Акаўнт-менеджарка digital-агенства getbob, DJ likedill, арганізатарка рэйва «ТЕХНОЗОЖ» Юля Сергіеўская – пра свой стыль, эйджызм у фэшн-індустрыі і ўлюбёныя рэчы з гісторыямі
Пра стыль
Раней мне падабаўся спартыўны стыль, я ўвесь час насіла красоўкі. «Маленькай чорнай сукенкі» ў маім гардэробе не існавала. Цяпер адбываецца пераход да класікі, але ёсць і нефармальныя рэчы.
Раней мяне ўспрымалі несур'ёзна з-за таго, што я молада выглядаю. За дзелавым стылем шмат што можна схаваць, ён дадае сур'ёзнасці. Наогул знешні выгляд часта вызначае, як да цябе будуць ставіцца.
Тое, як апранаецца чалавек, – для мяне паказчык. Справа не ў тым, ці каштуюць рэчы на чалавеку тысячы долараў, а ў тым, з густам апрануты чалавек ці не.

Пра беларускіх дызайнераў
Беларусы пачалі больш цікавіцца модай, набываць у беларускіх дызайнераў. Праўда, ёсць і адваротны бок медаля: купляюць аднолькавыя рэчы. У адной і той жа дызайнерскай рэчы можна сустрэць яшчэ пяць чалавек.
З беларускіх дызайнераў мне падабаюцца брэнд KILLTODAY, Вольга Самошчанка, Анастасія Ямінская. У майстэрні Ямінскай Jamido monofactura друкуюць прынты на льняной тканіне і робяць рэчы з ільну.
Раней у мяне было шмат рэчаў, але многія я прадала на барахолцы «Open Шкаф».
У Беларусі праблема з мас-маркетам. У крамах рэдка можна знайсці нешта класнае: даводзіцца закупляцца ў іншых краінах або на маркетах. «Open Шкаф» – выдатная магчымасць набыць дызайнерскія рэчы, якія камусьці ўжо не патрэбныя.
«Я граю тэхна. І мне падабаецца, што я магу хадзіць у антытэхна-майцы ад “Бассоты”»
Пра любоў да чорнага
У мяне шмат рэчаў чорнага колеру – лаканічна і заўжды добра выглядае. Ёсць старое класічнае правіла: апранаць не больш за тры колеры. Больш за тры колеры камбінаваць складана: бывае перабор.
Я люблю чорны яшчэ таму, што граю тэхна, часта бываю на тэхна-вечарынках, і гэта зноў жа адсылка да класікі. Аднак апошнім часам у гардэробе пачынаюць з'яўляцца рэчы пастэльных тонаў, бэжавага і пяшчотна-ружовага колеру. Ёсць і яркія: напрыклад, байка зялёнага колеру.

«Слухаўкі Marshall Major – мае трэція. Аднойчы ўбачыла іх на дызайнерскім рэсурсе і адразу запісала ў wish-list. Люблю гэтую мадэль, купляю пары адну за адной»


«У такой ззяючай сукенцы можна пайсці на рэйв. Аднойчы я вырашыла яе прымерыць, і ўсё сышлося»

Пра абутак
Любімы абутак – чаравікі. Я набываю басаножкі раз на тры гады, і яны не зношваюцца, таму што ў нас вельмі кароткае лета. Чаравікі я набываю два разы на год. Раней знаходзіла добрыя мадэлі ў Hush Puppies. Цяпер з крамаў больш за ўсё падабаюцца Basconi і Next.
Пра зімовы абутак
У мяне няма зімовых ботаў. Набываць зімовыя рэчы для мяне – пакута. Дрэнна стаўлюся да угаў. Калі пачынаецца гутарка пра іх, я кажу: «Вы калі-небудзь бачылі ў Парыжы чалавека ў угах? Не. І наўрад ці сустрэнеце». У Беларусі я дагэтуль бачу людзей у угах са стразікамі «па-багатаму». Угі – гэта тое, што я не апрану, нават калі мне заплацяць.

«Вінтажную шаўковую блузку тэракотавага колеру брэнда Grace мне аддала мама»
«Паступова прыходжу да светлых тонаў. Гэтую сукенку я набыла, а нашу рэдка: яшчэ не прыдумала, як убудаваць у свой гардэроб, каб арганічна ўпісалася»
Пра зімовую вопратку
Знайсці зімовае паліто ў Менску складана: альбо высокая цана, альбо не сядзіць, альбо незразумела, на каго пашыта.
Маё зімовае паліто – гэта цэлая сістэма. У мяне ёсць звычайнае восеньскае чорнае паліто. Калі надыходзіць зіма, я апранаю наверх двухбаковую накідку, зашпільваюся – атрымліваецца зусім іншае паліто. У мінулым годзе яно выглядала інакш: я накідвала наверх камізэльку са штучнага футра, і яно выглядала паўфутравым. Каб быць цікава апранутым, неабавязкова набываць мегадарагія рэчы або ездзіць у экзатычныя краіны, – можна ўзяць і што-небудзь самастойна змайстраваць


Пра дрэс-код black tie
Летась я была на RADA Awards, і там быў дрэс-код black tie. Усё, як у Галівудзе: чырвоны дыван, сукенкі ў падлогу, адчуванне, як на балі. Часам карысна апранацца святочна, а не будзённа. Мне здаецца, усім трэба раз на год ці два апранаць нешта шыкоўнае і прыгожае, каб адчуваць свята. Я ўсіх заклікаю: прыбірайцеся!
Памятаю, калі адкрывалі клуб «Бурлеск», са мной адбылася дзіўная гісторыя. Я вырашыла апрануцца гулліва і прыйшла ў дыядэме са страўсавых пёраў – словам, з'явілася ў «Бурлеску» ўся ў «бурлеску». Прыйшла, а там усе ў звычайнай вопратцы. Палова знаёмых людзей проста не віталася са мной. Заўсёды можна перабраць у душэўных парывах.
Аднойчы летам бачыла жанчыну ў сланцах і футры. Адчула сябе, нібы ў Лас-Вегасе: яна быццам толькі што з казіно выйшла ў непрадказальнае надвор'е.

Пра трэнды
Цяпер адзін з трэндаў – тэма постапакаліптыкі: завязаныя байкі, шматслойнасць, ахраматычныя колеры. У нас пакуль вобразы не вельмі прадуманыя. Беларускія рэйверы кіруюцца хутчэй такім падыходам: «апрануў чорнае і пайшоў». Але гэта не іх віна, а віна выбару – у крамах усё стандартнае.
Гоша Рубчынскі – малайчына. Магу сказаць гэта як рэкламістка. Мая любімая частка яго канцэпцыі – праца з чужымі лагатыпамі. Так, ён хайпануў, але цяпер я не бачу, каб гэта атрымала развіццё.
Калі хочаш прасунуць хэштэг, каб цябе запомнілі, выкарыстоўвай прынты з кірыліцай. Добры прыклад «Бассоты». Калі бачыш майкі з надпісамі «мне не нужны твои лайки» і «пожалуйста, выключите техно», адразу пазнаеш «Бассоту».
Ёсць байкі з Кастрычніцкай вуліцай. Manchak Apparel выкарыстоўвалі фразу «Я могу объяснить». Вядома, важна, што пішаш. І гэта насамрэч працуе. Калі бачыш чалавека ў такой жа цішотцы ці байцы, адразу кажаш яму: «Прывітанне, як справы?» І вось ён ужо твой знаёмы, вы камунікуеце.
Я рабіла майкі са словам «Гары». Ужо задумала другі выпуск. Зараз амаль у кожнага ёсць магчымасць пайсці і зрабіць індывідуальную цішотку з любой фразай.

«Гэта мая ўлюбёная скураная сумка брэнда “Цырымонія”. Я набывала яе ў “Зеркале”. Ёй 6 гадоў, і ёй зносу няма»
Пра абыякавасць да брэндаў
Мне ўсё адно, якога брэнда рэч. Я магу быць у дарагой дызайнерскай сукенцы або ў звычайнай майцы, надрукаванай «Бассотай», – не запарваюся. У мяне няма такой устаноўкі: «Хаджу ўвесь час толькі ў Reserved». Не, я хаджу ўсюды і ніколі не ведаю, дзе і што куплю. Напрыклад, у ГД «На Нямізе» магу знайсці класныя скураныя пальчаткі, якія каштуюць капейкі. Магу зайсці ў сэканд і нешта купіць – нармальна да гэтага стаўлюся.
У мяне ёсць гадзіннік Tissot, а ёсць і гадзіннік, набыты ў пераходзе. Стараюся максімальна адысці ад імя. Думаю, што брэнды не павінны кіраваць намі. Наадварот, яны мусяць нам даплачваць за тое, што мы іх рэкламуем. Я працую ў рэкламе і, магчыма, таму не звяртаю ўвагі на брэнды. Першая і важная ўмова – каб рэч спадабалася. У другую чаргу важна, які гэта брэнд.

«Усе пытаюцца, дзе я ўзяла гэты швэдар з аленямі. Адказваю: “На барахолцы за адзін беларускі рубель”»
Пра геаграфію і стыль
Па настроі мне бліжэй за ўсё Берлін. Адтуль прывезлі тое, што на вечарыны трэба хадзіць у чорным, уся эстэтыка total black – адтуль. Люблю Італію. Не магу сказаць, што мне падабаліся ўсе рэчы, якія я бачыла ў Італіі, асабліва рушы – не вельмі разумею, як на сябе іх надзець.
У Амстэрдаме ёсць раён дзевяці вуліц (De 9 Straatjes). Абавязкова заходжу туды, там мноства дызайнерскіх крамаў. Дарэчы, у Літве таксама можна знайсці шмат крамаў, дзе па цане мас-маркета можна знайсці класныя рэчы, і яны абыдуцца яшчэ танней, чым рэчы беларускіх дызайнераў.

Пра ўсвядомленае спажыванне
Я пескетарыянка. Я не ем мяса і кепска стаўлюся да ўсяго, што зроблена з футра. Аднак у мяне ёсць боты, сумка і некаторыя аксэсуары са скуры. Пакуль не магу ад гэтага адмовіцца, але апраўдваю гэта тым, што купляю сумку на шэсць гадоў і не змяняю.
Мы ўсе карыстаемся гэтай планетай. Не трэба забываць, што далей таксама нехта будзе тут жыць. Важна адказней падыходзіць да спажывання і да таго, што мы носім і наносім на сябе. Не думаю, што дзеля бездакорных чырвоных вуснаў павінны пакутаваць малпачкі або коцікі, на якіх тэстуюць памаду. Я і мяса не ем, таму што мне шкада жывёл.
Пра Менскі тыдзень моды і эйджызм
Нядаўна мне напісалі з агенцтва: «Добры дзень. Колькі вам гадоў? Нас зацікавіла ваша знешнасць. Ці не хочаце вы паўдзельнічаць у паказе?» Я, вядома, разумею, што мадэлінг – гэта сапсаваныя валасы і твар ад незразумелай касметыкі, 15 долараў за паказ, але вырашыла даведацца, калі кастынгі. Пішу: «Мне 29 гадоў». У адказ: «Дзякуй, вы нам не падыходзіце». Атрымліваецца, пакуль мой узрост не ведалі, я падыходзіла, а потым адразу перастала.
Наогул праект Belarus Fashion Week мне падабаецца. Яны не зарабляюць на гэтым мільёны, але нядрэнна развіваюцца. Праўда, я ведаю гісторыі, калі людзі прыходзілі з кастынгаў Dolce & Gabbana і не праходзілі кастынгі BFW. Я таксама не праходжу: мне 29 гадоў.

Куратарка маркетаў і фуд-кортаў – пра ўсвядомлены выбар адзення, дрэс-код і кухонную тэхніку.
Куратарка маркетаў і фуд-кортаў – пра ўсвядомлены выбар адзення, дрэс-код і кухонную тэхніку.
Пра новы альбом, дзень сурка і неабходнасць самаіроніі.
Пра новы альбом, дзень сурка і неабходнасць самаіроніі.
«Як цяжка падарожнічаць, калі не дакляруе радасці мне гэта».
Як не весціся на маркеталагічныя хітрыкі?
Ад штучнага інтэлекту да вінаробства.
КАМЕНТАРЫ (2)
Ну Юля просто космическая. Любовь!
Классность этого топика в том, что теперь мы все узнали, кто у нас техно-королева!
Спасибо!