З 28 красавіка па 2 траўня ў самым маладым горадзе Украіны – Славуцічы (яму ўсяго 30 гадоў) – праходзіў фэст кіно і ўрбаністыкі «86». Арганізатары ўжо ў чацвёрты раз чакалі гасцей у горадзе, пабудаваным у канцы 80-х для работнікаў Чарнобыльскай АЭС. Наша журналістка зганяла на фестываль і даведалася, як даць рады выклікам маленькага горада, які страціў сваю значнасць пасля глабальнай катастрофы.
Перадгісторыя
Мая кіеўская прыяцелька – з тых, хто ведае куды пайсці і што паглядзець: яна і распавяла мне пра «86». Калі ты захочаш наведаць украінскі кінавудстак наўпрост з Менска, не спадзявайся адкараскацца ад перасадак: тут няма міжнародных цягнікоў – толькі да бліжэйшых гарадоў. Самы папулярны напрамак – Чарнігаў, дзе гасцей сустракае падобны да перніка будынак чыгуначнага вакзала і бясплатны туалет з нізкімі сценкамі кабінак. Застаецца скокнуць у маршрутку з 80-х – і вось ты тут.
Прывітанне, Славуціч! Што раскажаш?
Славуціч – невялікі горад, пабудаваны ў канцы 80-х для работнікаў Чарнобыльскай АЭС, каб эвакуіраваць іх з сем’ямі пасля той самай аварыі 1986 года, якая страсянула не толькі Украіну, але і Беларусь. Ад цэнтра да ўскраіны ісці 15-20 хвілін, таму тут няма гарадскога транспарту, затое ёсць роварны пракат. Яго, у прынцыпе, дастаткова, каб перамяшчацца па лакацыях фестывалю або паглядзець на ўсе 30 кварталаў, названых у гонар будаўнікоў горада, што прыехалі з розных кропак СССР у 80-х.
Славуціч – горад з колькасцю жыхароў Лунінца: 25 000 чалавек. Савецкія пабудовы – звычайнае відовішча для менчука, але цэлае адкрыццё для тых, хто прыязджае з Кіева, а гэта вялікая частка фестывальнай тусоўкі.
«86»
«86» арганізавалі ў цэнтры, у памяшканнях кінаканцэртнай залы, школы мастацтваў і яшчэ парачкі адміністрацыйных будынкаў. Як распавёў адзін з арганізатараў Ілля Гладштэйн, ідэю з фэстам мясцовыя ўлады сустрэлі на ўра: па-першае, гэта прыток турыстаў і грошай, па-другое – рэклама горада. У выйгрышы і самі арганізатары: яны перанеслі цэнтр культурнага цяжару з раскручаных гарадоў у гарады меншыя, не заплаціўшы за арэнду плошчаў ні грыўні.
– Славуціч – незвычайны горад, – кажа Ілля. – Ён важная частка нашай праграмы, звязанай з фокусам фестывалю – урбаністыкай, энергетыкай, Чарнобылем. Наша канцэпцыя – невялікі фестываль, і мы імкнемся трымаць яго ў гэтых рамках.
«86» даследуе тэму гарадоў з розных ракурсаў. Важна, што ён ладзіцца ў горадзе, які паўстаў з нічога. Для людзей, якія прыязджаюць з Кіева ды іншых гарадоў, тут асаблівая тэрыторыя, што спрыяе збліжэнню. Дарэчы, сёлета тэма фэсту – блізкасць.
Бліжэй да горада і фестывалю – валанцёры – мясцовыя школьнікі. У каманду набралі 60 чалавек, іх удзел залічваецца як вытворчая практыка, да таго ж гэта выдатная магчымасць папрактывацца in english. Саша (14 гадоў) і Ангеліна (15 гадоў) распавядаюць, што ёсць правераны план на кожныя выхадныя з падрыхтаваным прайсам:
– Калі ў горадзе нічога не праводзяць, мы гуляем у парку: сядзім, фоткаемся ці ходзім на скейт-пляцоўку, дзе кожны табе дасць ровар пакатацца! А яшчэ ходзім у кафэ. На 60 грыўняў можна сушы замовіць, на 30 – піцу і напой.
Святло знутры
Сонечна, квітнее бэз – вясна самая сапраўдная, хоць з сабой у Менск бяры. Галоўнае месца сходкі днём – модульная публічная прастора Enlight. Тут кожны можа зладзіць івэнт, проста ўпісаўшы яго ў графік, або начыніць гаджэт альтэрнатыўнай сонечнай энергіяй. Тут курсуюць тусоўкі, балбочуць распаленым сонцам модныя хлопцы, карацей, не згасае рух. Толя Харашылаў, каардынатар прасторы, кажа, што стандартны адпачынак а-ля «шашлычок пад каньячок» – гэта не да іх:
– Enlight – гэта і фудкорт, і музыка, каб усе маглі адпачываць разам, не падзяляць вольны час дзяцей і бацькоў. Зялёны лужок, дзе ёсць ежа, атракцыёны і такія штукі, як «труба-шапталка», – годная альтэрнатыва бетоннай гарадской плошчы.
У гэтай самай трубе дзяўчынка з каўкай і цыгарэткай манерна нахілілася наперад і распавядае, што вучыцца ў Чарнігаве, магла б быць у Кіеве, але «пратупіла» – спазнілася з падачай дакументаў. На фестывалі ў яе ўжо з’явілася магчымасць зняцца ў фільме.
Унутраны Лунінец
Тых, хто не браніраваў месцы для начлегу, чакаў сюрпрыз: хостэлы ў Славуцічы і ў Чарнігаве былі забітыя пад завязку. Адміністрацыя прапанавала спаць на раскладушках у спартзале.
Тры шэрагі спальных месцаў у жыццярадасную кветачку, побач тыя, хто не спяць, распавядаюць адно аднаму, які алкаголь любяць. У куце хлопец і дзяўчына рамантычна пагладжваюць далоні і адразу ж спыняюцца, ледзь да іх накіроўваюцца прыяцелі. Як жа файна апынуцца ноччу ў спартзале пад спальнікам – гэта як заначаваць у школе без настаўнікаў.
Раніцай – пуста: усе або раз’ехаліся, або яшчэ не вярнуліся з вечарынак і адкісаюць на лавачках. «86» – гэта экспрэс-курс «Як паспець усё за пяць дзён»: фільмы, лекцыі, начныя вечарынкі і процьма новых знаёмых. А яшчэ гэта ўвасабленне трэнду культурнай дэцэнтралізацыі, якая мае суцэльныя плюсы: і горад ажывае, і людзі не зацыкліваюцца на адной толькі сталіцы. Я развітваюся, збіраю рэчы і ледзь паспяваю на бліжэйшую маршрутку ў Чарнігаў. Праз 10 гадзін – Менск, але ўжо хочацца вярнуцца зноў. У мой унутраны Лунінец.
Візуал by Saturday
Калектыўны мікс ад рэдакцыі 34mag – наш сімвалічны аўдыёпрэзент тым, хто шчыра па нас сумаваў.
Прыходзь, калі ў цябе ёсць ідэя, але ты баішся пачаць.
Конспект встречи с рок-звездой концептуализма в русской литературе Владимиром Сорокиным.
У Менску адкрываецца соўшал-бар, дзе ўсё будзе па пяць, па шэсць і па восем.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Атмасферны рэпартаж. Падабайка аўтару!