Пра выбар вопраткі
Не тое каб я фэшаніста – зусім не. Так, у мяне ёсць пэўная схільнасць да прыгожых рэчаў, але я не аматарка пастаянна наведваць модныя маркеты. Перыядычна сачу за тым, што робяць беларускія дызайнеры, але большую частку адзення набываю не ў Беларусі.
Бывае, што рэч падабаецца на вешалцы, а на сабе – не. Важна, каб у ёй было ўтульна. Калі гэта восеньская ці зімовая вопратка, яна мусіць быць цёплай: я вельмі мерзну. Хочацца, каб гэта была не проста рэч сама па сабе, а каб яе можна было камбінаваць.
Пра эвалюцыю стылю
Думаю, што рэчы сапраўды распавядаюць гісторыю пра чалавека. Аднак я праціўніца генералізацый. Не суджу пра людзей у залежнасці ад таго, што на іх апранута.
У старэйшай школе ў мяне быў стыль хіпі. У Віцебску ўсе мяне ведалі і пазнавалі здалёк. Я пашыла сабе нагавіцы клёш з вельвету яскравага бірузовага колеру, апранала маміны кофты з вышыўкай, якія насілі ў 70-х «дзеці кветак». І ў мяне было столькі фенек! Карацей, апраналася чыста па хіпі. Я была ўся ва ўпрыгожваннях: завушніцы, фенькі на абедзвюх руках і пацеркі розных гатункаў. Цяпер не магу паверыць, што магла такое насіць.
З часам усё пачало неяк мінімалізавацца. Я адмаўлялася ад лішніх рэчаў: спачатку сышлі пацеркі, потым – бранзалеты і фенечкі. Раней я любіла вялікія срэбраныя завушніцы з камянямі, а зараз альбо не нашу завушніцы ўвогуле, альбо выбіраю зусім мінімалістычныя. Хочацца простасці.
Пра колеры
Кожны перыяд жыцця я маю розныя колеравыя прэферэнцыі. Доўгі перыяд у старэйшай школе і на першых курсах універа любіла зялёны колер. У мяне зялёныя вочы, і гэты колер быў тоесным.
Быў перыяд, калі падабаўся фіялетавы колер, потым стала з’яўляцца памаранчавая адзежа, пасля – сінія. Зараз падабаюцца шэрыя, чорныя, белыя колеры. Яшчэ я падсела на ружова-фіялетавы, нават баклажанавы колер.
Палюбіла рэчы леапардавай расфарбоўкі. Раней я была закладніца стэрэатыпу, што леапардавы – гэта пахабна. Потым нешта змянілася. Я зразумела, што маленькая леапардавая дэталь, нейкі элемент вобразу – стылёва. Цяпер у мяне некалькі такіх рэчаў: торбачка, балеткі і кофта.
«Вельмі падабаецца фінскі брэнд Marimekko. Гэтая сукенка ў клетачку адна з маіх улюбёных»
Пра розніцу паміж Хельсінкі і Менскам
Дзве краіны, у якіх я адчуваю сябе вельмі класна, – Эстонія і Фінляндыя. У мяне там шмат сяброў, і фестываль «Паўночнае ззянне» факусуецца менавіта на Скандынаўскім і Балтыйскім рэгіёнах. Па стылі яны мне вельмі блізкія, бо там людзі прасцей ставяцца да вопраткі. У іх вялікі выбар у крамах, і там лягчэй знайсці тое, што пасуе канкрэтна табе. У Менску я часта выходжу з дому і нават не ведаю, куды пайсці па вопратку. Можа быць, часткова таму што я зараз часта бываю па-за Беларуссю.
Мае сябры з Хельсінкі апранаюцца вельмі проста, часта ў сэкандах, бо ў Фінляндыі ўсё даволі дорага. Калі яны прыязджалі ў Менск у госці, то, прагуляўшыся па вуліцах, казалі: «Адразу заўважна, што ў вас людзі выходзяць менавіта ў свет. Відавочна, што дома яны так не апранаюцца. А ў нас ты выходзіш на вуліцу ў тым, у чым ходзіш і дома». Прыкідваю, каб я выйшла ў сваіх хатніх штанах на вуліцу!
Думаю, што гэта гісторыя пра ідэнтычнасць. Пра тое, як чалавек хоча выглядаць такім, якім ён не ёсць на самой справе. У Беларусі мала хто пойдзе на вуліцу ў тым, што апранае дома. А ў Фінляндыі, напрыклад, такога дысанансу няма. Там ты ходзіш дома ў вопратцы, якая табе падабаецца, а не ў самай дрэннай, якую ўжо не шкада.
Пра мімікрыю
Калі трапляеш у нейкі асяродак, то рэагуеш адпаведным чынам. Аналізуеш, у чым табе камфортна знаходзіцца ў гэтым асяродку і ў чым будуць прымаць за сваю. Пасля таго як я пачала займацца кіно, мне захацелася з пункту гледжання вобраза і нават колеравай гамы быць больш нейтральнай. Каб у вочы перадусім кідалася не тое, што ў мяне, напрыклад, шмат фенек, а нейкія іншыя рэчы.
Пра беларускія брэнды
Нядаўна я зафанацела ад завушніц беларускага брэнда ptushka. Падабаецца іх прома-кампанія, падбор колераў, вобразы. Хочацца іх памацаць.
Яшчэ мне падабаюцца экзатычныя сукенкі ад FUR GARDEN. У іх няроўны крой, аб’ёмны і складаны сілуэт – у гэтым ёсць нешта ад гранжу. Калісьці мне падабаліся сукенкі ад брэнда AVA, якія робіць Валерыя Аксёнава.
У мяне даволі шмат рэчаў ад любімай Tikota Unique: спадніца, сукенка і майка з надпісам «Каханне – не атрута».
Калісьці знайшла на маркеце зялёнае, нібы ваўнянае паліто ад дызайнеркі Яны Ковач. Яна вырабляе класныя камізэлькі, сукенкі і паліто. Яшчэ ў мяне ёсць прыгожая сукенка з бавоўны ад дызайнеркі Анастасіі Ларыёнавай.
«У дзяцінстве я любіла апранаць маміны рэчы, даношвала іх або перашывала. Мне падабалася тая мода ў старэйшай школе, калі мама была маладая. Гэтую сукенку я набыла ў вінтажнай краме ў Таліне – яна нагадвае мне пра цудоўны час у гэтым горадзе»
Пра абутак
Апошнім часам я перайшла на красоўкі і Vagabond. У мяне спецыфічныя патрабаванні: я нашу 39-ы памер, у мяне шырокая нага, таму адразу набываю такі абутак, каб не трэба было разношваць.
Vagabond падабаюцца па стылі: простыя і зручныя. Амаль не нашу абутак на абцасах. Падабаецца або плоская падэшва, або платформа.
Пра пахі і парфумы
Пахі выклікаюць моцныя асацыяцыі. Пэўны перыяд жыцця заўжды асацыюецца з нейкім пахам. Напрыклад, у мяне ёсць парфума юнацтва Mandarina Duck – жоўценькая і пахне мандарынкай.
Часам, калі выбіраеш парфуму ў краме і бярэш панюхаць тую, якой карысталася раней, адразу абрынаецца флёр успамінаў. У пахаў моцны эмацыйны зарад.
Каб пазбегнуць наўпроставай асацыяцыі (канкрэтны пах – канкрэтны перыяд жыцця), я стараюся перыядычна насіць розныя пахі. У мяне некалькі флаконаў парфумы, і я мяняю пах штотыдзень або падбіраю парфуму ў залежнасці ад вобразу.
«Нядаўна з Хельсінкі я прывезла маю ўлюбёную шапку ад фінскага брэнда KNCollection. Яна вельмі цёплая – гэта важна, бо ў мяне мерзнуць вушы»
Пра свопы і «Open Шкаф»
Зараз у мяне перыяд пазбаўлення ад старых рэчаў, з якімі я ўжо не асацыююся. Шмат рэчаў аддала ў KaliLaska, але яны не скончыліся. Пакуль я чакала наступны call у KaliLaska, з’явіліся своп-вечарынкі (swap-party) – выдатная магчымасць пазбавіцца рэчаў, якія выглядаюць прыстойна, аднак мне ўжо не хочацца мець з імі нічога агульнага.
Мой першы своп быў ажыятажны. У выніку я пазбавілася ўсіх сваіх рэчаў і набрала яшчэ прыблізна столькі ж. Мне казалі: «Адразу бачна, што чалавек першы раз на свопе». Другі раз на свопе ў мяне была мэта – пазбавіцца ўсіх рэчаў і не ўзяць нічога сабе. Я насамрэч пазбавілася ўсяго і ўзяла толькі адну сукенку, таму што яна была зялёнага колеру.
«Open Шкаф» – гэта ў першую чаргу пляцоўка для камунікацыі і каштоўны досвед, калі можна змяніць вугал зроку і паглядзець на сітуацыю і працэс куплі-продажу знутры. Гэта цікавы псіхалагічны трэнінг: пераацэньваеш усе свае мінулыя лукі, прызначаеш кошты рэчам, таргуешся, саступаеш ці не. Сядзіш у шмотках і жартуеш у стылі: «Дзевачкі, паглядзіце за таварам. Я адыду». Гэта вельмі весела. Кажуць, што навічкам шанцуе. На апошняй барахолцы я прадала чатырнаццаць рэчаў: з малатка пайшлі абсалютна ўсе мае вар’яцкія капелюшы з першага курса ўнівера.
Пра скандынаўскі падыход
Мне падабаецца падыход скандынаўскіх акторак і актораў: усё зводзіцца да нейкай простасці. У кожную эпоху ёсць уласныя каноны акторскай прыгожасці і фотагенічнасці. Не тое каб у мяне была нейкая ўлюбёная актрыса, аднак мне падабаецца, напрыклад, шведская акторка Алісія Вікандэр. Яна захапляе не проста прыгожым вобразам, а талентам.
Пра тых, хто натхняе
Раней мяне натхнялі выбрыкі Віўен Вэствуд. Яшчэ сачу за Хлояй Сэвіну. Яна класная акторка і ікона стылю, мае свой брэнд вопраткі. Часам я магу паэксперыментаваць у такім кірунку.
Цікава назіраць за брэндам Аляксандра МакКуіна. Яны заўжды робяць шалёныя шоу.
Мне падабаецца тое, што робіць топавы расійскі дызайнер Гоша Рубчынскі, – яго рэчы зусім edgy. Наўрад ці я буду апранацца пастаянна ў спартовы касцюм – хутчэй гэта гульні з даследаваннем ідэнтычнасці, сэксуальнасці і ўласных межаў.
«Гэты пах зачапіў, бо тут ёсць ландышавыя ноткі. У дзяцінстве ў мяне была серыя парфумы: водары бэзу, чайнай ружы і ландышаў. І, відаць, ландыш у складзе Modern Muse спрацаваў флэшбэкам – і я яго набыла»
Куратарка маркетаў і фуд-кортаў – пра ўсвядомлены выбар адзення, дрэс-код і кухонную тэхніку.
Куратарка маркетаў і фуд-кортаў – пра ўсвядомлены выбар адзення, дрэс-код і кухонную тэхніку.
Арганізатарка рэйваў – пра эйджызм у фэшн-індустрыі, дрэс-код black tie і трэнд на постапакаліптыку.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
Классные снимки, побольше бы их только