань паміж “шкадаваць сябе” і “берагчы сябе”. Дык вось, як толькі пашкадуеш сябе – так адразу і зламаешся».
Што яшчэ, акрамя Gorillaz? Збіраем спіс кліпаў з анімацыяй, якія страсянуць твой папярэдні візуальны экспірыенс.
Рэдакцыя 34travel стварыла праект пра падарожжы па Сінявокай: гайды, маршруты і актыўны адпачынак. Карыстайся!
Новыя падрабязнасці захапляльнай гісторыі.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.